У Беларусі каля тысячы крыніц. Адна з іх знаходзіцца… у Мінску. Сёння каля бювета ў Вяснянскім парку заўсёды людна, а калісьці, больш за чатыраста гадоў таму, да крыніцы каля храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы было пяць вёрст шляху ад Мінска, а вакол рассцілаліся толькі пакосы.
Крупецкая крыніца, якая знаходзіцца там, вядома шмат каму, а вось як яна стала святой і якім чынам каля яе з’явіўся храм, ведаюць далёка не ўсе.
Як дабрацца?
Пабываць тут варта хаця б дзеля таго, каб усвядоміць, наколькі разросся Мінск за апошнія чатыры стагоддзі. Бо тое, што калісьці было пакосам, стала праспектам Пераможцаў, 82, і дабірацца сюды на кані ўздоўж ракі ўжо не трэба — падыдзе адзін з гарадскіх аўтобусных ці тралейбусных маршрутаў.
У мінскім мікрараёне Вяснянка на тэрыторыі былога маёнтка Крупцы, непадалёк ад Пакроўскага сабора, паблізу прыпынку грамадскага транспарту «Крупцы», пад паветкай-каплічкай бруіцца крыніца. Пры будаўніцтве сучасных аб’ектаў у Мінску яна знікала і змяняла сваё месцазнаходжанне. Раней, калі верыць згадкам у прэсе, яна месцілася непасрэдна каля храма.
Паводле падання, тут з-пад каменя пад узгоркам здаўна біла крынічка, а ў 1612 годзе на ёй аб’явіўся абраз Божай Маці. Кажуць, што ён быў пісаны на кіпарысавай дошцы памерам 71 на 53 сантыметры. У той жа год над крыніцай пабудавалі драўляную каплічку і змясцілі там незвычайны абраз, які займеў славу цудадзейнага і стаў называцца Крупецкім.
Не шкадавалі для яго і срэбра — неўзабаве абраз быў укаранаваны і забраны ў срэбную рызу. З таго часу мясцовыя вернікі ўшаноўвалі крыніцу і абраз, прасілі ў іх дапамогі і абароны.
У народзе казалі, што вада з крыніцы дапамагае ад розных хвароб, але асабліва лекуе вочы. Тым не менш, бывалі выпадкі, калі пасля шчырай малітвы ад той вады нават безнадзейна хворыя і нямоглыя вярталіся да жыцця. Прытым, найбольш дзейснай вада лічылася менавіта ў першую маладзіковую нядзелю.
Каплічка належала Уваскрасенскаму ўніяцкаму храму, а ў 1839 годзе яна была прылічаная да Мінскага праваслаўнага Кацярынінскага сабору. У 1856 годзе па ініцыятыве мінскага губернатара Шклярэвіча замест струхнелай каплічкі было вырашана ўзвесці храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
У ліпені таго ж года адбылася ўрачыстая закладка храма. Як сведчаць архіўныя крыніцы, па заканчэнні царкоўнай службы купец Свешнікаў пад адкрытым небам наладзіў багаты сняданак. Сталы былі расстаўлены на 6 сажняў (сажань 1,82 м), пакрытыя бялюткімі абрусамі. Ніжнім чынам мінскага гарнізона, «якія прыбылі сюды для парада, па распараджэнні камандавання было адпушчана 5 вёдзер гарэлкі і 200 фунтавых (фунт 0,45 кг) белых булак».
Храм узводзіўся на ўсенародныя ахвяраванні. Купец Аляксандр Свешнікаў, ён жа стараста сабора, падараваў новую рызу для знакамітага абраза. З таго часу ён займеў вянок з каштоўных камянёў. Абраз настолькі масава ўшаноўвалі, што Пакроўскі храм будавалі не толькі праваслаўныя, але і католікі.
Матэрыялы для будаўніцтва падвозілі габрэі і мінскія татары. У 1857 годзе паўстала новая царква ў гонар Покрыва Прасвятой Багародзіцы. У новым храме каля ўваходу з левага боку змясцілі цудатворны абраз, які ўжо быў у залатым кіёце. Цяпер найбольш масава паломнікі ішлі сюды на Пакроў –– храмавае свята, якое прыпадае на 14 кастрычніка. Усё наваколле было застаўленае вазамі, ехалі здалёк.
Паколькі службы ў Крупцах адбываліся толькі летам, то з 1884 года ўрачыстым хрэсным ходам пасля Пакрова цудатворны абраз пераносілі ў царкву на Архіерэйскім падвор’і каля гарадскога сада. Там яму пакланяліся да вясновага свята Мікалая і 19 мая хрэсным ходам вярталі на лета ў Крупцы.
