Нарэшце дачакаліся! Мы дачакаліся ЛЕТА!:) Той рэдкі выпадак, калі яно, каляндарнае, супала з рэальным. Тут табе і сонца, тут і прыемная прахалода ў цяньку... Павевы лёгкага ветрыку, заваблівая водная прастора... Нарэшце можна напоўніцу даць свайму арганізму ўсё і адразу! І вось ужо хтосьці загарае – бестурботна альбо падчас працы на ўласных сотках-гектарах, хтосьці спрабуе купацца... Проста здорава, што выхадныя супалі з пачаткам лета!
Праўда, абяцаны дожджык асабіста ў нас, на Чэрвеньшчыне, так і не праліўся. Але калі ў сярэдзіне наступнага тыдня сапраўды завітае пакуль асцярожна прагназуемая гарачыня ў 30 градусаў (плюс-мінус), магчыма, штосьці разам з ёю і прыляціць. Абы не град-вецер-навальніца-лівень...
А вы любіце лета?! Я дык – вельмі! Толькі не гарачае, а ўмеранае. Праўда, апошнім часам беларускае нас якраз-такі не песціць. То засушыць, то залье... Але што маем, тое маем. Абы не холад.
...Летнімі выхаднымі так прыемна выехаць на дачу! Ужо расцвіў мой любімы язмін, які завабліва пахне! І чамусьці адразу навявае ўспаміны пра суніцы. А яны, дарэчы, таксама пачынаюць ужо спець на градцы. І, у сваю чаргу, выклікаюць успаміны пра адну падзею, якую любяць прыгадваць у нашай сям’і.
Гэта калі выпадкова, даволі шмат гадоў таму (мы з братам яшчэ былі малымі), разам з мамай натрапілі на такую колькасць ягад на высечцы! Акурат 06.06! Пайшлі шукаць іх у незнаёмае месца, бо нядаўна пераехалі ў Чэрвень і навакольных лясоў яшчэ не ведалі. Узялі літровы слоік, а назбіралі іх... 5!
Высыпалі ў сумку, дзе падкладка ўнутры была з чырвонай цыраты. А сама сумка – з надпісам «Каўказ». Яе неяк прывёз тата з санаторыя. А праз пэўны час сумку скралі з веласіпеда. Так было шкада! Яна і зараз у мяне перад вачыма... Як і тыя 5 літраў суніц...
З таго часу менавіта на 06.06 мы стараліся знайсці хаця б некалькі чырвоных ягадак – традыцыя! Найчасцей так і бывае. Але яшчэ раз паўтарыць той «фокус» з 5 літрамі больш ні разу не атрымалася...
А ўвогуле, лета – гэта магчымасць парадаваць свой арганізм натуральнымі вітамінамі, якіх так шмат у свежых ягадах. Хтосьці набывае іх на базарах ды ў крамах. А ў нашай сям’і любяць збіраць дзікарослыя ў лесе. Апрача суніц, звычайна шмат у нас чарніц. І не толькі перапрацоўваем, але і стараемся есці як мага часцей – для зроку карысна. І можна на гэты перыяд і яшчэ колькі часу пасля яго не ўжываць БАД «Чарніцы фортэ з лютэінам»... Эканомія!
Што яшчэ люблю, у тым ліку і на самым пачатку лета, дык гэта кветкі! Калі на полі непадалёк ад дачнага таварыства сеюць збожжавыя, дык найчасцей любуемся валошкамі ды рамонкамі. А на дачнай сядзібе...
Касачы розных колераў – звычайныя, гатунковыя, сібірскія... Цвітуць ужо! Не адарваць вачэй і ад кустоў з кветкамі жоўтага колеру (назву не памятаю)... Тут і першыя гваздзікі ўжо на падыходзе...
Хараство! Можна зрабіць цікавы букет. Але пакуль не хочацца чамусьці. Мне заўсёды робіцца шкада валошак, якія зараз прадаюць у пераходах метро. Яны так моцна сцягнутыя разам, што зусім не падобныя на сябе. Вольныя кветкі ў вольнай прасторы глядзяцца нашмат лепей. А гэта і добры настрой, і крыніца аптымізму, між іншым!
І адразу ж прыгадваецца вядомае майго любімага беларускага паэта (яго маці, Марыля Мякота, родам з нашага старажытнага Ігуменя – сучаснага Чэрвеня): «Добра быць коласам, але шчаслівы той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»
Хтосьці любіць лета, бо менавіта на гэты перыяд прыпадае чарговы працоўны адпачынак, заваблівыя вандроўкі ў заморскія краіны, рэальнае аздараўленне арганізма. Хтосьці – за магчымасць «падкарміцца» зелянінай з градак. Бывайце, маянэзныя салаты, да халоднай пары года, калі так хочацца чагосьці тлустага, што проста стрымацца немагчыма! Прывітанне, салаты са свежай агародніны з рознага віду лёгкай запраўкай!
Як прыемна, што лета яшчэ толькі пачынаецца. Колькі ўсяго наперадзе! Усім – здароўя, цікавых вандровак, сонечных дзён і выдатнага настрою!