Як паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, трэці адмоўны вынік тэсту атрыманы ў студэнта з Ірана, які стаў першым, хто захварэў на каранавірус у нашай краіне. Яшчэ ў двух чалавек з кантактаў першага ўзроўню таксама атрыманыя адмоўныя вынікі тэстаў. Пацыенты будуць выпісаныя са стацыянара пасля завяршэння ўсіх мерапрыемстваў лабараторнага і клінічнага кантролю.
Стан усіх астатніх, у каго быў дыягнаставаны COVID-19, здавальняючы. Тэмпература нармальная, праводзяцца лабараторны кантроль і мерапрыемствы медыцынскага назірання. Усяго ў Беларусі пацверджаныя 9 выпадкаў каранавіруснай інфекцыі.
Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 9 сакавіка, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік паведаміў, што ў выходныя дні былі атрыманыя тры станоўчыя тэсты ў людзей, якія блізка кантактавалі з захварэўшымі, што вярнуліся з Італіі. Да гэтага часу яны ўжо знаходзіліся ў медыцынскіх установах, што дазволіла звесці рызыку распаўсюджвання інфекцыі да мінімуму.
Міністр адзначыў, што ўсе вынікі тэстаў праходзяць трайны кантроль ад трох незалежных вытворцаў. Гэта робіцца для таго, каб не засталося ніякіх сумненняў у дакладнасці вынікаў. Акрамя станоўчых тэстаў, падобную трайную экспертызу праходзіць і частка адмоўных вынікаў.
Калі тэст будзе станоўчым, дык на працягу сутак з гэтым чалавекам абавязкова звяжуцца. Калі на працягу гэтага часу з вамі ніхто на сувязь не выйшаў, вынік тыпавання лічыцца адмоўным, растлумачыў Уладзімір Каранік. Ён дадаў, што пад лабараторным кантролем на сёння знаходзяцца прыкладна 1200-1300 чалавек. Частка пацыентаў – у стацыянарах, частка – пад амбулаторным назіраннем.
Абмежаванні наведвання стацыянараў і правядзення планавых аперацый
Як распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан, у сувязі з тым, што зараз рэгіструецца сезонны ўздым захваральнасці на ВРІ, прыняты шэраг арганізацыйных мераў, якія тычацца абмежавання наведванняў стацыянарных устаноў аховы здароўя, а таксама выканання планавых хірургічных умяшанняў.
Таксама, адзначыла эксперт, прыпыненыя планавыя аператыўныя ўмяшанні. Выконваюцца толькі экстранныя і неадкладныя хірургічныя ўмяшанні. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік дадаў, што падобная тактыка – традыцыйная і праводзіцца штогод у перыяд уздыму вострых рэспіраторных інфекцый. Усе гэтыя мерапрыемствы неабходныя, каб пазбегнуць вялікай колькасці выпадкаў ускладненняў.
Сітуацыя ў свеце
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў, што агульная колькасць выпадкаў захворванняў на каранавірус у свеце перавысіла 100 тысяч. Разам з тым, нягледзячы на значны рост новых выпадкаў у некаторых краінах, на дадзеным этапе можна гаварыць пра тое, што ўсё яшчэ магчыма знізіць рызыку распаўсюджвання эпідэміі і нават павярнуць яе назад.
Фота з прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!