Ліхаманка, Трасца, Хіндзя, Незбудзь, Фыбра, Цётка, Варагуша, Ірадава дачка і інш. – дэманалагічныя постаці хваробы ў беларускай традыцыйнай культуры.
У народнай медыцыне пад гэтымі назвамі маюцца на ўвазе розныя хваробы: сухоты, тыф, малярыя ды іншыя, якія характарызуюцца агульнымі сімптомамі – гарачкай, дрыжыкамі, трызненнем і павышанай тэмпературай. У народным традыцыйным уяўленні ліхаманка, а таксама такія хваробы, як воспа, халера, чума, персаніфікаваліся ў жаночыя абліччы рознага веку.
І веснавая, і гарохавая, і губастая...
Найчасцей ліхаманку звязвалі з вобразам маладой прыгажуні ці злой агіднай старой бабы. Розныя формы працякання хваробы спарадзілі ўяўленні пра 7, 9, 12 і нават 77 сясцёр або цётак-ліхаманак, іх таксама называлі дочкамі цара Ірада. Ліхаманкі ў сваіх назвах апісваюць тыя пакуты, якімі кожная з іх катуе хворага. Гэта смяротная, якая без выключэнняў вядзе да смерці; нутраная, якая ўражвае вантробы, нудзіць каля сэрца; павярхоўная – “скура выбіваецца наверх”; касцявая, якая суправаджаецца ламатою ў касцях.
Таксама трасца бывае пудавая, што ўзнікае з перапуду. Спыняе гэтую ліхаманку нечаканы моцны пярэпалах. Дзеля гэтага трэба знянацку абліць хворага вядром холоднай вады або разбіць над галавою ў яго гліняны гаршчок. Ва ўсіх гэтых выпадках трэба мець на ўвазе, што тут пужаецца не чалавек, а ліхаманка, якая ўбілася ў яго. Яшчэ трасца бывае веснавая або сонная, гарачая, мокрая, губастая, пякучая, ліхучая, жоўтачка – яна пануе ўвесну. Лістападная ці восеньская або сцюдзяная, вадзяная, сінючая – адна з найбольш упартых постацей. Гарохавая – праяўляецца, калі цвіце гарох. Супраць яе найлепшы сродак сон у гаросе, калі той цвіце.
Асінавая трасца займела такую назву таму, што ўяўлялі, нібыта трасцы сядзяць на асіне і калоцяць яе, з-за чаго тая заўжды трымціць лісцем. Ад такой трасцы можна пазбавіцца, калі сагнуць маладое асінавае дрэва і расшчапіць яго. Хворы на ліхаманку тры разы голы пралазіць праз расшчэплены ствол, а потым зноў надзяе кашулю, але толькі навыварат. Трасца ядленцавая — супраць яе дапамагае адвар з ядлоўцавых ягад, сабраных на ветаху – у канцы астатняй квадры месяца. Трасца агнявая — дапамагае любое цяпло. У гэтым выпадку хвораму трэба залезці на печ, якую хатнія стараюцца напаліць як мага мацней. Тады не стрывае гарачыні і сама хвароба, выйдзе з чалавека.
Трасца ледавая вымагае халодных лекаў. Напрыклад, глытаць кавалкамі лёд, купацца падчас прыпадку ў халоднай вадзе. Холад таксама дапамагае ад трасцы пудавой і ад пярэпалахаў.
Нашыя продкі верылі, што ліхаманкі хадзілі па свеце, клікалі людзей, нават па імені. Хто адгукаўся, у таго адна з сясцёр залазіла пад адзенне і прыносіла страшэнныя пакуты. У некаторых мясцінах меркавалі, што цёткі-ліхаманкі ўвесну выбіраюцца з-пад зямлі і ходзяць паўсюль, шукаюць чалавека, які спіць на сонейку. Тады ліхаманка падкрадваецца да яго і цалуе. Прычынай з’яўлення трасцы называлі працяглы сон перад заходам сонца, а ўвосень – сон на зямлі пасля Успення.
Народная медыцына супраць ліхаманкі
Каб пазбавіцца сясцёр-ліхаманак, выкарыстоўвалі разнастайныя сродкі. Напрыклад, вельмі дзейсным лічылася перадаць ліхаманку іншаму з якой-небудзь рэччу. Напрыклад, рэшткі ежы і пітва хворага аддавалі сабакам, каб хвароба сышла ад яго. Некаторыя, прыйшоўшы ад нядужага, самі прыкідаліся хворымі на ліхаманку, каб зласлівыя сёстры, убачыўшы, што рабіць ім тут няма чаго, пайшлі далей.
