Site icon Слушна

Лёгкай вам паходкі. Сімптомы, дыягностыка і лячэнне пятачнай шпоры

Напэўна, ніводная частка чалавечага цела не адчувае такую нагрузку, як ступні. Іх функцыі заключаюцца ў перамяшчэнні цела, яны трымаюць вагу чалавека, падтрымліваюць яго кантакт і счапленне з паверхняй. Разам з тым, маларухомы лад жыцця ці, наадварот, празмерныя нагрузкі, няўдалы выбар абутку, лішняя вага, паталогіі будовы ступні і іншыя фактары могуць прыводзіць да развіцця розных захворванняў, якія значна пагаршаюць якасць жыцця.

Адным з такіх захворванняў з'яўляецца падэшвенны (плантарны фасцыіт). Яно больш шырока вядомае пад іншай назвай – «пятачная шпора». Хвароба хаця і не небяспечная, але здольная прынесці чалавеку вялікія пакуты і дыскамфорт.

Пра сімптомы і прычыны развіцця пятачнай шпоры, а таксама метады лячэння журналісту Слушна распавёў траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Глазкін.

Пятачная шпора

Пятачная шпора. Нагрузкі на ступню.

Чаму расце шпора? Падэшвенная фасцыя (пятачная шпора), растлумачыў Леанід Глазкін, – шчыльнае анатамічнае ўтварэнне, якое размяшчаецца ў вобласці падэшвы ступні. Па сутнасці, гэта пучок валокнаў, які праходзіць па ўсёй ніжняй частцы ступні і злучае пятачную костку з фалангамі пальцаў. Адна з яе задач – падтрымліваць зводы ступні і знешнюю форму. Дарэчы, каб яе адчуць, трэба выцягнуць пальцы – у такім становішчы падэшвенная фасцыя нацягваецца як струна.

У выніку ўздзеяння пэўных фактараў адбываецца траўмаванне падэшвеннай фасцыі, прычым самым слабым месцам з'яўляецца менавіта вобласць мацавання з пятачнай косцю. З-за пашкоджвальнага ўздзеяння ў гэтым месцы адбываюцца дэгенератыўныя змены, што і прыводзіць да развіцця захворвання.

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Прычынамі таго, што падэшвенная фасцыя траўмуецца, можа быць дэфармацыя ступняў, напрыклад, з-за плоскаступнёвасці. Усе адхіленні ад нармальнай анатоміі ступні спрыяюць таму, што пятачная фасцыя перанапружваецца, у гэтым месцы адбываюцца так званыя мікратраўмы, якія цягнуць за сабой развіццё пятачнай шпоры.

Акрамя гэтага, фактарамі, якія правакуюць развіццё захворвання, могуць быць:

  • працяглая празмерная нагрузка (часта выпадкі захворвання дыягнастуюцца ў прафесійных бегуноў, танцораў);
  • лішняя вага і атлусценне, якія ствараюць дадатковую нагрузку;
  • некаторыя прафесіі, звязаныя з неабходнасцю доўгага стаяння або руху, асабліва на цвёрдых паверхнях;
  • траўмы ніжніх канечнасцяў;
  • некаторыя захворванні (напрыклад, цукровы дыябет і падагра).

Дэгенератыўныя змены могуць адбывацца на працягу некалькіх гадоў, доўгі час нічым сябе не праяўляць да пэўнага моманту.

Сімптомы пятачнай шпоры

Асноўны сімптом захворвання – востры і моцны боль, асабліва пасля сну альбо пры нагрузцы на працягу дня. Адчуванне, што ачаг болю знаходзіцца глыбока ў пятцы. Першыя крокі раніцай могуць быць асабліва хваравітыя. Затым, пасля таго, як чалавек парухаецца, боль трохі сціхае.

Як вызначыць? Для дыягностыкі захворвання выконваецца рэнтгенаграфія ступні. Як правіла, на здымку добра бачныя так званы касцявы шып (адсюль хвароба і атрымала назву «пятачная шпора»). Ён фарміруецца з-за таго, што ў выніку мікратраўмаў здаровая тканка падэшвеннай фасцыі замяняецца шчыльнай, грубай злучальнай тканкай, каля пятачнай косткі назапашваюцца солі кальцыю.

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Асноўным сімптомам для пастаноўкі дыягназу з'яўляецца характэрны боль у вобласці пяткі. Разам з тым, шып фарміруецца не ва ўсіх людзей. Нярэдка бываюць выпадкі, што на здымку ён ёсць, а боль і непрыемныя адчуванні не турбуюць. І наадварот. Могуць быць усе сімптомы хваробы, а вынікі рэнтгенаграфіі сведчаць пра тое, што шып не ўтварыўся. Разам з тым, такое даследаванне выконваецца ў абавязковым парадку для выключэння больш сур'ёзных захворванняў.

Для таго, каб паменшыць боль пры руху, неабходна знізіць нагрузку на пятку. Напрыклад, для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя сіліконавыя ўкладышы для абутку.

На балючае месца некалькі разоў у дзень можна прыкладваць халодны кампрэс. Трымаць лёд, загорнуты ў тканіну, варта не больш за 15-20 хвілін. Гэта дапаможа зняць запаленне і боль.

Акрамя гэтага, рэкамендаваны прыём супрацьзапаленчых прэпаратаў, кратнасць прыёму і працягласць курса якіх прызначыць урач. Самалячэннем займацца не варта!

Эфектыўным спосабам лячэння з'яўляецца метад ударна-хвалевай тэрапіі (механічнае ўздзеянне на шпору з дапамогай гукавой ударнай хвалі). Працэдура спрыяе аднаўленню кровазабеспячэння і памяншэнню болевых адчуванняў.

У цяжкіх выпадках і пры моцным болевым сіндроме ў вобласць запалення выконваюцца блакады (ін'екцыі стэроідных прэпаратаў).

Прафілактыка пятачнай шпоры

На жаль, цалкам пазбавіцца ад пятачнай шпоры вельмі цяжка, адзначыў эксперт. Пры пэўным збегу абставінаў яна можа даць пра сябе ведаць зноў.

Зрэшты, адтэрмінаваць гэты момант дапаможа захаванне простых правілаў прафілактыкі. Яны заключаюцца ў тым, каб падтрымліваць здаровую вагу, выбіраць зручны абутак, з улікам усіх асаблівасцяў вашай ступні, у тым ліку і для заняткаў спортам, рэгулярна выконваць практыкаванні на расцяжку ікраножных мышцаў, ахілава сухажылля і фасцыі (напрыклад, штодня перакочваць нагой качалку альбо мячык).

https://bel.24health.by/daglyadem-pyatachki-kapsult-padolag/

 

Exit mobile version