Навучальны год распачаўся, гэта значыць – бацькі пачынаюць задумвацца аб неабходнасці пошука рэпетытара для сваіх дзяцей. Выбар настаўніка – важная і няпростая задача. Да яе варта паставіцца сур'ёзна.
Карэспандэнт «Слушна» падрыхтавала для вас карысную інструкцыю.
Як выбраць рэпетытара?
У чым розніца паміж рэпетытарам і школьным настаўнікам?
Школьны настаўнік |
Рэпетытар |
- Працуе з цэлым класам;
- Абавязкова мае педагагічную адукацыю;
- Працуе па вучэбным плане. |
- Працуе індывідуальна або з малой групай;
- Можа не мець педагагічнай адукацыі;
- Сам падбірае сабе вучняў, працуе па ўласным графіку і ўлічвае здольнасці навучэнца. |
З чаго пачаць пошук рэпетытара?
- Знаходзім мэту і матывацыю
Тут усё залежыць ад узросту і асабістых здольнасцяў вучня. Магчыма, у старшакласніка ўжо ёсць пэўнае ўяўленне пра будучыню. Тады асаблівых праблем на дадзеным этапе не будзе.
Але што рабіць, калі ўяўлення няма? У такім выпадку варта абмеркаваць гэтае пытанне з дзіцем. Важна разумець, што прымусіць падлетка нешта зрабіць проста таму што «так трэба», хутчэй за ўсё не атрымаецца.
Калі толькі вы не заматывуеце яго магчымай перспектывай. Школьнік мусіць сам усвядоміць, чым яму дапаможа рэпетытарства. Жаданне бацькоў і «добрыя» адзнакі – не з'яўляюцца матывацыяй.
- Вызначаемся з фарматам
Існуе некалькі варыяцый рэпетытарства. Акрамя класічных індывідуальных заняткаў ёсць і групавыя.
Заняткі праводзяцца як вочна, так і анлайн.
Адназначнага адказу, што з гэтага лепш, быць не можа: усё індывідуальна.
Таму разам з дзіцем варта разгледзець адразу розныя варыянты, даведацца пра плюсы і мінусы кожнага.
- Выбіраем спецыяліста
Прафесійны выкладчык павінен быць гуманным, прытрымлівацца сучасных поглядаў, улічваць дзіцячую і падлеткавую псіхалогію. Таксама важна добра ставіцца да дзяцей з пазіцыі настаўніка, які паказвае і накіроўвае, цікава даносіць інфармацыю. Праявы злосці, запалохванне, крык – прыкметы непрафесіяналізму.
Не варта забывацца пра індывідуальнасць.
Станоўчыя водгукі пра выкладчыка – справа, вядома, добрая, але, як кажуць, адна шапка на ўсіх не налезе.
Нельга крытыкаваць дзіця, калі ў яго, у адрозненне ад дачкі вашай сяброўкі, стасункі з рэпетытарам або прадметам не заладзіліся.
Як зразумець, што ёсць праблема або канфлікт з рэпетытарам, і што з гэтым рабіць?
Канфлікт з рэпетытарам нельга пускаць на самацёк, таму што гэта можа прывесці да зніжэння паспяховасці, страты матывацыі і нават псіхалагічнай траўмы вучня. У выпадку, калі вы штосьці заўважылі, трэба разабрацца ў сітуацыі.
Для гэтага неабходна пагаварыць як з рэпетытарам, так і з дзіцем, зразумеуць абодва бакі.
Трэба захоўваць добразычлівасць у размове, памятаць, што абраза і неканструктыўная крытыка выкладчыка канчаткова знішчаць яго аўтарытэт. Тыя самыя дзеянні ў адносінах да дзіцяці таксама не абяцаюць нічога добрага.