Знахары даўней раілі тым, хто хоча пазбавіцца ад ліхаманкі пайсці перад усходам сонца ці адразу пасля яго заходу на могільнік і кінуць на магілу хоць якую манетку. Лічылі верным сродкам ад трасцы і такі, калі хворы зойдзе ў першую-лепшую карчму за вёскай, кульне там адзін кілішак гарэлкі, а заплаціць за два, кажучы карчмару: “Сюды мая цётка зараз прыйдзе, то гэтую гарэлку вып’е”.
У якасці выратавальных сродкаў ад ліхаманкавых хвароб раілі піць свежы бярозавік, малако, ваду, адвары рамонка, каранёў бабоўніка, а таксама кары елкі, вярбы, вольхі. У маі гэтыя дрэвы шкрэблі, высушвалі і таўклі ў парашок. У якасці надзейных лекаў рэкамендавалі адвар з кары і лісця, сабраных на маладзік з дваццаці розных дрэў, якія трэба было піць тры дні запар, перад усходам і пасля заходу сонца. Палын настойвалі на гарэлцы або яго таўклі і пілі з казіным малаком. Рукапісныя лячэбнікі 18 стагоддзя раілі ад ліхаманкі каву з лімонным сокам (не больш за паўкубка), а таксама навар са скурак апельсіна. У верасні збіралі ягады ядлоўца, падсмажвалі іх, а потым пілі адвар з цукрам.
Ліхаманку лячылі і курынымі яйкамі. Дзеля гэтага трэба было спячы яйка над полымем і зарыць у свежую магілу нябожчыка або пакінуць недзе на раздарожжы ці ў балоце. Выпівалі бялок яйка чорнай курыцы, змяшаны з соллю і гарэлкай. Таксама асвечанае велікоднае яйка насілі на шыі, пакуль яно не засохне. Яйка ад чорнай курыцы разразалі на 77 частак – па колькасці ліхаманак, складалі іх у анучку, кідалі леваруч у бягучую ваду, прыгаворваючы: “Ёсць тутака вас 77, наце вам вячэру ўсем!”
Выкарыстоўвалі лекі з іншых прадуктаў жывёл і рыб. Заячае сэрца дзялілі на чатыры часткі, высушвалі і таўклі ў парашок, які распускалі ў вадкасці і пілі. Лячэбнікі таксама раілі з’есці шчупака, піць настоянку на жабах і вожыках. Хворага на ліхаманку загортвалі ў каровіну скуру і гадзіну трымалі ў ёй. Таксама на нейкі час хворага клалі на свіное лагавішча. А бывала, раілі пайсці ў поле, знайсці там якую костку, лепш чэрап жывёлы, узяць зубамі і, не дакранаючыся рукамі, прынесці ў хату. Калі трасца адступіцца, хворы павінен занесці тую костку таксама ў зубах назад і вяртацца не азіраючыся.
Лячылі абкурваннем ільняным семенем. У хворага адразалі пасму валасоў і пазногці, гэтым яго абкурвалі. Лячыліся і з дапамогай мошчаў святых. Імі націралі галаву.
Супраць ліхаманкі ў нашых продкаў існавалі і шматлікія талісманы. У анучцы на грудзях насілі змяіную галаву ці чмяля. Талісманам была суворая нітка, на якой у час чытання ў храме евангелля завязвалі 12 вузельчыкаў. Такой ніткай апярэзваліся ці кідалі яе ў бягучую ваду, каб з ёй сплыла хвароба. Завязвалі хоць на чым тры вузлы, калі ўпершыню ўвесну бачылі бусла. Такія вузлы давалі развязаць хвораму.
Талісманам былі яйцы ката, вяроўка, якой быў задушаны сабака, пярсцёнак, зроблены з цвіка ад труны.
Як магічны рытуал выкарыстоўвалі пралязанне або працягванне праз якую-небудзь адтуліну. Хворы пралазіў праз адтуліну ў дрэве ў адной кашулі, пакідаў яе, а потым апранаў чыстае адзенне. Распранутым трэба было бегчы ў гай, там знайсці дзве асіны, што выраслі з аднаго кораня і пралезці паміж імі. Пры гэтым хворы на трасцу павінен быў сказаць наступную замову: “Асіна, асіна, вазьмі маю трасіну, дай мне легату!”.
Трэба заўважыць, што страх перад хваробай забараняў нашым продкам лаяць ліхаманку, а наадварот трэба было пэўным чынам праяўляць пашану да яе.
Так, на Дзяды, каб залагодзіць “небяспечную цётку” і не наклікаць яе гнеў, “Трасцухну-матухну” таксама клікалі на святочную вячэру. Пра яе згадвалі з прыгаворкамі: “Няхай яна здаровенькая і вясёленькая ходзіць”.
Магія ніткі. Чаму яе лічылі сакральным элементам беларускага быту?