Маленькая вёска пад назвай Вітаўка ў Дзяржынскім раёне Міншчыны даўно славіцца сваёй цудадзейнай крыніцай, дзе на працягу ўсяго года тэмпература вады +9°C. Вада добра лекуе сардэчна-сасудзістыя захворванні, хваробы вачэй, суглобаў (суставаў) і ног.
Пакаранне Віта
У пачатку ХХ ст. пра гэтыя мясціны беларускі пісьменнік, паэт і мастак Карусь Каганец запісаў старажытнае народнае паданне. Згодна яму, тут жыў багаты князь Віт са сваёй дачкою. Вакол ягонага маёнтка месціліся непраходныя гушчары і топкія балоты. Усё было ціха і спакойна.
Але аднойчы ўначы прачнуўся Віт ад дзіўнага голасу: «Віт, Віт! Бяры стрэльбу і палі па ворагах, а то забяруць дачку!» Выйшаў ён на ганак, а ў двары ўжо шмат шведскіх марадзёраў. Ад сполаху князь пачаў страляць. Сярод шведаў пачалася паніка, і яны разбегліся па балотах. Там і загінулі ў багне.
Каб аддзячыць Богу за сваё выратаванне, Віт пабудаваў каменны храм. Але мінуў час, князь забыў пра Божую міласць і цудадзейны ратунак ды здзейсніў нейкі страшэнны грэх. І такі цяжкі, што нават зямля затрэслася і паглынула ўсё багацце Віта разам з храмам.
Праз некаторы час людзі выявілі, што на месцы, дзе раней стаяла царква, забруіла чысцюткая крынічка. А побач з ёй знайшлі разьбяную выяву Збаўцы. Мясцовыя людзі, якія хаваліся ад ворагаў у тутэйшых лясах і балотах, часта ўжывалі гэтую чыстую ваду.
Пазней яны высветлілі: вада валодае цудадзейнымі якасцямі і лекуе многія хваробы. Тады каля крыніцы паставілі крыж, а потым і невялічкую цэркаўку. Праз стагоддзе мясцовы пан замест старой святыні ўзвёў новы храм і змясціў там драўляную скульптуру Ісуса Хрыста, якую ў народзе пачалі лічыць цудадзейнай.
Бясконцая плынь вернікаў розных хрысціянскіх канфесій пацягнулася да гэтага святога месца. Было заўважана, што больш за ўсё вада з крынічкі дапамагае хворым на вочы і суглобы (суставы). Калі бралі ваду з крыніцы, то каля скульптуры складалі грошы, лён, палатно, воўну.
Так апавядае старажытнае паданне. Яно пацвярджаецца шматлікімі гістарычнымі сведчаннямі. З’яўленне шведскіх жаўнераў у гэтых краях, хутчэй за ўсё, звязанае з адгалоскамі падзей сярэдзіны XVII і пачатку XVIII стагоддзяў, у часы шведска-польскай і Паўночнай войнаў.
Непераможная крыніца
У 1868 годзе тут узводзяць новы Спаса-Праабражэнскі храм. Побач будуюць званіцу, а над крыніцай – дубовы зруб. Царкву асвячаюць па праваслаўнаму абраду на Уздзвіжанне. На ўрачыстасць збіраецца каля 15 тысяч чалавек. Слава пра крыніцу распаўсюджваецца ўсё шырэй і шырэй, усё больш людзей вераць, што вада дапамагае ў пэўныя сакральныя дні. Цяпер сюды паломнікі найчасцей пачынаюць хадзіць менавіта на Уздзвіжанне, а таксама на Вялікдзень. Як плату за лячэнне, грошы кідалі ў калодзеж.
У цяжкія часы 1930-х гадоў, часы ваяўнічага атэізму, новыя ўлады расстралялі святара вітаўскага храма, сам храм зачынілі і разабралі яго для будаўніцтва клуба ў суседняй вёсцы Чаркасы. Іконы і царкоўныя рэчы спалілі, а крынічку замуравалі ў бетон.
Але яна неўзабаве зноў прабілася з-пад зямлі, і гэтая вестка хутка абляцела ўсё наваколле. Паломнікі пачалі патаемна хадзіць да вады, а некаторыя нават паўзлі да яе на каленях.
Аднаўленне месца сілы
Прайшло больш чым паўстагоддзя, і ў вітаўскай крыніцы пачалося новае жыццё. Намаганнямі жыхароў Вітаўкі, Чаркасаў і другіх навакольных вёсак пачалі адраджаць Святыню. Спачатку крыніца была ачышчаная і прыведзеная ў прыстойны выгляд. Для таго, каб было зручней падысці да яе, быў пабудаваны мост.
Потым на крыніцы ўсталявалі дубовы крыж і калодзеж, а затым і дабротную купель, куды вада цячэ па дубоваму жолабу. Паставілі і скрыначку для ахвяраванняў, якія забіраюць на патрэбы царквы.
Крынічка з кожным месяцам набірала былую папулярнасць. Але, як вядома, гэта прыцягвае не толькі добрых паломнікаў, але і злодзеяў. Двойчы на Вялікдзень, у 2006 і 2011 гадах, тут здарылася бяда. Нейкія прышлыя вандалы пашкодзілі зруб і жолаб, а таксама ўскрылі скарбонку. Людзі ўсё аднавілі. Цяпер на палянцы каля крыніцы апроч крыжа стаіць і часовая каплічка ў вагончыку, а ў вёсцы Чаркасы будуецца вялікі храм (падзеі апісваюць 2017 год).
Сёння да крыніцы ідуць і едуць не толькі з наваколля, але і з замежжа. У купелі акунаюцца летам і зімой. Людзі ідуць да Святой Крыніцы са сваімі нягодамі і хваробамі, а сыходзяць адтуль з надзеяй на ацаленне.
Расказваюць шматлікія гісторыі выздараўлення пасля наведвання крыніцы: адны вылечылі артрыт, другія – хваробы хрыбетніка, трэція – сардэчныя хваробы.
Як дабрацца да святой крыніцы?
Калі выязджаць з Мінска, трэба кіравацца на Брэсцкую трасу і ехаць увесь час наўпрост. Справа будзе паказальнік павароту на кар’ер Чаркасы.
Праз 100-200 метраў – паказальнік на вёску Чаркасы. Паварочваеце направа – і, нікуды не зварочваючы, уязджаеце ў вёску. Наперадзе – канец асфальтавай дарогі і паказальнік павароту на вёску Вязынка.
Паварочваеце налева і па грунтовай дарозе едзьце наўпрост да паказальніка на Вітаўку. Праз 50 метраў вы ўбачыце паказальнік на святую крыніцу і невялікую стаянку.
Фота забяспечанае аўтарамі і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.