За якой медыцынай будучае? За прафілактычнай! Правільны адказ на гэтае пытанне, не задумваючыся, давалі ўсе ўдзельнікі віктарыны, арганізаванай журналістамі газеты «Медыцынскі веснік» і інфармацыйнага партала Здаровыя людзі для наведвальнікаў свайго стэнда ў рамках XXVI Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Ахова здароўя Беларусі 2019/BelarusMedica 2019», якая прайшла на тыдні. А між іншым, сярод тых, хто прыйшоў азнаёміцца з найноўшымі дасягненнямі і распрацоўкамі ў галіне медыцыны і аховы здароўя, былі не толькі ўрачы і медыцынскія работнікі, але і звычайныя мінчукі ды госці сталіцы.
Прафілактыка хвароб была і застаецца адным з ключавых фактараў паўнавартаснага жыцця і актыўнага даўгалецця. Дзякуючы яе медыцынскай складальнай (у першую чаргу вакцынацыі) сучасныя жыхары Беларусі не ведаюць, напрыклад, што такое дыфтэрыя, поліяміэліт, натуральная воспа, а захворванне на хранічны гепатыт В складае менш за 1%. У грамадстве ж абрэвіятура «ЗЛЖ» даўно стала хадзячай назвай. Але трэнды, арыентаваныя на захаванне здароўя, працягваюць набіраць папулярнасць. Гэта значыць, разуменне важнасці праблемы ёсць, рух у патрэбным кірунку – таксама.
– Але калі вывучыць структуру захворванняў, прааналізаваць, які ўплыў аказвае цяжар хвароб на эканоміку Беларусі, стане зразумелым, што нашых сумесных намаганняў яшчэ недастаткова, каб у корані змяніць сітуацыю ў дачыненні да неінфекцыйных захворванняў, якія з'яўляюцца адной з асноўных прычын заўчаснай смяротнасці ў развітых краінах, – заявіла намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава, адкрываючы Рэспубліканскі семінар-нараду, які прайшоў у рамках выставы «Ахова здароўя-2019» і быў прысвечаны актуальным пытанням фарміравання здаровага ладу жыцця.
У семінары ўзялі ўдзел каля сотні кіраўнікоў абласных, раённых і гарадскіх падраздзяленняў санітарна-гігіенічнай службы, урачы-гігіеністы, валеолагі з усіх куткоў Беларусі.
– Перад нашай службай стаіць, мабыць, самая галоўная на сёння задача: фарміраванне разумення ў грамадстве, наколькі важна захаванне здароўя з ранняга дзяцінства да тых сталых гадоў, калі яно становіцца асаблівай каштоўнасцю, – падкрэсліла Наталля Жукава. – Відавочна, што ў сучасных рэаліях ёсць неабходнасць перагледзець нашы падыходы да працы, выпрацаваць новую канцэпцыю ўзаемадзеяння з насельніцтвам. Таму мы сабраліся, каб абмяняцца вопытам, пераняць найбольш паспяховыя практыкі, абмеркаваць перспектывы далейшай працы.
А падзяліцца беларускім гігіеністам, без ілжывай сціпласці, ёсць чым. Асаблівай увагі, напрыклад, заслугоўвае вопыт спецыялістаў Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя ў дачыненні да прафілактычнай работы з дзецьмі і моладдзю. Урачы-гігіеністы адмовіліся ад практыкі сумных лекцый і ўзялі вектар на практыка-прыкладныя мерапрыемствы ў гульнявой і забаўляльнай форме. Па словах загадчыцы аддзела грамадскага здароўя абласнога цэнтра Ірыны Барысавай, значна большы водгук у дзяцей знаходзяць заняткі, дзе ў якасці галоўнага навучальнага інструмента выкарыстоўваюцца загадкі, галаваломкі, гульні, інсцэніроўкі, максімальна набліжаныя да сітуацый у рэальным жыцці. А таксама прыёмы ўзаеманавучання з удзелам дзяцей розных узростаў.
– Напрыклад, пасля ўрокаў, дзе старшакласнікі вучаць малышоў сачыць за чысцінёй рук і тлумачаць важнасць выканання правілаў гігіены, дзеці мыюць рукі, як хірургі перад аперацыяй. Мы спадзяемся, што ў будучым яны і самі стануць праваднікамі тых правільных высноваў, якія робяць падчас такіх заняткаў, – прызналася Ірына Барысава.
А ўрач-валеолаг, загадчык аддзялення арганізацыйна-метадычнага забеспячэння аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Галіна Стасевіч падзялілася натхняючымі вынікамі працы брэсцкіх спецыялістаў. Правёўшы маніторынг сярод навучэнцаў сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў (каледжаў, тэхнікумаў), спецыялісты высветлілі, што дзве траціны падлеткаў ужо маюць прыхільнасць да шкодных звычкак, але пры гэтым лічаць свой лад жыцця здаровым; больш за палову з іх вядуць палавое жыццё. Пры гэтым 46% падлеткаў і маладых людзей схільныя да эмацыянальных ваганняў, частка знаходзіцца ў стане пастаяннай трывогі.
– Гэта адмысловая ўзроставая група, якой уласцівыя рызыкоўныя паводзіны, грэбаванне адказным стаўленнем да здароўя, схільнасць да шкодных звычак, да адмаўлення агульнапрынятых нормаў і каштоўнасцяў, – прызналася Галіна Стасевіч. – Улічваючы асаблівасці, мы распрацавалі некалькі праграм, арыентаваных менавіта на гэтую мэтавую аўдыторыю.
Пра выніковасць гэтых праграм можна меркаваць па тым, што колькасць падлеткаў на наркалагічным уліку ў Брэсцкай вобласці скарацілася за мінулы год амаль на 7,5%, знізілася колькасць самагубстваў сярод непаўналетніх.
Таксама сваім унікальным вопытам працы не толькі з моладдзю, але і з дарослым насельніцтвам з калегамі падзяліліся эксперты з Гомельскай і Мінскай абласцей, Бабруйскага, Лідскага і Глыбоцкага раёнаў.
Разам з тым, удзельнікі семінара не прамінулі заўважыць, што намаганні па прасоўванні ідэй здаровага ладу жыцця і даўгалецця не прынясуць належнага выніку, без актыўнага ўдзелу ключавога звяна ў ланцугу– сям'і. Пагадзіцеся, цяжка растлумачыць 6-гадоваму дзіцяці каштоўнасць здароўя, калі ён шчыра прызнаецца: дома паляць і мама, і тата, а дзядуля нават яму даваў спрабаваць. Як і ніякія зверхкрэатыўныя ідэі не дапамогуць зберагчы падлетка ад алкаголю, калі спіртное – неад'емны атрыбут любога сямейнага застолля…
Кажучы пра важнасць прафілактычнай работы, спецыялісты сышліся ў меркаванні, што чакаць імгненных вынікаў не варта. Прафілактыка – праца на будучыню, якая прынясе свой плён праз пэўны час. А фарміраванне адказнай свядомасці і беражлівых адносінаў да свайго здароўя патрабуе не толькі пошуку новых крэатыўных ідэй для ўзаемадзеяння паміж усімі зацікаўленымі ўдзельнікамі, але, у першую чаргу, настойлівасці, цярпення і паслядоўнасці.