Site icon Слушна

«Лімоны» з дачнага куста – і прыгажосць, і смаката!

Яшчэ гадоў з дзесяць таму гэтая расліна была рэдкай госцяй на дачных і прысядзібных участках. Зараз усё часцей можна згледзець кусты з яркімі кветачкамі ўвесну і залацістымі пладамі ўвосень нават на асобных градках. Вы ўжо здагадаліся, пра што ідзе гаворка?! Так, пра айву японскую (хенамелес).

Айва японская (хенамелес)

Айва японская (хенамелес)

Айва японская – сапраўдны чэмпіён па ўтрыманні аскарбінавай кіслаты. Такога неабходнага ўсім вітаміну С у яе пладах у разы больш, чым у апельсіне і лімоне, а жалеза – чым у яблыках і грушах!

Гэтыя «яблычкі» настолькі кіслыя, што есці іх проста так немагчыма. Вучоныя сцвярджаюць, што плады айвы станоўча ўплываюць на сценкі сасудаў, пазбаўляюць ад атэрасклератычных бляшак, паніжаюць артэрыяльны ціск.

Але ёсць і супрацьпаказанні. Напрыклад, схільнасць да алергіі. Таму кітайскія медыкі раяць за адзін раз з’ядаць толькі чвэрць плоду. Не варта спажываць айву пры язвавай хваробе страўніка, энтэракалітах, плеўрытах. Яе кіслата раз’ядае зубную эмаль, таму пасля ўжывання плоду ў любым выглядзе трэба прапаласкаць рот вадой альбо пачысціць зубы.

…Крыху больш за 10 гадоў таму знаёмы пачаставаў нас жоўтымі «шарыкамі». Парэзаўшы іх на скрылікі і засыпаўшы цукрам, атрымалі выдатны дадатак да кавы і гарбаты, які па смаку нагадваў лімон. Зрэшты, айву часта называюць «паўночным лімонам».

Зразумела, захацелася мець такі цуд на дачным участку. Але... Адкапаць чаранок – той яшчэ квэст. Адсячы частку куста таксама складана. У рэшце рэшт, займелі два кусцікі.

Зараз пайшлі б іншым шляхам – высеялі насенне. Людзі бывалыя сцвярджаюць, што ўсходы дружныя. Праз год атрымліваюцца сеянцы, якія можна перасаджваць на пастаяннае месца. У спрыяльных умовах кусты айвы японскай могуць пражыць... да 60-80 гадоў!

Пакуль кусцік малады, дык можа падмерзнуць узімку. Нават укрыццё апалым лісцем, яловымі лапкамі, перагноем не спрацоўвала: увесну даводзілася зразаць сухія верхавіны.

А вось чым больш куст узроставы, тым больш трывалы. Ужо некалькі гадоў на зіму яго не накрываем. Абрэзку і прарэджванне раблю двойчы: увосень пасля збірання пладоў і ўвесну да цвіцення.

Калі вы вырашыце пасяліць гэтую расліну на сваім участку, дык увесну будзеце захапляцца вось такім цудам.

Штогод да замаразкаў трэба паспець сабраць усе плады жоўтага колеру і – заняцца нарыхтоўкай «беларускага лімона» на зіму. Зразумела ж, ужо не сезон, таму сам працэс зараз апісваць не буду. Спадзяюся, на нашым сайце ёсць аматары гэтай смакаты?! А рэцэптаў з айвы ў сеціве вельмі багата! І самых розных!

Між іншым, слоікі з айвой без тэрмічнай апрацоўкі лепей захоўваць у халадзільніку. Чайную лыжачку скрылёчкаў з сокам у гарбату альбо каву... М-м-м! А вітамін С ажно пішчыць і адтуль выскоквае!

Exit mobile version