Як аказалася, у нашай вандроўцы, спланаванай турыстычнай кампаніяй «Адамовіч і К», першапачаткова наведванне гэтай унікальнай гістарычнай мясціны Беларусі – Крэва – не было закладзена. Толькі Залессе, Смаргонь ды Гервяты. Быў у праекце Гудагай, але яго адразу практычна знялі з парадку дня. Бо зразумела было, што пры такім кароткім светлавым дні – не паспеем...
Кіруючы з Гервятаў, не можам утрымацца, каб не зазняць вось гэта:
І няхай сабе не дужа выразна, пры значным набліжэнні. Але цікава паглядзець. Бо не думала, што апынуся так блізка...
А далей... Далей мы кіруем дахаты, назіраючы малюнак «сонца за борам жар-птушкай садзіцца». Цямнее зараз імкліва. Спачатку незаўважна падкрадаецца прыцемак, а тады – раз! І ўсё... Кіроўцу даводзіцца пільна ўглядацца ды старацца не быць аслепленым сустрэчнымі машынамі. Добра яшчэ, што з дальнім святлом ніхто практычна не балуецца...
І тут наша Юля, якая таксама падключыла на сваім тэлефоне навігатар, ціхенька так пытаецца, ці не можам мы крыху збочыць з дарогі і завярнуць у Крэва. Напачатку наш кіроўца супраць: маўляў, кожная хвіліна светлавога дня на ўліку. Юля заўважае, што крыўдна: так блізка праехаць – і не патрапіць. Я таксама падаю голас «за». Нявестка і старэйшая пляменніца маўчаць. А маўчанне, як вядома...
– Давай, вядзі! – раптам звяртаецца Ігар да Юлі.
– Я?! – не верачы свайму шчасцю перапытвае тая.
Бо Каця кіруе асноўнай дарогай па навігатару на сваім мабільным.
– Ты, ты! – пацвярджае мой брат, яе тата.
Ура! Мы едзем у Крэва! Праўда, услых нічога не сказалі, каб не спужалася тая спадарыня Удача. А час, тым не меней, няўмольна падбіраецца да шостай вечара...
Ну што вам распавесці пра Крэва?! Думаю, пры жаданні кожны сам знойдзе мора інфармацыі ў сеціве. Тым больш, што яна там ёсць. Пры сваёй любові да беларускай гісторыі я нават і думкі не дапускала, што хтосьці яшчэ (апрача моладзі, зразумела) не чуў пра Крэўскі замак. А дакладней – пра яго руіны. І пра тыя падзеі, якія там адбываліся. Значныя для нашай краіны ва ўсе часы. Але ж...
Змясціла гэтую фотку ў сацыяльных сетках і... лаўлю пытанне ад аднакласніцы. Маўляў, дзе гэта я?! З такім гонарам пішу: «Наша беларускае КРЭВА!!!» У невялікім здзіўленні, што гэтае месца можна не пазнаць. І атрымліваю наступнае пытанне: «А што гэта – Крэва?!» Упс... Давялося дасылаць адну са спасылак.
А вы ведаеце, што такое КРЭВА? Ці былі там? Вельмі раю... Пакуль не ўсе камяні яшчэ асыпаліся. Калі ў літаральным сэнсе можна дакрануцца да (мурашкі па скуры!!!) 14-га стагоддзя!
Менавіта тады, па гістарычных сведчаннях, па загаду вялікага князя літоўскага Альгерда і быў пабудаваны мураваны Крэўскі замак. І самая вядомая падзея, пра якую ведаюць усе прыхільнікі беларускай гісторыі (астатнія таксама маглі пра тое чуць!), што адбылася ў гэтых сценах, – заключэнне ў 1385 годзе Крэўскай уніі. Вялікае Княства Літоўскае + Рэч Паспалітая... Вялікі князь літоўскі Ягайла ажаніўся з каралевай польскай Ядвігай і зрабіўся польскім каралём.
І як жа тут ні прыгадаць спектакль «Князь Вітаўт» па п’есе Аляксея Дударава. У свой час як пераможцы віктарыны «Спадчына» пашчасціла пабываць на яго паказе. Сказаць, што ўразіў, – не сказаць нічога! Да глыбіні душы!
Запамінальнай сталася і наша сустрэча з тагачасным дырэктарам Купалаўскага тэатра Генадзем Давыдзькам і акцёрам Аляксандрам Гарцуевым. Вярталася дахаты ўзрушанай. Што і вылілася ў верш:
У тэатры прэм'ера... Значыць, поўная зала
І ўдзячныя вочы яе гледачоў.
У тэатры «Князь Вітаўт»... Закаханая пара
У купальскую ночку сустрэнецца зноў.
Затрымайся, імгненне! У душы захавайся!
І збалелае сэрца суціш, супакой...
Ты сівой даўніны, беларус, не цурайся,
Тут са сцэны яна пагамоніць з табой.
Стрэнуць зноўку цябе слаўны Вітаўт, Ягайла,
Прыгажуня Алена ахвяруе сабой...