Цікава, што Крупецкі абраз быў галоўнай святыняй у дні святкавання 100-годдзя мінскай епархіі. Менавіта перад ім у красавіку 1893 года ў кафедральным саборы адбылася святочная Літургія. Пасля хросным ходам абраз быў прынесены на раку Свіслач для здзяйснення ўрачыстага вадасвятнага малебна.
Святая крыніца каля вёскі Лешна
З архіўных крыніц вядома, што Крупецкі абраз Божай Маці ў тыя дні неслі восем чалавек: чацвёра з аднаго боку і чацвёра — з другога. На пастаменце. Ён быў упрыгожаны жывымі кветкамі. Урачыста спяваў хор. Неслі харугвы. Святары ў святочных строях суправаджалі шэсце. Па ўсім шляху хроснага ходу людзі кленчылі, некаторыя трымалі над сабою малых дзяцей. І па-над імі праносілі абраз.
З усёй Беларусі з’язджаліся гандляры, ладзілі вялікі кірмаш, які цягнуўся ў бок Ждановічаў. У царкве абраз урачыста ўзнімалі па цэнтры і служылі Літургію. Храм быў у палову цяперашняга катэдральнага сабора, прасторны, з добрай акустыкай. Пасля службы бралі ваду каля вялікага валуна перад царквой. Людзей з’язджалася вельмі шмат з Мінска і бліжэйшых вёсак. Згадвалі, што некаторыя паломнікі прыходзілі пешшу ажно з Кіева.
У 1924 годзе Пакроўскую царкву ў Крупцах зачынілі, а на наступны год побач пабудавалі завод. У 1936 годзе царкву разбурылі. Затым была знішчана Крыжовая царква на архірэйскім падвор’і, дзе зімой захоўваўся абраз. На яе месцы ўзвялі дом Чырвоная арміі (Дом афіцэраў). Куды дзеўся крупецкі абраз дагэтуль невядома.
Пасля разбурэння храма ў Крупцах крыніца захавалася, да яе працягвалі ездзіць вернікі, здымалі жыллё і хадзілі прамываць вочы. Прабіраліся патаемна, на развілках дрэў ставілі свечкі. Адзін мясцовы стары кожную раніцу прачышчаў крынічку, якую пастаянна апаганьвалі ваяўнічыя атэісты. Захаваліся звесткі пра шанаванне гэтага месца і пасля Другой сусветнай вайны, пра шматлікія выпадкі ацалення.
Неяк сын прывёз да крыніцы невідушчую маці. Жанчына прамыла іх раз, другі, трэці. І кажа: «Сынок, я бачу святло». Наведваліся яны сюды да таго часу, пакуль жанчына цалкам не паправілася. Казалі яшчэ, што пасля купання ў крыніцы вылечылася ад паралюшу дзіця. А сёння можна пачуць: калі маладыя пап’юць з крыніцы вады, іх сямейнае жыццё будзе шчаслівым.
У 1960-я гады пры пракладцы паркавай магістралі крынічку знішчылі. З 1972 г. вёска Крупцы ўвайшла ў склад Мінска. У 1992 г. члены праваслаўнага брацтва ў імя Архістраціга Божага Міхаіла Мінскай Епархіі адшукалі месца крыніцы і аднавілі яе. Тут пабудавалі каплічку і царкву, паставілі двухметровы васьміканцовы крыж.
Святая крыніца і камень-следавік на Камянеччыне
Арыгінальны цудатворны абраз Крупецкай Божай Маці так і не быў знойдзены. Існуе шмат яго спісаў (копій), якія знаходзяцца не толькі ў храмах Беларусі, але і за мяжой. Нават спісы абразоў могуць быць цудатворнымі! Адна з копій цудатворнага абраза Крупецкай Божай Маці сярэдзіны XVII стагоддзя захоўваецца сёння ў мінскім Кафедральным Саборы. Спіс жа абраза, які зараз знаходзіцца ў Свята-Пакроўскім храме, адносіцца да пачатку XIX стагоддзя. У Крупецкай царкве ёсць яшчэ адна копія абраза — сучасная.
Цяпер у Крупцах функцыянуе паўнавартасны храмавы комплекс з адміністрацыйным корпусам, гасцявой часткай для паломнікаў, званіцай, падворкам і, вядома, святой крыніцай. Госці сюды прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Тут дапамагаюць прытулкам, хоспісам і бальніцам, вядуць перапіску са зняволенымі, наведваюць інвалідаў, праводзяць канферэнцыі, выдаюць літаратуру, прымаюць паломнікаў і не спыняюцца на дасягнутым.