Незвычайны кулінарны майстар-клас прайшоў у Мінску ў падтрымку сацыяльнай інфармацыйнай кампаніі «Я бачу ўсё, таму што харчуюся правільна!». Урач-афтальмолаг, дыетолаг і прафесійны кулінар распавялі, як клапаціцца пра здароўе вачэй з дапамогай правільна падабранага рацыёну, падзяліліся сакрэтамі прыгатавання простых і пры гэтым карысных для зроку страў.
У кулінарнай студыі Le Gourmet удзельнікі майстар-класа надзелі фартухі і спрабавалі свае сілы ў прыгатаванні страў пад кіраўніцтвам шэф-повара Аляксея Радзько. Усе прадукты – даступныя і недарагія, іх можа набыць любая гаспадыня. Пры гэтым карысныя: скумбрыя, морква, спаржавая фасоля, гарбуз, тварог і інш. Вынікам сталі смачныя рыбныя рулецікі і тварожна-гарбузовая запяканка з ляснымі арэхамі. Усе прадукты былі выбраны не выпадкова. Кожны з іх уносіць сваю лепту ў падтрыманне здароўя вачэй. Пра гэта распавялі выкладчык школы здаровага харчавання і ўрач-тэрапеўт Анастасія Уласевіч і урач-афтальмолаг Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы, вядучы афтальмолаг праекта «Я бачу!» Хрысціна Белянічава.
Кампанія па прафілактыцы парушэнняў зроку ў дзяцей праводзіцца пад эгідай дабрачыннага праекта «Я бачу». Сёлета ён рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй velcom пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя.
З 2016 года праект «Я бачу!» ахапіў тры рэгіёны Беларусі – Магілёўскую, Гомельскую і Брэсцкую вобласці. Амаль 31 тысяча дзяцей атрымалі дыягнастычную дапамогу. За 2,5 гады рэалізацыі праекту ў 32,73% школьнікаў выяўлены розныя паталогіі зроку. Больш чым палову гэтых выпадкаў – 54,38% – парушэнні, якія атрымалася дыягнаставаць упершыню менавіта дзякуючы абследаванню афтальмолагамі мабільных брыгад.
У 2018 годзе на першым этапе праекта «Я бачу!» выязныя брыгады афтальмолагаў абследавалі 5 835 навучэнцаў 66 сярэдніх школ Брэсцкай вобласці – у Маларыцкім, Камянецкім і Кобрынскім раёнах. У 2373 дзяцей былі выяўлены паталогіі зроку, 665 дзецям патрабавалася карэкцыя акулярамі, 16 школьнікаў былі накіраваны на лячэнне ў стацыянар, 60 атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.
Відэа – Генадзь Сукач.
З верасня мабільныя афтальмалагічныя брыгады пачалі сваю працу ў Жабінкаўскім раёне пасля летняга перапынку. Далей эстафету прыняў Пружанскі раён – у ім агляды пройдуць па 28 верасня. А з 1 кастрычніка брыгады ўрачоў-афтальмолагаў працягнуць выезды у сельскія школы Бярозаўскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.