Site icon Слушна

«Любіць» цукар і вузкія джынсы. 8 міфаў пра малочніцу ў жанчын

Не менш за 75% жанчын сутыкаліся з ёй хаця б раз у жыцці, а 50% – неаднаразова. Нягледзячы на гэта, чутак і здагадак вакол малочніцы дастаткова. Як звязаныя малочніца і цукровы дыябет? Ці можна заразіцца ў басейне альбо лазні? Ці праўда, што тампоны і стрынгі – правакатары развіцця хваробы? Ці перадаецца яна палавым шляхам? Ці дастаткова адной таблеткі, каб пазбавіцца ад праблемы? Чаму ласуны – у групе рызыкі?

Малочніца ў жанчын.

На пытанні журналіста інфармацыйнага партала Здаровыя людзі адказаў акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска Дзмітрый Трафімчык (@ginekolog_trofimchik).

Што такое малочніца?

Малочніца (вагінальны кандыдоз, кандыдозны кальпіт) – запаленчае захворванне слізістай абалонкі похвы, якое выклікаюць дрожджападобныя грыбы роду Candida.

Сімптомы захворвання – сверб, смыленне, белыя тварожыстыя выдзяленні з похвы. Па выглядзе яны нагадваюць сквашанае малако. Таму ў народзе вагінальны кандыдоз і празвалі малочніцай.

Прычыны малочніцы ў жанчын:

  • Стрэс.
  • Нерэгулярнае, незбалансаванае харчаванне.
  • Гарманальныя змены ў арганізме (у тым ліку выкліканыя цяжарнасцю, родамі альбо абортамі).
  • Бязладныя палавыя сувязі без прэзерватыва.
  • Фізічныя перагрузкі.
  • Прыём антыбіётыкаў.
  • Цукровы дыябет.
  • Авітаміноз.
  • Усе захворванні, якія суправаджаюцца імунадэфіцытам (ВІЧ).

Міф 1. Малочніцу можна не лячыць.

 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Лечаць не малочніцу, а яе сімптомы. Калі ў жанчыны няма скаргаў, дык, будзем шчырыя, часцей за ўсё яна і не здае аналіз. Пры выкананні БАК-пасеву глядзім на лічбы: калі колькасць Candida ў похве перавышае 104, дык патрабуецца лячэнне. Асабліва калі мы рыхтуем жанчыну да мацярынства ці яна ўжо цяжарная.

Міф 2. Малочніца перадаецца палавым шляхам.

 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. Навуковая грамадскасць не лічыць малочніцу інфекцыяй, якая перадаецца палавым шляхам. Аднак па розных звестках ёсць каля 40% верагоднасці таго, што пры неабароненым палавым акце можна «падхапіць» малочніцу.

Міф 3. Грыбкі, якія выклікаюць малочніцу, шкодныя. Ад іх трэба пазбаўляцца.

 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Грыбы роду Candida лічацца ўмоўна патагеннай флорай. Гэта значыць, у норме яны жывуць у арганізме на ўсіх слізістых абалонках: у кішэчніку (асноўнае месца пражывання), похве, слізістай страўніка, гартані, поласці рота. Пры звычайных суадносінах іншых кампанентаў гэтыя грыбы не аказваюць ніякага негатыўнага дзеяння. Аднак, як толькі парушыўся мясцовы імунітэт, мяняецца кіслотнасць похвы ў бок шчолачнага асяроддзя. Тады карысныя лактабактэріі, якія ў асноўным засяляюць слізістую похвы, гінуць. На іх месцы пачынаюць бурна, звыш меры, размнажацца ў тым ліку і Candida. З'яўляюцца клінічныя прыкметы хваробы.

Міф 4. Малочніца бывае толькі ў жанчын, якія жывуць палавым жыццём.

 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Малочніца бывае не толькі ў жанчын, але і ў мужчын. Праўда, у прадстаўнікоў моцнага полу слізістая абалонка на палавым члене вельмі малая. Таму і хварэюць яны прыблізна ў 6 разоў радзей за жанчын. Аднак пры гэтым могуць быць носьбітамі. Захварэць на вагінальны кандыдоз могуць і дзяўчынкі, якія яшчэ не жывуць палавым жыццём. Правакацыйнымі фактарамі робяцца прыём антыбіётыкаў, стрэс, падлеткавы ўзрост, пачатак менструацыі і г.д.

Міф 5. Малочніцай можна заразіцца ў басейне альбо лазні.

 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Захварэць на малочніцу пасля наведвання басейна ці лазні нельга. Але ёсць адзін тэарэтычны варыянт, пры якім гэта магчыма. Напрыклад, жанчына, хворая на малочніцу, пакарысталася ручніком. А потым іншая дама пачала выціраць ім прамежнасць.

Міф 6. Стрынгі і вузкія джынсы – правакацыйныя фактары для ўзнікнення малочніцы.

 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Блізкасць прамой кішкі і похвы – заўсёды фактар рызыкі таго, што кішэчная флора можа патрапіць у похву і выклікаць у тым ліку і малочніцу. Гінеколагі не любяць стрынгі, асабліва калі пацыентка праходзіць лячэнне. Гэтая ніжняя бялізна стварае эфект парніка, што дабратворна ўплывае на ўзмоцненае размнажэнне Candida. Да таго ж, стрынгі, як правіла, робяць з сінтэтычнай тканіны, яны не дыхаюць. Вузкія джынсы таксама не прызначаныя для штодзённага нашэння. Калі апранаць іх зрэдку, праблемаў не будзе. А вось пры штодзённым нашэнні яны робяцца фактарам рызыкі не толькі малочніцы, але і любых запаленчых працэсаў у похве.

