Вы памятаеце Лепісіна і Быляка, вітамінных чалавечкаў? Яны вынайшлі спосаб, як засцерагчы дзяцей ад алергіі, правялі майстар-клас па выцісканні соку з яблыкаў і апельсінаў. А сёння ратуюць яблыньку і вучацца пераадольваць страх.
Гісторыя 3
Лепісін хаваўся ад пякучага сонца пад яблыняй. Ён пацягваў са шклянкі яблычны сок і паглядаў на заклапочанага Быляка. Той хадзіў з задуменным выглядам вакол яблыні, падымаў вочы ўгору, падфутбольваў паданкі і нешта мармытаў пад нос.
— Слухай! – не вытрываў Лепісін, – досыць кругі наразаць. Хадзем пасядзім разам у цяньку.
— Чакай! Бачыш, я заняты.
Лепісін памаўчаў колькі хвілінак. Урэшце Быляк прысеў побач, дастаў з кішэні аловак і нататнік ды запісаў: “Яблыкі ападаюць!!!” І паставіў ажно тры тлустыя клічнікі.
— Яблыкі ападаюць! – паўтарыў ён з уздыхам, глянуўшы на Лепісіна.
— Дык можа, ім пара? Можа, яны спелыя?
Быляк моўчкі падняў з травы яблык, памыў яго вадой з бутэлькі і працягнуў Лепісіну. Той адкусіў кавалачак і скрывіўся.
— Ой, не! Не спелыя!
— І семкі ў іх – бачыш – белыя. А ў спелага яблыка яны бурыя.
— Дык чаго ж яны тады падаюць?
— Прычыны могуць быць дзве! – падняў угору палец Быляк. – Недахоп вады або празмерная колькасць вады ў глебе. А ўважаючы, якое сёлета засушлівае лета стаіць, можна меркаваць, што мы маем…
— Недахоп вады! – падсумаваў Лепісін. – І што рабіць?
— Паліваць! Дапаможаш?
— Яшчэ пытаешся! Вядома, памагу!
— Толькі май на ўвазе, – папярэдзіў Быляк, – каб паліць дрэўца, вады трэба куды больш, чым для кветак.
— Ведаю! Давай вёдры! – скамандаваў Лепісін.
— Ох і папрацавалі вітамінныя чалавечкі! Цягаць невялічкімі вядзерцамі ваду для вялікай яблыні не так і лёгка. Добра, што возера побач. Каб было весялей, пырскаліся! Палілі яблыню, прылеглі адпачыць.
— Гімнастыка штораніцы – гэта сіла! – разважаў Лепісін. – Так што мне тыя вёдры – лёгенькая размінка. А ты зноў задумаўся?
Быляк крыху павагаўся, а пасля спытаў:
— Слухай, як думаеш, страшна ім падаць з гэткай вышыні?
— Каму? – ажно папярхнуўся Лепісін.
— Каму, каму… Яблыкам! Як падумаю, што мне трэба было б з верхняй галінкі скочыць, ажно моташна робіцца!
Лепісін задраў галаву:
— Хто яго ведае… Можа і страшна… А давай паспрабуем!
— Давай! – згадзіўся Быляк. – А халаты белыя апранаць будзем? Гэта ж таксама эксперымент!
— Не, у халатах скакаць з дрэва небяспечна! Можна зачапіцца крысом.
Чалавечкі спрытна ўскараскаліся на галінкі, што былі не дужа высока ад зямлі. Паглядзелі ўніз.
— Ну як, галава не круціцца? – спытаў Лепісін.
— Здаецца, не. Ну што, разам?
— Разам. Раз! Два! Тры!
І яны разам скочылі. І ім спадабалася! Зноў і зноў залазілі вітамінныя чалавечкі на яблыню! Яны хутка асмялелі і скакалі ўжо нават з самых верхніх галінак. Праўда, не заўсёды ўдала. Адзін выцяў плячо, другі руку. Найбольш дасталося Лепісіну. Няўдала прызямліўшыся, ён і нагу выцяў, і падрапаў каленку. Быляк дапамог сябру дабрацца дамоў. Там яны трошкі паспрачаліся, чым лепш апрацаваць ранку: ёдам ці зялёнкай. Нават пазванілі ў 103 і запыталіся.
Перакісам вадароду! – адказалі ў “хуткай дапамозе”.
Драпіны прамылі перакісам і забінтавалі. А пасля запісалі ў нататнік заўвагу: “Садавіне лепш падаць з галінак ўвосень, калі пад дрэвам ужо дастаткова апалай лістоты”. А знаёмым дзецям параілі скакаць толькі з невысокіх дрэў і абавязкова апрацоўваць драпіны перакісам. Каб хутчэй загойваліся!