У маім наваколлі хапае людзей, якія пакутуюць ад яе. Заўсёды ім шчыра спачуваю. Зрэшты, і сама адчувала яе разавыя праявы (калі толькі падыходзіць такая фармуліроўка). Досыць непрыемна, калі раптоўна ў лесе з-за якой-небудзь расліны ці так чаго (не высветлена да гэтага часу) раптам забівала нос і ўзнікала адчуванне, што ўзнімаецца тэмпература. Але варта было толькі адысціся ад таго месца, як усё знікала, быццам і не было нічога. У нас гэта называлася – «штосьці нюхнула».
Таксама ведаю дастатковую колькасць людзей, якія згаджаліся на шматлікія тэсты. Але прычыны алергіі так і не адшукалі. Таму заўсёды трымаюць пры сабе таблеткі.
Прасцей за ўсё, калі алерген – добрая вядомы. Поўсць ката… Якога досыць аддаць каму-небудзь (але толькі не выкінуць на вуліцу!). Пыл… Старанна прыбірацца ў хаце ці кватэры, увільгатняць паветра, гуляць на вуліцы пад дажджом, калі той самы пыл прыбіваецца вадой… Цвіценне ліпы… Мёд… Прасцей, але не радасней, вядома ж. Затое «ворага» ведаеш у твар. А вось калі «вораг» нябачны…
І ўсё ж агульныя парады ад спецыялістаў таксама маюцца. Галоўнае – назіральнасць, адмова ад усяго, што па адчуваннях можа выклікаць алергічныя рэакцыі, нават калі з’есці тое «штосьці», выпіць ці зрабіць дужа хочацца. Арганізм можна і трэба пераарыентаваць на іншае. І дарослым гэта зрабіць значна прасцей, чым дзецям.
Паколькі пры алергіі часцяком закладвае нос і пяршыць у горле, ёсць сэнс нос прамываць і ўвільгатняць, а горла – паласкаць. Некаторыя раяць пасля працэдур змазваць унутраныя сценкі носа вазелінам. Вітаецца прыняцце душа, прычым прахалоднага.
А вось памытую вопратку на вуліцы, адкрытым балконе і г.д. вывешваць у перыяд актыўнага цвіцення дрэў ці раслін-алергенаў не варта: пылок можа асесці на ёй.
І праветрываць пакой, расчыніўшы акно, таксама не самая лепшая ідэя ў гэты перыяд. Кандыцыянер, вентылятар… Хаця б што-небудзь, але толькі не паветра з вуліцы…
Калі алергія на мёд, недастаткова адмовіцца ад яго спажывання ў чыстым выглядзе. Трэба ўважліва адсочваць не толькі прадукты, дзе ён можа ўтрымлівацца, але і сродкі догляду: крэм, зубная паста, шампунь… Будзьце ўважлівымі!
А вы ведаеце, што існуюць не толькі алергенныя прадукты, але і гіпаалергенныя?! І таксама важна не ўжываць першыя, але ўключаць у свой рацыён другія. А гэта – зялёны чай, курыца і ялавічына, грэцкія і міндальныя арэхі, рыба, ананас, часнок…
А памятаеце, як часта мы кажам пра чалавека, якога па пэўных прычынах лічым непрыемным: «У мяне на яго (яе) алергія»?! У кожным жарце можа быць… доля жарту.
Алергія можа ўзнікнуць, напрыклад, на пэўную парфуму, якой той чалавек шчодра абліўся… Тады толькі што і зробіш, як паспрабуеш трымацца ад яго падалей. Бо ніякага супрацьалергену ў гэтым выпадку не існуе… Пакуль будзе ўздзеянне, датуль будзе блага. Ну, толькі калі не запырскаць «парушальніка спакою» чым-небудзь іншым (жарт!)…
Дарэчы, з сярэдзіны ліпеня і да заканчэння жніўня звычайна «бушуюць» палын і лебяда. Так што асцярожней! Трымаемся далей ад зараснікаў! Але самае цікавае – гэта папярэджанне ад спецыялістаў.
Калі вы зрэагавалі на цвіценне палыну, будзьце ўважлівымі з ужываннем у ежу цытрусавых, цыкорыю, сланечніку, алею з яго, халвы, мёду… Калі не даспадобы лебяда, магчымыя алергічныя рэакцыі на буракі і шпінат. Вось так усё складана…
Таму здароўя і цярпення ўсім, хто пакутуе ад алергіі, пабольш спакойных безалергенных месяцаў у годзе! І няхай яна і надалей абыходзіць тых, хто не зведаў такіх праяваў. Беражыце сябе!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!