9 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень стаматолага. Пра стаматалагічнае здароўе беларусаў, новыя методыкі і тэхналогіі, магчымасці айчынных спецыялістаў у Нацыянальным прэс-цэнтры распавялі: галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па стаматалогіі Андрэй Мацвееў і рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, д.м.н., прафесар Сяргей Рубніковіч.
Акцэнт – на прафілактыку
Па словах Андрэя Мацвеева, летась колькасць пацыентаў, якія звярнуліся да спецыялістаў для прафілактычнага агляду поласці рота, склала каля 21%, з іх 10% былі практычна здаровыя альбо раней саніраваныя. Гэта сведчыць пра тое, што ўсё больш беларусаў клапоцяцца пра захаванне свайго стаматалагічнага здароўя, адзначыў эксперт. Ён дадаў, што для захавання здароўя поласці рота наведваць стаматолага неабходна не менш за 2 разы на год.
Ён дадаў, што рэалізацыя праграмы прафілактыкі стаматалагічных захворванняў дала адчувальныя вынікі. Напрыклад, пілотны праект, які рэалізуецца ў адной са школ у мікрараёне Лошыца, спрыяў таму, што захворванне на карыес у дзяцей да заканчэння школы скарацілася ў 2-3 разы.
Калі казаць у цэлым, структура захворвання поласці рота беларусаў застаецца нязменнай: 56% выпадкаў прыпадае на карыес, 18% – ускладненні карыесу, 11% – пульпіт і 5% – зубныя адкладанні.
Стаматалагічная дапамога і пандэмія
Наведванне стаматолагаў у першую хвалю каранавіруса знізілася на 20-30%. Але жыццё не стаіць на месцы, і да заканчэння мінулага года быў вернуты практычна той жа аб'ём наведванняў, які быў да каранавіруснай інфекцыі, – 90-95%, падкрэсліў Андрэй Мацвееў.
Многія хранічныя і стаматалагічныя паталогіі маюць агульныя фактары рызыкі. Менавіта таму стаматолагі выступілі з прапановай да Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўключыць стаматалагічныя захворванні ў пералік неінфекцыйных. Плануецца, што да заканчэння вясны будзе распрацаваная новая канцэпцыя СААЗ, якая таксама знойдзе сваё адлюстраванне ў праграмах прафілактыкі стаматалагічных захворванняў у Беларусі на 2022-і і наступныя гады.
Нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з эпідэміялагічным становішчам з-за пандэміі каранавіруса, ва ўсіх рэгіёнах былі арганізаваныя выязныя брыгады для неадкладнай стаматалагічнай дапамогі пацыентам з COVID-19 і тым, хто знаходзіўся на самаізаляцыі. Гэтая дапамога працягвае аказвацца ва ўсіх рэгіёнах.
Дарэчы, наша краіна ў кастрычніку ўдзельнічала ў нарадзе галоўных спецыялістаў па стаматалогіі краінаў Еўропы. Падчас гэтай сустрэчы было адзначана, што няма ніводнага задакументаванага выпадку захворвання на каранавірус у выніку заражэння ад стаматолагаў, распавёў Андрэй Мацвееў.
Новыя магчымасці дыягностыкі і лячэння
Стаматалогія – адна з галінаў медыцыны, якая дынамічна развіваецца па ўсіх сучасных інавацыйных накірунках. Напрыклад, распавёў Сяргей Рубніковіч, з Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН выконваецца работа, сутнасць якой заключаецца ў выкарыстанні геномных тэхналогій для дапамогі пацыентам з перапухліннымі і пухліннымі захворваннямі слізістай абалонкі поласці рота (выкарыстанне ДНК-секвеніравання ў ацэнцы мутацый генаў эпітэлію слізістай абалонкі).
Сумесна з калегамі з Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў рамках гэтага даследавання выконваецца доктарская дысертацыя, распрацоўваюцца і абгрунтоўваюцца метады дыягностыкі і лячэння гэтых пацыентаў.
З Інстытутам біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН рэалізуецца праект па клеткавых тэхналогіях. Распрацаваныя спосабы трансплантацыі аўталагічных мезенхімальных ствалавых клетак для лячэння стаматалагічных захворванняў (рэцэсіі дзясны, хранічнага перыядантыту).
Сумесна з Інстытутам фізіялогіі НАН Беларусі праводзіцца фундаментальнае даследаванне па лячэнні пацыентаў з дысфункцыяй скронева-ніжнясківічнага сустава ў спалучэнні з бруксізмам (скрыгатанне зубоў).
Распавёў Сяргей Рубніковіч і пра супрацоўніцтва з БНТУ. У прыватнасці, сумесна з універсітэтам створаная спецыяльная інтрааральная прылада для лячэння пацыентаў з сіндромам абструктыўнага апноэ сну і храпам. Гэтая распрацоўка летась заняла першае месца і атрымала залаты медаль на выставе ў Санкт-Пецярбургу як лепшы інавацыйны медыцынскі прадукт.