Site icon Слушна

Хто дапаможа сем’ям з цяжкахворымі родзічамі. Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Сем'ям, у якіх ёсць цяжкахворы родзіч, абавязкова трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН).

Сёння ў краіне дзейнічае 146 такіх устаноў. Яны прадастаўляюць паслугі сядзелкі па прымальных цэнах, дапамогу сацыяльных работнікаў на даму, сацыяльнае таксі. Тут вам раскажуць, якімі сродкамі рэабілітацыі могуць скарыстацца цяжкахворыя людзі і якую дапамогу ў іх набыцці аказвае дзяржава.

Пра асноўныя віды дапамогі распавяла дырэктар ТЦСАН Партызанскага раёна горада Мінска Алена Канаплёва.

Дапамога на даму цяжкахворым

– Аб'ём і пералік паслуг, якія аказваюць ТЦСАН, залежыць ад функцыянальнага класа самаабслугоўвання і перамяшчэння чалавека, што вызначаецца ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй. Цяжкахворыя ляжачыя людзі, якім, як правіла, ставяць 4-ы функцыянальны клас (ФК 4), маюць права на вялікі пералік паслуг, у тым ліку на паслугі сядзелкі. Яна можа прыходзіць на некалькі гадзін у дзень, а таксама аказваць дапамогу кругласутачна. Усё залежыць ад фінансавых магчымасцяў сям'і, а таксама магчымасцяў ТЦСАН. У Мінску, напрыклад, паслугі сядзелкі ў буднія дні каштуюць 2 рублі ў гадзіну ў працоўны час і 3,58 рубля – у начны (з 22.00 да 6.00).

Дапамога на даму - Беларусь

У выхадныя і святочныя дні тарыф даражэй – 4,44 рубля за гадзіну. Пры кругласутачным доглядзе аплата працы сядзелкі складзе ў сярэднім 1500 рублёў у месяц. Зразумела, што не ўсім гэта па кішэні. Таму часцей за ўсё людзі робяць так: бяруць дапамогу сацыяльнага работніка, які, напрыклад, прыходзіць раніцай, гатуе ежу, ходзіць у краму, купляе лекі, а ў абедзенны час заказваюць паслугі сядзелкі на некалькі гадзін, альбо наадварот. Усё вырашаецца індывідуальна. У дагаворы можна прапісаць колькасць паслуг сацработніка на даму. Іх кошт у нашым цэнтры – 48 капеек у гадзіну. Калі пенсія чалавека не перавышае памер бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ, на 4 снежня 2018 года складае 214,21 бел.руб.) і ў яго няма родных, дык паслугі прадастаўляюцца бясплатна. Калі памер пенсіі не перавышае 200% БПМ, тады чалавек аплачвае 60% гэтага кошту.

Паслугі сядзелкі і сацыяльнага работніка прадастаўляюцца грамадзянам незалежна ад таго, пражываюць яны адны або сумесна з родзічамі. Але толькі ў тым выпадку, калі не аформлена дапамога па догляду цяжкахворага. А калі хто-небудзь з родзічаў або старонніх людзей гэтую дапамогу атрымлівае, сям'я губляе права на паслугі ТЦСАН. Такім чынам, цэнтры дапамагаюць сем'ям, дзе родныя працягваюць працаваць і маюць патрэбу ў дапамозе для сваіх хворых родзічаў.

Аддзяленні дзённага знаходжання

– Каб чалавек не заставаўся ўвесь час дома, мог мець стасункі і развівацца, у ТЦСАН дзейнічаюць аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых грамадзян.

Сёння на базе аддзяленняў для пажылых некаторыя цэнтры могуць аказваць дапамогу сем'ям, дзе ў родных адзначаюцца кагнітыўныя парушэнні. Да прыкладу, у нашым цэнтры ў такія аддзяленні могуць прыходзіць людзі, старэйшыя за 70 гадоў з псіхічнымі расстройствамі і дэменцыяй лёгкай ступені выяўленасці (ФК 2-ФК 4). Нашы супрацоўнікі праводзяць з імі заняткі па прафілактыцы пагаршэння цячэння захворвання, працатэрапію, ажыццяўляюць дзённы нагляд.

