Site icon Слушна

Хто таўсцее на гарманальных таблетках? 5 самых жывучых небыліцаў пра гарманальныя кантрацэптывы

Гарманальныя таблеткі. Як не патаўсцець.

Статыстыка СААЗ сцвярджае: як мінімум 100 мільёнаў жанчын ва ўсім свеце карыстаюцца аральнымі кантрацэптывамі, каб пазбегнуць незапланаванай цяжарнасці. У Беларусі камбінаванай аральнай кантрацэпцыі (КАК) аддаюць перавагу 28% жанчын – амаль кожная трэцяя жыхарка рэпрадуктыўнага ўзросту. Здавалася б, гэтыя лічбы – дастатковы аргумент, каб аднойчы і назаўжды развеяць чуткі і міфы пра цыклічныя прэпараты. Але ж не! Страшылкі пра тое, што на гармонах усе пагалоўна абрастаюць лішнімі кілаграмамі фігуральна і валасамі літаральна, жывыя дагэтуль…

Гінеколаг-эндакрынолаг Ірына Дашкова за час сваёй працы якіх толькі небыліцаў пра гармоны ні наслухалася і гатова аўтарытэтна развянчаць самыя жывучыя з іх.

Міф 1. Дзеянне гарманальных кантрацэптываў вельмі індывідуальнае. Іх прызначэнне магчымае толькі пасля поўнага абследавання.

— Гэтае сцвярджэнне справядлівае толькі збольшага. Па вялікім рахунку, усе КАК дзейнічаюць аднолькава: падаўляюць авуляцыю; спрыяюць таму, што слізь у шыйцы маткі робіцца больш густой і непраходнай для сперматазоідаў; уплываюць на слізістую абалонку маткі такім чынам, каб выключыць магчымасць прымацавання да яе аплодненай яйцаклеткі. Адпаведна, цяжарнасць не наступае.

Якімі б ні былі зыходны гарманальны фон і ўзрост жанчыны, прынцып дзеяння прэпарата аднолькавы для худэчы і дзяўчыны з формамі, для дамы каля 40 гадоў і для 16-гадовай дзяўчынкі-падлетка. Але ўсё гэта справядліва, калі гаворка ідзе пра кантрацэптывы як пра прэпараты, накіраваныя выключна на прадухіленне непажаданай цяжарнасці.

Іншая справа, што многія гарманальныя сродкі валодаюць дадатковымі ўласцівасцямі, якія па розных прычынах могуць падысці адной жанчыне і катэгарычна не – іншай. Ці, напрыклад, у пацыенткі ёсць пажаданне: яна хоча прэпарат, які б не толькі застрахаваў яе ад цяжарнасці, але па магчымасці дапамог ліквідаваць вугравы сып, ці зняць частыя ацёкі, альбо прыбраць праявы перадменструальнага сіндрому... У гэтым выпадку папярэдняе пашыранае абследаванне паказанае і мэтазгоднае. У тым ліку, каб выявіць сапраўдную прычыну вугравога сыпу ці ацёкаў.

Як правіла, неабходны мінімум заключаецца ў аглядзе гінеколага і зборы анамнэзу, мазку на анкацыталогію, біяхімічным аналізе крыві з акцэнтам на пячоначныя паказчыкі, каагулаграме, у ідэале з D-дымерамі, УГД малочных залозаў і органаў малога тазу. Калі пацыентка мае намер прымаць кантрацэптывы доўга – яшчэ і УГД органаў брушнай поласці і венаў ног.

Акрамя таго, улічваюцца нюансы індывідуальнай пераноснасці КАК. Лічыцца, што на працягу некалькіх месяцаў пасля пачатку прыёму гарманальных прэпаратаў магчымыя мінімальныя пабочныя эфекты, але затым арганізм адаптуецца. Калі «пабочка» будзе і надалей выяўляць сябе, яго давядзецца змяняць ці ж звярнуцца да іншых метадаў кантрацэпцыі.

Не варта таксама забывацца, што ў жыцці здараецца ўсялякае. Часам таблетка патрэбная «яшчэ ўчора». У экстраных сітуацыях на абследаванне проста няма часу. І зусім не дзіўна, што сярод нерэцэптурных прэпаратаў засталіся сродкі экстраннай кантрацэпцыі. Зрэшты, карыстацца імі можна вельмі рэдка і ў выключных выпадках.

Міф 2. Набор вагі і некантралюемы рост валасоў – самая распаўсюджаная «пабочка».

— Гэтая прадузятасць захавалася з часоў высокадазаваных гарманальных прэпаратаў, якіх у аптэках даўно няма. Сучасныя кантрацэптывы ўтрымліваюць нізкія дозы гармонаў і самі па сабе не ўплываюць ні на вагу, ні на аваласенне. Безумоўна, ёсць прэпараты, якія павышаюць апетыт. Але тут усё ў руках самой жанчыны. Закон захавання энергіі ніхто не адмяняў. Калі вы больш ясце, значыць, трэба больш рухацца, каб заставацца ў форме. А калі проста заядаць узрослы апетыт, але пры гэтым весці маларухомы лад жыцця, вага, вядома, пачне расці. Таблетка тут ні пры чым.

