Site icon Слушна

Лягушка і жаба — лекары шырокага профілю

Лягушка

У старажытныя часы людзі выкарыстоўвалі ў лячэбных мэтах усё, што мелася пад рукой. Ды і ў наш час сыравінай для вырабу сродкаў служаць не толькі расліны, казуркі, але і розныя  жывёлы, у тым ліку земнаводныя, сярод якіх людзі спрадвеку вылучалі жаб і лягушак.

Лягушка ў возеры

Лягушка ці жаба?

Пакрытая бародаўкамі вільготная скура, вырачаныя вочы — усё гэта выклікала ў людзей страх, непрыязь і агіду. Даўней на беларускіх землях жабы лічыліся спадарожнікамі ведзьмаў. Пазней людзям стала вядома пра гаючыя ўласцівасці гэтых жывёл, і стаўленне да іх пачало паступова мяняцца.

Лягушка і жаба — гэта бясхвостыя чатырохлапыя земнаводныя. Лягушкі маюць мокрую гладкую скуру, доўгія лапы, жывуць групамі каля вадаёмаў. У жаб скура больш сухая, барадаўчатая, кароткія лапы. Яны жывуць паасобку на сушы, але аддаюць перавагу вільготнаму асяроддзю. Ікра ў лягушак у выглядзе камкоў, а ў жаб — доўгія ніці. Калявушныя залозы выдзяляюць яд. Яд лягушак можа выклікаць галюцынацыі, а яд жабак — загойвае раны.

У народных традыцыйных вераваннях абедзьве гэтыя жывёліны лічацца хтанічнымі істотамі і сімваламі плоднасці. З імі звязаны шматлікія легенды і павер’і.

Сродак любоўнай магіі

Паводле міфалагічных уяўленняў, у лягушак, як і ў вужоў, ёсць свой цар з каронай на галаве. Вобраз лягушкі шырока прадстаўлены ва ўсходнеславянскай вышыўцы. Голас лягушкі звязваецца з громам. Лічыцца, што ад пляўка лягушкі ў вочы, чалавек слепне, а хто кладзе з сабой у ложак котку, у таго ад яе муркатання ў галаве заводзяцца лягушкі.

Лягушка выкарыстоўвалася ў любоўнай магіі. Каб прывабіць каханага, трэба было суровай ніткаю, працягнутай з дапамогаю іголкі праз дзвюх лягушак, дакрануцца да жаданага чалавека. Існаваў і такі абрад. Шукалі дзвюх лягушак у працэсе спарвання, клалі іх у прадзіраўлены гаршчок і беглі да бліжэйшага мурашніка. Там закопвалі гаршчок з лягушкамі, а праз тры дні выкопвалі яго. Сярод костак гэтай істоты знаходзілі “відэлец” і “кручок”. Варта было дакрануцца да дзяўчыны “кручком”, і яна пачынала кахаць таго, хто здзейсніў чараўніцтва. А калі трэба было пазбавіцца ад любоўных чар, то адштурхоўвалі яе відэльцам, і каханне мінала.

Паводле павер’яў, “варкаванне” лягушкі было прыкметай змены надвор’я, звычайна гэта паказвала на дождж. Лягушка выступае і як каляндар для пачатку палявых прац. Так, буракі сеюць толькі тады, калі пачынаюць квакаць лягушкі. Пры дапамозе лягушак выклікалі дождж: іх прывязвалі дагары нагамі да плоту, ці разрывалі і хавалі каля крыніцы, або кідалі ў калодзеж ці на дарогу.

Каб пазбавіцца ад розных хвароб, таксама ўжывалі гэтых земнаводных. Сушаных іх таўклі, сыпалі ў ваду і ўжывалі ўнутр. Ад кашлю пілі навар з лягушак. Жывых лягушак выкарыстоўвалі ад жару. Іх прыкладалі да цела, вешалі на шыю, клалі за пазуху. У некаторых мясцінах высушаную лягушку таўклі ў парашок, зашывалі ў мяшэчак і некаторы час насілі на шыі, а потым выкідвалі на перакрыжаванне дарог.

Ад укусаў змяі і насякомых да раны брушкам прыкладалі жывых лягушак, мяняючы іх па меры акалявання.

У сярэдзіне 19 стагоддзя этнограф і археолаг А. Кіркор на тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі занатаваў, што да ранак ад укусаў прыкладалі лягушку, разарваную напалам, а затым пасыпалі нюхацельным тытунем, палівалі віном і малаком. У некаторых вёсках бралі гаршчок кіслага малака, кідалі туды лягушку і толькі потым яе прыкладалі да ўкушанага месца.

Ад шалудзівасці на галаве жывых лягушак клалі ў пусты гліняны гаршчок, закрывалі накрыўкай і замазвалі так, каб не выходзіла пара. Гаршчок некалькі разоў ставілі ў печ, каб лягушкі там добра высахлі. Потым іх даставалі і пераціралі на парашок. Такім парашком пасыпалі намазаную салам галаву хворага. Псіхічнахворым лягушкамі абкладвалі галаву.

