Раніца пазірала ў вокны. Ліпеньскі праменьчык сонца толькі пачынаў вылузвацца з-за далягляду. А котка Аліса пачала пячы аладкі. Яе аднагадовы сынок Леапольд тым часам яшчэ песціўся ў ложку.
Аліса ўсыпала са дзве шклянкі мукі ў місу, дабавіла яйка, паўшклянкі кефіру, патроху соды, солі і цукру. Добра перамяшаўшы, накрыла і паставіла, каб цеста падышло.
Прысела. Цеста пачало расці. Котка рупліва разагрэла патэльню, уліла алею і драўлянай лыжкай паклала гатовае цеста. Зменшыла на пліце полымя і пачала смажыць. Сама ж ціхенька мурлыкала – «мур-мур-р-р». Радавалася.
Падпёкся-зарумяніўся адзін бок – перавярнула аладку на другі. І так у яе спрытна атрымлівалася, што і сама не заўважыла, як на стале талерка аладак-пампушак вырасла.
Час і за малаком да суседскай кароўкі збегаць. І гарлачык ужо стаіць падрыхтаваным…
Котка і кажа свайму пестунку:
– Схадзі да суседкі, прынясі малака. Яна павінна ўжо падаіць Маліну.
– О-о-о! Глечык з малаком мне не прынесці – цяжка!
– А ты налі малако ў шклянку – і так колькі разоў сходзіш. Не будзе цяжка, паспрабуй, – раіць маці.
– А калі я зачаплюся за камень і выпушчу шклянку з рук?
– Моцна шклянку будзеш трымаць – не выслізне.
– Яшчэ сцюдзёная раса, лапкі задубеюць.
– А ты думай, каб данесці, а не каб выпусціць, – кажа Аліса. – І ўсё атрымаецца.
– Цікава: і як гэта думаць? – дурніцца Леапольд.
– А ты есці хочаш?
– А ці ж не бачыш, што схуднеў на тваіх мышах?!
– Бачу, канешне ж, бачу, гаротнік мой! – Так схуднеў, што і ўстаць не можаш. А маці і няма каму дапамагчы, – безнадзейна вымаўляе Аліса.
– Ды не! Я хачу, але не магу, – хныча каток. – Відаць, вячэра была атручаная, бо надта млосна мне.
– А ты навошта з’еў усіх трох мышэй?
– Якія там тры? Яны ж такія ма-а-ленькія, што, падалося, адна і была ўсяго.
– Калі баліць жывоцік ды лапкі сцюдзёныя, лезь на печ, сынок. Шпачок Фіў мне дапаможа.
І толькі яна прамовіла, як у акно пастукаўся сусед – шпачок. Яго новая шпакоўня акурат была звернутая на іх вокны.
– Дзень добры, спадарыня Аліса! Адчыняйце дзверы, вокны! Няхай смачны пах разносіцца па ўсім наваколлі!
– Няўжо такі смачны?
– Вельмі-вельмі! – праспяваў шпачок. – А я пакуль злётаю за пачастункам ад Маліны. Дзе посуд? Крылы ў мяне лёгкія.
– Вось гарлачык ці бітончык табе, што ямчэй. А я пакуль яечню падсмажу.
Не паспела котка яечню дасмажыць, як на стале з’явілася малако.
Аліса паставіла на стол яечню з аладкамі і запрасіла шпачка.
– Сядай, сусед, снедаць будзем.
Пачуў Лепольд запрашэнне. Расплюшчыў адно вока і раптам як крыкне:
– Мама, пачакайце! Я саскочу…
– Глядзі, сынок, не паслізніся, бо табе жывоцік яшчэ больш забаліць, – з лагоднаю ўсмешкай прамовіла котка. – Лекара трэба будзе выклікаць. Адпачні лепш. А мы пакуль з суседам, маім надзейным памочнікам, паснедаем. У нас нічога не баліць.
Каток стаіўся, прымоўк, быццам і не ён толькі што есці хацеў. Сорамна яму зрабілася.
– Аладкі сапраўды цудоўныя! А якая ў цябе яечня, суседка! Смаката! – заліваўся расчулены шпачок Фіў. – Дзякуй, вось наеўся дык наеўся! Запрашай, калі дапамога спатрэбіцца.
… Леапольд маўчаў і нават не мурлыкаў.