Адзін з найбольш незвычайных пабочных эфектаў КАК, з якім даводзіцца сутыкацца, – зніжэнне лібіда. Вось ужо сапраўды кантрацэптыў дык кантрацэптыў. Бывае, прыём гармонаў выяўляецца частай зменай настрою, дэпрэсіяй. Нярэдкі боль у малочных залозах, млоснасць. Але, як правіла, гэтыя праблемы сустракаюцца нячаста, вырашаюцца зменай прэпарата і не з'яўляюцца паказаннем для адмены КАК.

Затое вагінальныя кандыдозы – нечаканы непажаданы эфект прыёму кантрацэптываў. Яны павышаюць кіслотнасць похвы, а ў кіслым асяроддзі добра размнажаюцца грыбкі, у прыватнасці, Candida albicans, які з'яўляецца ўмоўна патагенным мікраарганізмам. Так што ў гэтай сітуацыі ёсць сэнс падумаць пра выбар іншага спосабу кантрацэпцыі.

Самы грозны пабочны эфект пры прыёме аральных кантрацэптываў – артэрыяльная і вянозная тромбаэмбалія, але частата іх узнікнення невялікая.

Міф 3. Прымаць КАК варта з перапынкамі. Інакш потым немінучыя цяжкасці з зачаццем.

— Абсалютна няправільна. Я б нават сказала: усё з дакладнасцю наадварот. Калі прэпарат падыходзіць, дык прымаць яго можна і год, і два, і пяць. Калі прыём супрацьзачаткавых таблетак не супрацьпаказаны, дык засцерагацца імі можна столькі, колькі неабходна.

Міф 4. Гарманальныя кантрацэптывы правакуюць утварэнне ракавых пухлінаў.

— Зусім не. Нізкадазаваныя КАК, наадварот, зніжаюць рызыку развіцця раку яечнікаў і эндаметрыю ў 2-3 разы. Больш за тое, менш схільныя да развіцця гэтага віду анкалогіі не толькі жанчыны, якія зараз выкарыстоўваюць гарманальны метад кантрацэпцыі, але і тыя, хто даволі доўга – не менш за год – ужываў КАК у мінулым. Пра сувязь паміж рызыкай узнікнення раку малочнай залозы і аральнай кантрацэпцыяй да гэтага часу няма адзінага меркавання ні ва ўрачоў, ні ў вучоных.

Але важна разумець: жанчыны, якія прымаюць гармоны, не адпраўляюцца ў вольнае плаванне. Яны рэгулярна абследуюцца і наведваюць урача. Пухліны ў іх калі і выяўляюцца, дык на ранняй стадыі. А гэта роўна своечасова распачатаму лячэнню і ў большасці выпадкаў поўнаму акрыянню. Чаго не скажаш пра тых, хто ў гінеколага з'яўляецца раз у 5-10 гадоў.

Міф 5. «Правільны» кантрацэптыў – гарант прыгажосці і здароўя.

— На жаль! Чароўнай таблеткі вучоныя яшчэ не прыдумалі. Калі чалавек нарадзіўся з парушэннем сінтэзу пэўных гармонаў і гэта выявілася, скажам, у нячыстай скуры з вугравым сыпам ці павышаным ростам валасоў (праява гіперандрагеніі), дык такім ён і застанецца. Прыём прэпаратаў, безумоўна, адкарэктуе знешнія праявы гарманальнага дысбалансу: твар пачысцее, непажаданыя валасінкі пасвятлеюць і будуць менш прыкметнымі.

Магчыма нават, што эфект захаваецца на пэўны час пасля адмены. Але паступова ўсё вернецца назад. За выключэннем падлеткавага вугравога сыпу. Ён сапраўды паспяхова лечыцца КАК. У прынцыпе, любы гарманальны кантрацэптыў будзе аказваць у той ці іншай меры станоўчы касметычны эфект, але для хутчэйшага выніку неабходна выкарыстоўваць прэпараты, у склад якіх уваходзяць рэчывы з антыандрагенным дзеяннем.

Сваіх пацыентаў я адразу папярэджваю: любая таблетка мае пабочныя эфекты. Урачы ўрачамі, але перш за ўсё сама жанчына павінна быць зацікаўленая ў захаванні здароўя. Наведванне гінеколага раз у паўгода яна павінна планаваць і не прапускаць гэтак жа, як паход да майстра па манікюры альбо цырульніка. Рэгулярныя і своечасовыя абследаванні і выкананне ўсіх рэкамендацый урача дазволяць ёй быць абсалютна спакойнай за сваё жаночае здароўе. Пры такім падыходзе, калі што здарыцца, у яе ёсць усе шанцы выявіць і ліквідаваць праблему на самай ранняй стадыі.

Exit mobile version