Ад трасцы (ліхаманкі) знойдзеную на дарозе расчаўленую коламі лягушку спальвалі і попелам абкурвалі хворага. Нашча пілі настоены  на лягушцы вінны воцат або настой яе высушанай печані. Каб не захварэць на ліхаманку цягам года, кідалі праз плячо лягушку, знойдзеную напярэдадні свята Юр’я. Ад малярыі выкарыстоўвалі настой з лягушыных лапак. Рожу лячылі менавіта вясной. Дзеля гэтага рукамі расціралі ікру з жывой лягушкі. Рукі абціралі анучкай і даволі хвораму выцерці пашкоджаныя месцы. Меркавалі, што моц такіх лекаў дзейнічае цэлы год.

Каб паменшыць зубны боль і ўхіліць крывацечнасць дзяснаў раілі прыкладваць аладкі з парашка падсушаных лягушак да балючых месцаў.

Жаба = ведзьма?

У традыцыйных вераваннях беларусаў жабы — гэта людзі, якія перакінуліся ў земнаводных у выніку сусветнага патопу ці злоснага праклёну. У некаторых месцах жабу лічаць чараўніцай, а часам дачкой жанчыны і вужа. У міфалогіі жаба выступае як жонка бога Грымотніка. Паводле павер’яў, жаба або рапуха мае ўраклівы позірк: калі гляне ў вочы чалавеку, то накліча на яго сухоты. Рапуху падазравалі ў кантактах з чортам і меркавалі, што пад яе абліччам хаваецца ведзьма.

У некаторых вёсках яшчэ і ў наш час кажуць, што ў засуху, каб выклікаць дождж, трэба забіць жабу. А калі задажджылася, дык перасцерагаюць дзяцей, каб, наадварот, жаб не білі, а то дождж не перастане. Таксама верылі, што дождж будзе і тады, калі па агародзе скачуць маленькія жабкі.

 З жабамі звязаны розныя прыкметы і павер’і. Так, вельмі пашырана было павер’е, што цяжарнай жанчыне нельга калечыць жабу ці пераступаць цераз яе — інакш дзіця будзе гарбатае і доўга не навучыцца хадзіць. Таксама няможна гаварыць на немаўлятку “жаба”, бо потым тры дні яно не будзе расці. А вось прысутнасць жабы ў агародзе гарантуе добры ўраджай бульбы. Гуркі ж садзілі, як першы дзень жаба закрумкае на вадзе. Гаспадыні зберагалі ўлетку малако ад хуткага скісання тым, што пускалі туды жывых жабаў.

Тым не менш, забаранялася браць у рукі гэтых земнаводных, бо тады “паробяцца бародаўкі”. Жабу не трэба і дражніць, бо “як рассердзіцца да сікне ў вочы, то будуць вельмі балець, а падчас то й зусім аслёпнеш”, казалі даўней беларусы. Верылі: калі ў доме завяліся жабы, будзе бяда яго насельнікам. Бачыць жабу ўва сне азначала непрыемнасць, зайздрасць, страту маёмасці або непрыемнае спатканне. Лавіць жабу ўва сне — дарэмныя турботы.

Доктар Ква

У народнай медыцыне калі балела ў грудзях (такая хвароба таксама мела назву жаба), дык на кавалку бярозы выразалі выяву гэтай жывёлкі і прыкладалі яе пад бараду. Скурку рапухі выкарыстоўвалі і для тэрапіі трафічных язваў. З гэтай мэтай рэкамендавалі ўжываць скуру з тлушчам з жабечай лапаткі. Яе трэба было прыкласці да балючага месца і забінтаваць.

Ранкі ад укусаў змей і насякомых лячылі каменем-жабінцам. Гэты камень здабывалі такім чынам: садзілі вялікую жабу-рапуху ў гліняны гляк з дзірачкамі, завязвалі і ставілі ў мурашнік. Мурашы пранікалі праз дзірачкі і аб’ядалі мяса. Паміж касцямі ўтвараўся згустак – лячэбны камень. Такім каменем націралі ўкус.

У выглядзе жабаў уяўляюць мноства гарлавых хвароб. Існуе павер’е, што жаба падкрадаецца да чалавека, які спіць з раскрытым ротам, прасоўвае ў рот сваё доўгае джала і праводзіць ім па горле, якое ўмомант чырванее. Калі зняць і спаліць скуру спайманай жабы, можна спадзявацца, што хвароба не прыстане.

Ад рожы пазбаўляліся такім чынам: націралі ўвесну рукі “жабіным харкавіннем”. Таксама былі ўпэўнены, што  нашмараваная і высушаная ўвесну на палатне і потым змочаная ў вадзе жабіна ікра, калі яе прыкласці да хворага месца, абавязкова адгоніць рожу. Высушаную і стоўчаную скуру рапухі ўжывалі ўнутр для паляпшэння сардэчнай дзейнасці і памяншэння ацёкаў. Пры лячэнні шпор рапуху разрывалі напалам, прыкладвалі да падэшвы нагі і так хадзілі. Яе ж прыкладвалі пры закупорванні вен на назе.

Калі ж у чалавека здаралася гнойная ангіна, трэба было знайсці на рацэ жабу, узяць яе ў рукі і ўзмоцнена дыхаць сваім ротам на адлегласці 0,5 см у яе рот. Праз некалькі хвілін жаба пачынала раздзімацца і часта дыхаць. Тады яе выпускалі. Звычайна яна рабіла не больш за тры скачкі і памірала.  Хворы ж чалавек на працягу некалькіх гадзін мусіў адчуваць сябе нашмат лягчэй.

Час лечыць? Сакральнасць у народнай медыцыне

Exit mobile version