Site icon Слушна

Лістапад… Ці грэемся, ці да зімы рыхтуемся?!

Лістапад, лісцявей, лістагной, лістападнік… Сын кастрычніка, унук верасня… Ледзень, лёдавы каваль, лёдастаў … Паўзімнік, снегавей, вароты зімы… А на старабеларускай мове – грудзень…Якіх толькі назваў і азначэнняў ні надавалі нашы продкі апошняму восеньскаму месяцу!

Лістапад. Замаразкі.

Вось пішу зараз гэта – «апошні восеньскі месяц» – і зусім жа не верыцца, што так хутка надыдзе каляндарная зіма. А наконт сапраўднай… Ды хто ж яе ведае!

З кожным годам усё раней і раней гарады, пасёлкі, вёскі, кропкі гандлю пачынаюць упрыгожваць да Новага года. І калі даўней сапраўдная радасць запаўняла сэрцы і душы ў дваццатых чыслах снежня, дык летась ужо ў лістападзе шмат дзе запалілі мігатлівыя агеньчыкі.

І падзяліліся мы ў сваіх меркаваннях. Адны лічылі, што гэта дужа зарана, што за паўтара-два месяцы згубіцца само прадчуванне свята. Іншыя ж, наадварот, сцвярджалі, што прыемна ім столькі часу назіраць усю гэтую прыгажосць вакол. І настрой святочны доўга трымаецца.

Але як бы там ні было, а найперш мы, вядома ж, звяртаемся да сайтаў, якія «прадказваюць» надвор’е. Вось, здаецца, бачыла на адным, што з наступнага тыдня – пацяпленне і дажджы… Але ў суботу не было магчымасці яшчэ раз удакладніць прагноз. Бо сайт той… ляжаў з самай раніцы. Відаць, дужа шмат народу захацела надвор’ем пацікавіцца! 🙂

Але нашы продкі таксама лічылі лістапад такім пераходным перыядам, калі магчыма было ўсё: бруд, дождж і слата, замаразкі і снег… То восень, то зіма, якія быццам бы змагаюцца за першынство. Яны-то змагаюцца. А вось як нам апранацца, невядома!

Калі на вуліцы халодна, у транспарце горача… Калі на вуліцы горача, у транспарце… горача зноў! І калі ў другім выпадку не так турбуешся за ўласнае здароўе, дык у першым… Выйдзеш распараным, бы з лазні, на холад… І – ага! Таму сочым-сочым за ўласным самаадчуваннем! Бо лістапад, каварны месяц, яшчэ і на прастуду бывае «шчодрым».

Ужо ў холад хочацца няспешна піць духмяную гарбату з мёдам. Глядзець на жывы агонь, калі ёсць такая магчымасць. Як няма печкі ці каміна, дык хаця б запаліць свечку! У прадчуванні Новага года хочацца мандарынаў. І… узяцца нарэшце за вязанне цёплых рэчаў!

Але які б занятак вы, сябры, ні выбралі для сябе, няхай ён цёмнымі лістападаўскімі вечарамі ідзе толькі на карысць! Толькі ў плюс у скарбонку здароўя.

Нашы продкі даўней прыкмячалі: «Першы снег з мяцеліцай у лістападзе – зіма яшчэ не ляжа», «Калі снег выпадзе на замерзлую зямлю, у наступным годзе можна чакаць добрага ўраджаю», «Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца», «Лістапад – паўзімнік: мужык з калёсамі развітваецца, у сані перабіраецца», «У лістападзе гола ў садзе», «У лістападзе кладзі капусту ў кадзі».

А яшчэ даўней лістапад называлі… прыцемкам года! Яно і зразумела: такое імклівае скарачэнне светлавога дня, частыя туманы ды смуга, хмарнае неба, ночы без месяца і зорак… А я ўвогуле чамусьці ўвесь час прыгадваю, з якой інтанацыяй у Тэатры юнага гледача падчас спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» (паводле Уладзіміра Караткевіча) вымаўляецца: «Надыходзяць цёмныя ночы…»

Ну, а заўтра, 4 лістапада, у нас – святкаванне абраза Казанскай Божай Маці. І тут ужо народ прыкмячаў: «Да Казанскай – не зіма, пасля Казанскай – не восень», «Што Казанская пакажа, тое й зіма скажа». Таму робім уласныя прагнозы на будучае надвор’е – з папраўкай на глабальнае пацяпленне! 🙂

А моладзі (і не толькі! 🙂 ) не варта забывацца на тое, што ў народных ды царкоўных традыцыях ладзіць вяселлі ў лістападзе можна толькі да 28-га. Далей пачынаецца шасцітыднёвы Піліпаўскі пост. Таму і казалі (а дакладней – спявалі) даўней на Піліпаўку: «Была восень – цяпер зіма. Былі хлопцы – цяпер няма». Але, вядома ж, заляцанні хлопцаў да дзяўчат не перапыняліся.

…Усім нам – сонечных дзён, зорных начэй, мігатлівых рознакаляровых агеньчыкаў падчас «прыцемку года», цудоўнага аптымістычнага настрою да Піліпаўкі і пасля, моцнага здароўя – усе 12 месяцаў! І хто што зараз прыгадаў?! Як я – дык добрую аднайменную казку! 🙂

Exit mobile version