А як усё ж лепей паводзіць сябе падчас прастуды: увесь час ляжаць у ложку ці ўсё ж варушыцца? Менавіта пры прастудзе, а не пры грыпе? Вось зацікавіла мяне гэтае пытанне, калі «злавіла» сваю порцыю вірусаў…
Пра тое, што нельга «перахаджваць» хваробу, каб не ўзнікла ўскладненняў, мы ведаем ужо даўно. Ды і навакольных заражаць не варта… На справе ж часта альбо не атрымліваецца (на працы завал, хаця, як вядома, незаменных быццам і не бывае), альбо не хочацца траціць час на сядзенне ў чарзе ў паліклініцы, альбо няма тэмпературы (хто ж дасць бальнічны)… І мы мужна трываем. І, як кажуць, дзякуй Богу, калі сапраўды ўскладненняў не ўзнікне.
Але я нават не пра гэтую сітуацыю, а крыху пра іншую. Калі вас усё ж адпусцілі на дзень-другі дахаты альбо наперадзе выхадныя. Як лепей: зашыцца на ўвесь гэты час пад коўдру ці паспрабаваць весці звычайнае жыццё? Асабіста мне здаецца, што трэба паводзіць сябе па адчуваннях. Што, уласна кажучы, і стараюся рабіць. Бо калі слабасць, не ва ўсіх атрымаецца ўзяць сябе за шкірку і прымусіць штосьці рабіць. Ды і для чаго такія ахвяры?
Іншая справа, калі арганізм вагаецца, бы маятнік: паляжаць ці заняцца працай, пажадана фізічнай? Тады стараюся выбіраць апошняе. Бо здаецца, што калі штосьці робіш, дык і лягчэй. А калі прылёг на канапу, дык так цяжка выбрацца з яе абдымкаў нават на кухню, каб зрабіць сабе цёплае карыснае пітво. Быццам канапа тая сабрала прыцягненне з усяго зямнога шару і адчувальна прыціснула да сябе – не вызваліцца…
Вядома ж, лепей не хварэць. Не лавіць прастуду альбо вірусы. Загартоўвацца, умацоўваць імунітэт – не пустыя словы, праверана! Можа нават прымаць спецыяльныя травяныя зборы. Асабліва калі верыш у іх дзеянне.
Вось не ведаю, што ў нас у сям’і спрацоўвала некалькі гадоў запар – самаперакананне альбо несумненная карысць травак. Але прымаючы 2 разы на год – у красавіку і кастрычніку – «Фітагор» (не рэклама!!! Проста дзялюся!), сапраўды не хварэлі. Альбо хвароба раз на год узімку праходзіла лёгка і хутка. Відаць, трэба аднавіць прыём…
Што ж тычыцца загартоўкі, дык заканчваць ранішняе ўмыванне халоднай (а то і ледзяной) вадой – мая даўняя звычка. А яе відавочная карысць таксама была пацверджана на практыцы. Больш за 10 гадоў таму для забеспячэння кватэры гарачай вадой мы набылі бойлер. Узрадаваўшыся такому камфорту, я ўвосень умывалася толькі цёплай і гарачай вадой. У выніку ўзімку мой арганізм не вынес пахаладання і адрэагаваў працяглай прастудай. Пасля выздараўлення я зноўку палюбіла халодныя працэдуры…
Вялікая колькасць свежай садавіны і гародніны штодня, вітаміны і БАДЫ, вакцынацыя, загартоўка, частыя праветрыванні памяшканняў, доўгія прагулкі на свежым паветры, заняткі зімовымі відамі спорту… Кожны сам выбірае для сябе дзейсную сістэму падтрымання імунітэту. Галоўнае – яна павінна быць, гэтая сістэма. Тады і хвароба пераносіцца лягчэй.
Здароўя ўсім! Беражыце сябе!