Паслугі ў перамяшчэнні

– Інвалідам I і II гр. па зроку і з парушэннямі апорна-рухальнага апарату прадастаўляюцца паслугі памочніка па суправаджэнні. Ён можа дапамагчы чалавеку дайсці ад дома да патрэбнага месца, знайсці патрэбную інфармацыю і г.д.

Таксама цэнтры прадастаўляюць паслугі сацыяльнага таксі.

Гэта бясплатна для інвалідаў I гр., інвалідаў-калясачнікаў, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, непрацуючых інвалідаў II гр., якія старэйшыя за 70 гадоў і чый памер пенсіі не перавышае 1,5 БПМ.

Калі ж пенсія апошніх вышэй гэтага паказчыка, тады сацыяльнае таксі прадастаўляецца платна – 15% базавай велічыні (базавая велічыня на 4 снежня 2018 г. – 24,5 бел.руб.).

Сацыяльнае таксі падвозіць людзей ва ўстановы аховы здароўя і рэабілітацыйныя цэнтры, аптэкі, крамы, службы быту, ва ўстановы адукацыі. Як правіла, колькасць такіх паездак абмежаваная. Без абмежаванняў сацыяльнае таксі падвозіць ва ўстановы аховы здароўя для правядзення гемадыялізу, а таксама ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў цэнтраў (для тых, хто пастаянна наведвае аддзяленні на ўмовах дагавора).

Фінансавая дапамога

– Заканадаўствам прадугледжана пакрыццё фактычных выдаткаў на набыццё падгузнікаў і ўралагічных пракладак для інвалідаў I гр., якія маюць заключэнне УКК аб неабходнасці такіх сродкаў гігіены. Для гэтага трэба звярнуцца ў службу «адно акно», а ТЦСАН ужо будзе займацца зборам дакументаў.

ТЦСАН таксама могуць аказваць матэрыяльную дапамогу з фонду сацыяльнай абароны. Любы непрацуючы пенсіянер, у тым ліку непрацуючыя інваліды I-III гр., якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, могуць звярнуцца з заявай і ў адвольнай форме апісаць сутнасць праблемы.

Да прыкладу, чалавек пратэзаваў каленны сустаў і выдаткаваў вялікую суму грошай, а яму яшчэ трэба аплачваць рэабілітацыю. У гэтым выпадку да заявы можна прыкласці эпікрызы, чэкі на лекі.

На ўзроўні раёна цэнтр можа выдзяліць дапамогу ў памеры БПМ. Калі камісія палічыць, што гэтага мала, тады цэнтр можа напісаць хадайніцтва на большую суму. Такую дапамогу можна атрымаць адзін раз на год. Даход чалавека пры гэтым не мае значэння.

Сродкі рэабілітацыі

– Пэўныя катэгорыі грамадзян забяспечваюцца тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі на льготнай аснове (Пастанова Савета Міністраў ад 11.12.2007 года № 1722). Гэта вялікі спіс: ад розных поручняў і хадунков да катэтараў, зондаў і апарата для штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Частку сродкаў рэабілітацыі грамадзяне атрымліваюць у тэрытарыяльных цэнтрах, частку – ва ўстановах аховы здароўя і на пратэзным заводзе. У гэтым пераліку, дарэчы, ёсць і супрацьпролежны вібруючы матрац, актуальны для ляжачых хворых. Да прыкладу, інвалід I гр. мае права атрымаць такі матрац за палову кошту (на 27.11.2018 г. гэта каля 150 бел.руб.).

Сацыяльная перадышка

– Сёння ў сем'яў з'явілася магчымасць сацыяльнай перадышкі – родных на месяц можна змясціць у дамы-інтэрнаты, дзе за імі будзе забяспечаны нагляд і догляд. Гэта платная паслуга.

У Мінску яе кошт складае каля 500 рублёў. ТЦСАН выступае пасрэднікам у працэсе афармлення, збірае дакументы, а мясцовыя ўлады ўжо прымаюць рашэнне аб выдзяленні пуцёўкі.

На часовае пражыванне ў дамах-інтэрнатах могуць прэтэндаваць грамадзяне, якія маюць патрэбу ў пастаяннай пабочнай дапамозе і доглядзе (па заключэнні УКК).

Exit mobile version