І нябачная лёгкая фея Кахання
Дакранецца пяшчотнай жаночай рукой.
О, мінулага постаці! Не адыходзьце!
Вашай мудрасці сёння нам так не стае!
У легендах да нас на спатканне прыходзьце.
Як душу зберагчы? Навучыце мяне...
Зноў Любоў пераможа і нянавісць, і здраду,
Пераможа няўмольнага часу хаду...
І Ягайла пачуе ксяндзову параду,
Вітаўт-князь адвядзе ад краіны бяду.
Брат не пойдзе на брата, Княства – супраць Кароны...
І яшчэ шмат стагоддзяў Радзіме квітнець!
Хай чужынцы не шлюць векавыя праклёны:
Незалежнасць заўжды Беларусь будзе мець.
І адчуем мы гонар за краіну святую,
Да купалаўцаў у госці завітаем не раз,
Каб запоўніць у сэрцы мясцінку пустую.
... У тэатры «Князь Вітаўт»... Прэм'ерны паказ.
Не ведаю, як жылося Ягайлу пасля таго, як па яго загаду ў барацьбе за ўладу, зразумела ж, быў задушаны вялікі князь літоўскі Кейстут. Яго дзядзька. О, часы! О, норавы! І здарылася гэтая чорная справа якраз у Крэўскім замку. Дык чаму б і не быць тут прывідам ды зданям?! А па сцвярджэнні мясцовых жыхароў, на руінах сапраўды штосьці і чулі, і бачылі... Так што ўночы лепей паблізу не хадзіць.
Але мы нават і не думалі пра гэта, калі ішлі амаль а шостай вечара ў прыцемках ужо вакол адзінай вялікай сцяны, каб патрапіць на ўлюбёнае месца. Зноўку акінуць вокам тое, што не пашкадавалі шматлікія захопнікі-разбуральнікі і няўмольны час, ды сфатаграфавацца на руінах, абавязкова дакрануўшыся рукой да камянёў 14-га стагоддзя.
Так, улюбёнае! Бо гэта мой другі прыезд сюды. Першы адбыўся з турыстычнай групай улетку 2002-га года. Усё ж добрыя рэчы раней былі! Папяровыя фотаздымкі і фотаальбомы з магчымасцю занатаваць час і месца, дзе зроблена фота...
Вось гэтым – крыху больш за 17 гадоў...
І вось я зноў практычна на тым жа месцы фатаграфуюся. Добра, што выцягвае начны рэжым смартфона наваколле! А ў маёй пляменніцы Юлі не дрыжаць рукі, бо асаблівасць рэжыму – пэўны час трымаць смартфон зусім нерухома. Нават пасля таго, як спрацуе камера з успышкай.
– А калісьці ж тут была падлога, хадзілі людзі, стаяла мэбля, – задуменна кажа Юля, пазіраючы ўніз.
А я, па шчырасці, не магу сабе ўявіць цэлага замка. Ён так даўно ў руінах, што здаецца, цэлага ніколі і не ўзводзілася... А які ж ён быў прыгожы! Мяркуючы па фота, знойдзенаму ў сеціве.
Бо нават знаны мастак Напалеон Орда, дзякуючы няўрымслівасці і неабыякавасці якога да нашых дзён дайшлі замалёўкі многіх гістарычных пабудоў, занатаваў таксама руіны... І нават не ведаю, што больш крыўдна: бачыць цэлую пабудову і яе разбурэнне ці магчымасць не бачыць цэлага ніколі...
Пазней руіны Крэўскага замка замаляваў таксама і Язэп Драздовіч – знаны беларускі археолаг, скульптар, мастак, этнограф, пісьменнік, педагог. Зрэшты, на малюнку ўсё пазначана: калі, што і хто...
...Ну, а нас настолькі падціскае ўжо час, што мы з Юляй, як тыя, хто забавіўся на руінах апошнімі, накіроўваемся да аўтамабільнай стаянкі бегма... Эх, нам бы тых коней з ранейшых стагоддзяў! 🙂
Дарэчы, у прыцемках ужо, наблізіўшыся да замка, застаём яшчэ гандляроў магніцікамі. Праўда, яны напалову склаліся, але мы паспяваем выхапіць сабе тое, на што вока легла.
У мяне – вось гэта:
Праўда, у адрозненне ад магніта з Гервятаў (абяцала ж тады расказаць), дзе сам магніт прыцягнуўся да халадзільніка моцна, тут два маленькія магніцікі і зусім не трымалі даволі важкі кавалачак дрэва... На шчасце, быў у мяне адзін вольны магніт пабольш, ад якога адклеіўся верх. Да яго і прыладзіла...
Дахаты вярнуліся на пачатку дзявятай вечара. Як добра, што даехалі практычна без праблем, хаця і пад морассю. Незабыўныя ўражанні! Цяпер у чаканні чарговай вандроўкі з турыстычнай кампаніяй «Адамовіч і К»! 🙂 А папросту – сям’ёй брата на яго машыне...
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.