Site icon Слушна

Каму не варта даваць нырца ў палонку? Разважаем разам з доктарам

Абрад акунання ў палонку, упэўненыя медыкі, можа стаць сур'ёзным выпрабаваннем нават для здаровых людзей. Бо рэзкі перапад тэмпературы – наймацнейшы стрэс для арганізма. Пры апусканні ў ледзяную ваду адбываецца спазм сасудаў, павялічваецца частата сардэчных скарачэнняў, што можа прывесці да даволі сур'ёзных наступстваў для арганізма.

Пра тое, каму не рэкамендуецца даваць нырца ў палонку на Вадохрышча, Слушна расказаў галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па агульнай урачэбнай практыцы, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта, к.м.н., дацэнт Вадзім Сушынскі.

Каму супрацьпаказана акунацца ў палонку?

Каму супрацьпаказана акунацца ў палонку?

У першую чаргу, па словах Вадзіма Сушынскага, купанне ў палонцы супрацьпаказана людзям з хранічнымі захворваннямі, асабліва ў стадыі абвастрэння. Акрамя гэтага, з-за магчымых ускладненняў ныраць у халодную ваду не рэкамендуецца:

  • людзям з хранічнымі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі;
  • пры захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы;
  • хворым на эпілепсію;
  • калі раней былі выпадкі нават кароткачасовай страты прытомнасці.

Для дзяцей, у якіх сістэма тэрмарэгуляцыі не гатовая да такіх перагрузак, падобныя выпрабаванні будуць шкодныя, а пераахаладжэнне надыходзіць значна раней, чым у дарослых.

Для цяжарных жанчын працэдура небяспечная надыходам заўчасных родаў. Апусканне ў халодную ваду таксама можа быць небяспечна для пажылых людзей, многія з якіх маюць сур'ёзныя хранічныя захворванні.

 
Вадзім Сушынскі
Загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Пры купанні ў ледзяной вадзе магчыма пагаршэнне цячэння наяўных захворванняў або іх абвастрэнне. Гэта адносіцца да запаленчых захворванняў, хвароб суставаў, цукровага дыябету. Для кагосьці такое купанне цягне за сабой пераахаладжэнне, развіццё прастудных захворванняў. Менавіта таму, прыняўшы рашэнне акунуцца ў палонку, напярэдадні варта пракансультавацца з урачом.

Ды і рабіць гэта трэба, дадаў эксперт, толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, дзе арганізавана дзяжурства медыцынскіх работнікаў.

Што можа адбыцца з чалавекам, які без падрыхтоўкі нырнуў у палонку?

Кантакт з халоднай вадой, як гэта адбываецца пры акунанні ў купель на Вадохрышча, выклікае цэлы шэраг рэакцый арганізма. Перш за ўсё адгукаецца сардэчна-сасудзістая сістэма: назіраецца спазм сасудаў, павялічваецца частата сардэчных скарачэнняў. Усё гэта можа прывесці да развіцця парушэнняў сардэчнага рытму, гіпертанічнага крызу, вострага каранарнага сіндрому.

 
Вадзім Сушынскі
Загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Калі ж чалавек загартоўваўся, прайшоў паступовую падрыхтоўку да ўздзеяння нізкіх тэмператур, дык рэакцыя арганізма не гэтак выяўлена і, адпаведна, пагружэнне будзе больш бяспечным.

А вось з галавой ныраць у палонку спецыяліст катэгарычна не раіць. Галава з'яўляецца магутнай рэфлекторнай зонай. Акрамя гэтага, пры апусканні з галавой у ваду існуе верагоднасць пераахаладжэння. Таму пасля выхаду з вады варта хутка прасушыць валасы і надзець галаўны ўбор.

Ці трэба рыхтавацца?

Меркаванне ўрачоў адназначнае: загартоўка або паступовае пашырэнне дыяпазону магчымасцяў адаптацыі арганізма, напрыклад, да халадовых нагрузак, карысна.

Загартоўка дазволіць бяспечна перанесці такія сур'ёзныя выпрабаванні для арганізма, як акунанне ў ледзяную ваду, нават калі пры гэтым тэмпература навакольнага паветра будзе мінус 10 і нават мінус 20 градусаў.

 

 
Вадзім Сушынскі
Загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Вадохрышчанскія купанні могуць быць нават карыснымі, але толькі для чалавека, які загадзя прайшоў адмысловую падрыхтоўку – загартоўку. Купанне ў палонцы выклікае прыліў сіл і жыццёвай энергіі. Дарэчы, станоўчыя эфекты холаду выкарыстоўваюцца пры правядзенні фізіяпрацэдуры, напрыклад, крыятэрапіі.

У выпадку недамагання, пагаршэння самаадчування пасля купання варта звярнуцца да ўрача.

Правілы паводзінаў падчас вадохрышчанскіх купанняў

Як адзначыў галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н. Аляксей Часнойць, за некалькі тыдняў да купання пажадана адмовіцца ад алкаголю.

 
Аляксей Часнойць
Дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА, к.м.н.
Алкаголь негатыўна ўплывае на нашы сасуды, якія пакутуюць у першую чаргу, калі чалавек акунаецца ў халодную ваду. Але ж нават у здаровага чалавека, у якога практычна няма ніякіх захворванняў, пры ўваходжанні на моцным марозе ў халодную ваду можа адбыцца спыненне сэрца з-за спазму каранарных артэрый.

За некалькі гадзін да пагружэння ў ваду спецыяліст параіў добра паесці. Гэта забяспечыць арганізм энергіяй. Перш чым даваць нырца ў палонку, варта размяцца, напрыклад, выканаць некалькі фізічных практыкаванняў.

Не варта апускацца ў ваду з галавой, толькі па шыю. Спазм сасудаў галаўнога мозгу можа прывесці да страты прытомнасці. Пасля выхаду з вады трэба старанна выцерціся сухім махровым ручніком і надзець цёплую вопратку, а таксама выпіць гарачага чаю.

 
Аляксей Часнойць
Дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА, к.м.н.
Не варта піць алкагольныя напоі. Уяўнае адчуванне цяпла, якое дае алкаголь, праходзіць на працягу 15-20 хвілін, потым працэсы астуджэння арганізма толькі ўзмацняюцца.

Усяго на вадохрышчанскія купанні, паводле звестак Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на вадзе» (Асвод), будуць задзейнічаны 54 выратавальныя станцыі, 36 выратавальных пастоў. Чакаецца, што сёлета колькасць жадаючых акунуцца ў палонку на Вадохрышча перавысіць 160 тысяч чалавек. Ва ўсіх месцах будзе арганізавана дзяжурства, у тым ліку прадстаўнікоў праваахоўных органаў і медыцынскіх работнікаў.

Фота – Алеся Лазарава.

Exit mobile version