Site icon Слушна

Давайце даруем крыўды! Бо сёння – дзень такі…

Дзень, па маім уласным меркаванні, адмысловы, кімсьці калісьці прыдуманы нездарма. І гэта – Дзень без крыўдаў! Не блытаць з Даравальнай нядзеляй, якой звычайна заканчваецца Масленічны тыдзень! 🙂 Ну што, паспрабуем пражыць цэлы дзень без крыўдаў?! А заадно і даруем крыўдзіцелям нашым… Каб самім зрабілася лёгка і прыемна на душы.

Крыўды. Уменне мірыцца.

А як часта вы крыўдуеце? Альбо вам увесь час здаецца, што блізкія людзі вас наўмысна ці ненаўмысна крыўдзяць? І ўвогуле, вы чалавек крыўдлівы, помслівы? Мне ў сувязі з гэтым звычайна прыгадваецца вядомае: «Пакрыўдзіць мастака можа кожны…» Альбо прыкол, агучаны Мікалаем Фаменкам: «Я зла не памятаю… Адпомшчу і забудуся…» 🙂 А крыўды ж адмоўным чынам уплываюць найперш на здароўе…

Што такое крыўда? Гэта несупадзенне чаканняў і таго, што адбываецца насамрэч. Вось чаму і кажуць многія спецыялісты: трэба марыць, але меру ведаць. А то наўяўляем сабе таго, чаго не можа быць у прынцыпе…  І тады… Расчараванні, слёзы, крыўды, стрэс… Вось яно таго вартае?!

А многія крыўды маглі б і не здарыцца, калі б мы ўмелі стасавацца, размаўляць, распавядаць пра свае жаданні, а не чакаць, што хтосьці пра іх здагадаецца. Бо вельмі складана настроіцца на хвалю іншага чалавека настолькі, каб прачытаць усе яго думкі. Ну пагадзіцеся! Гэта проста нерэальна…

Хочаце, каб муж дапамог на кухні замест утульнага валяння на канапе? Скажыце яму пра гэта! Крыўдзіць якоесьці канкрэтнае слова, параўнанне, вобраз? Папрасіце яго больш не ўжываць у дачыненні да вас.

Не ацэньваюць як след на працы?! А вы ўпэўненыя, што начальства ведае пра ўвесь аб’ём таго, што вы насамрэч робіце?! Ці ваш разлік на тое, што «самі прапануюць і самі ўсё дадуць»?! Гэта таксама з вобласці фантастыкі найчасцей… Бо самы ўважлівы чалавек, які здольны ўсё правільна зразумець і ацаніць, гэта… вы самі! Таму… Гаварыце пра сябе! Не саромцеся!

Калі мы доўга крыўдуем на кагосьці, дык часцяком адчуваем, быццам сапраўды камень на сэрцы ляжыць. Вялікі і цяжкі. А гэта – найкарацейшы шлях да сардэчна-сасудзістых захворванняў, праблемаў з артэрыяльным ціскам ды іншым…

Ад крыўдаў баліць галава, можа ўзнікнуць спазм сасудаў. І больш сур’ёзныя захворванні могуць развіцца таксама з банальнай крыўды, з прывычкі крыўдаваць часта, з любой, самай дробнай нагоды, крыўдаваць «са смакам»…

Не, вядома ж, калі парушаныя вашыя прынцыпы альбо вас проста абазвалі, паслалі па вядомым адрасе… Ну як тут не пакрыўдзіцца?! Гэта ж першая непадкантрольная нават рэакцыя арганізма… Галоўнае – надоўга не завязнуць у пачуцці крыўды, як муха ў… 🙂 Лепей таго крыўдзіцеля… пашкадаваць. Відаць, нясоладка яму (ёй) жывецца, калі самасцвярджаецца за ваш кошт.

Так, парады даваць, вядома ж, лягчэй. А я сама, як усе, магу і крыўдаваць, і крыўдзіць. Але апошняе часцей усё ж ненаўмысна. А папрасіць прабачэння тады ой як цяжка… Словы проста з языка не ідуць. Праўда?! Затое калі ўсё ж пераадолееш сябе і гэта зробіш… Як жа тады лёгка і прыемна на душы!

А яшчэ я хачу пераказаць вам, шаноўныя сябры, адну прытчу, прачытаную зусім нядаўна. Па тэме.

«Аднойчы вучань прыйшоў да настаўніка. Ён спытаўся, чаму той заўсёды спакойны, у добрым настроі, ніколі не крыўдзіцца.

–  Я таксама хачу навучыцца жыць і не трымаць у сабе крыўды, – сказаў вучань.

Настаўнік пагадзіўся дапамагчы.

– Штораз, калі ты пакрыўдзішся, вазьмі бульбіну, – сказаў настаўнік. – Напішы на ёй імя крыўдзіцеля, пакладзі ў пакет, а пакет насі з сабой.

Вучань так і зрабіў. Калі хтосьці быў да яго несправядлівым і ў грудзях паліла ад прыніжэння, вучань браў бульбіну і апускаў у пакет. Неўзабаве пакет зрабіўся цяжкім. Бульба пачала псавацца, пакрывацца сліззю, дрэнна пахнуць. Тады вучань прыйшоў да настаўніка і сказаў, што спосаб не працуе.

– Трэба замяніць бульбу на штосьці іншае, лёгкае і прыемнае, – прапанаваў ён.

Настаўнік усміхнуўся.

– Твой смуродны пакет – тое, што адбываецца ў цябе ў душы. Спачатку ты не заўважаеш цяжару крыўдаў, але яны назапашваюцца. Гнілата раз'ядае душу. Мяняецца характар, пагаршаецца здароўе, табе цяжка.

Ты бачыў, як выглядаюць крыўды збоку. Цяпер штораз, калі вырашыш пакрыўдзіцца, падумай, ці хочаш насіць гэта ў сабе».

Так што… Адпускаем крыўды! Даруем крыўдзіцелям… І давайце паспрабуем хаця б сёння не крыўдзіць і не крыўдаваць. А затым гэта, магчыма, станецца цалкам звыклым і натуральным.

Ну, а хто мае лёгкі характар і крыўдаваць зусім не ўмее… Гэта проста выдатна! Але я ведаю толькі аднаго чалавека, які гэта дэкларуе… Што ён не крыўдзіцца і не раўнуе! 🙂

Exit mobile version