Міф 7. Пракладкі і тампоны могуць быць прычынай малочніцы.

 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Пры правільным прымяненні тампонаў рызыкі ўзнікнення малочніцы няма. Тампоны мы раім прымяняць у тыя дні месячных, калі выдзяленні вялікія. Пры гэтым мяняць тампон не радзей чым праз 2-4 гадзіны, а таксама перад начным сном і на раніцу. Калі жанчына прымяняе тампоны ва ўсе дні месячных, шанцы на тое, што ў яе ўзнікне малочніца, узрастаюць. Узнікае, зноў-такі, парніковы эфект: тампон набракае, у похву не пранікае вонкавае паветра. Добрая падтрымка для актыўнасці анаэробных мікраарганізмаў. Працяглая адсутнасць паветра дрэнна ўплывае на лактабактэрыі, якім патрэбны ў тым ліку кісларод. Што тычыцца штодзённых пракладак, дык іх рэкамендуецца прымяняць толькі сітуацыйна, у тыя дні, калі выдзяленняў больш. Выкарыстоўваць іх з дня ў дзень не трэба.

Міф 8. Малочніцу можна вылечыць адной таблеткай.

 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Па факце можна. Калі гаворка ідзе пра востры стан, які здарыўся, умоўна кажучы, раз у год, а не пра хранічны працэс. Ёсць мноства прэпаратаў, аднакратны прыём якіх можа дапамагчы справіцца з праблемай. А калі малочніца не лечыцца ўжо 2 месяцы і больш, г.зн. праходзіць, а потым вяртаецца, патрабуецца іншая тэрапія: мясцовая і ўнутраная, накіраваная на павышэнне імунітэту.

Як яшчэ знізіць рызыку ўзнікнення малочніцы ў жанчын?

  • Зменшыць спажыванне цукру.
 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Першае, пра што пытаюся ў жанчын, якія ўжо не ў першы раз звяртаюцца з праблемай малочніцы: «Што вы ясце?» З'ела на свята торт – чакай малочніцу. Гэта класіка жанру. Да таго ж, у нашай ежы прысутнічае схаваны цукар. Candida – яго першыя спажыўцы. Як толькі колькасць цукру павялічваецца, умоўна патагенная флора адразу ажыўляецца і пачынае бурны рост.
  • Прымяняць біфідабактэрыі падчас курсу лячэння антыбіётыкамі.
 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Прымаючы антыбіётыкі, мы свядома губім частку кішэчнай і похвавай флоры. Адпаведна, лепей адразу дапамагчы кішэчніку і прымаць карысныя бактэрыі паралельна з лячэннем, не чакаючы малочніцы або дыярэі.
  • Зніжаць узровень стрэсу.

Наша жыццё поўнае напружання, таму адной з важных якасцяў сучаснага чалавека робіцца здольнасць аднаўляць душэўную раўнавагу. Для жанчын гэтая рэкамендацыя асабліва важная. Бо амаль усё жаночае здароўе завязанае на эмацыянальным спакоі. Знізіць узровень стрэсу могуць стасункі з блізкімі і сябрамі, хобі да душы, прагулкі на свежым паветры, медытацыі... Як толькі стрэс атакуе, адбываецца мясцовае зніжэнне імунітэту. І Candida тут як тут.

  • Адрэгуляваць гарманальны фон, наладзіць менструальны цыкл.
 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Калі нерэгулярныя менструальныя цыклы адбываюцца па гінекалагічных прычынах, варта адрэгуляваць іх. Ёсць такі ланцужок: полікістоз (асноўная прычына нерэгулярнага цыклу) – парушэнне адчувальнасці да інсуліну – цукровы дыябет 2-га тыпу. А на гэтым фоне і вагінальны кандыдоз.
  • Займацца абароненым сэксам альбо мець аднаго пастаяннага палавога партнёра.
 
Дзмітрый Трафімчык
Акушэр-гінеколаг 1-й ГКБ г.Мінска
Лічыцца, што чым больш палавых партнёраў было ў жанчыны, тым вышэйшы шанц падхапіць інфекцыю. Некаторыя гінеколагі сцвярджаюць, што кандыдозны кальпіт, ці малочніца, – своеасаблівы маркер таго, што мясцовы імунітэт знізіўся. І, магчыма, трэба шукаць інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. А хранічная малочніца, якая дрэнна паддаецца лячэнню, 100% падстава прызначыць дадзенае абследаванне. Нават калі жанчына кажа, што год ні з кім не жыла палавым жыццём.

Малочніца – распаўсюджаная, але зусім не такая ўжо і бяскрыўдная хвароба. З яе дапамогай жаночы арганізм сігналіць, што парушаны мясцовы імунітэт. А гэта нагода перагледзець рэжым дня, харчавання, сачыць за ўзроўнем гармонаў і г.д. Хранічнае ж цячэнне вагінальнага кандыдозу – важкі аргумент здаць аналіз на ІППШ.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version