Нягледзячы на тое, што за апошнія 5 гадоў колькасць беларусак рэпрадуктыўнага ўзросту скарацілася больш чым на 5%, зараз практычна кожны 4-ы жыхар краіны – гэта жанчына ва ўзросце ад 15 да 49 гадоў. Менавіта таму пытанням сацыяльнай падтрымкі, прыярытэту ў аказанні медыцынскай дапамогі жанчынам на ўзроўні дзяржавы традыцыйна надаецца самая пільная ўвага. Пра гэта заявіла на нядаўняй прэс-канферэнцыі, прысвечанай пытанням дэмаграфіі і рэпрадуктыўных тэхналогій, галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Людміла Кеда.
Вострыя вуглы дэмаграфіі
Разам з тым, зніжэнне колькасці жанчын дзетароднага ўзросту не магло не адбіцца на дэмаграфічных паказчыках. Пачынаючы з 2015 года, адзначалася зніжэнне нараджальнасці з узроўню 12,5 праміле да 9,3 праміле летась.
На думку эксперта, гэта абумоўлена шэрагам аб'ектыўных прычынаў:
- сёння ў актыўным дзетародным узросце пераважна жанчыны, якія нарадзіліся ў 1990-я гады і ў першай палове 2000-х, калі краіна знаходзілася ў так званай «дэмаграфічнай яме»;
- больш позняе ўступленне ў шлюб і нараджэнне першага дзіцяці, што прыводзіць да скарачэння дзетароднага перыяду. Напрыклад, з пачатку 2000-х сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб сярод жанчын павялічыўся на 2 гады да 26,5 года. Адпаведна, на больш позні тэрмін адкладаецца і нараджэнне першынца. Усё меней часу застаецца на нараджэнне другога і наступных дзяцей;
- зніжэнне колькасці шлюбаў і высокі ўзровень разводаў.
Таксама на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне аказваюць уплыў фундаментальныя змены ў функцыях сям'і, ролі мужчыны і жанчыны ў ёй, звязаныя з павелічэннем працягласці атрымання асноўнай адукацыi, выраўноўваннем мужчынскага і жаночага ўкладу ў фінансавае забеспячэнне сям'і.
Пры гэтым немагчыма адмаўляць тыя поспехі, якіх дамаглася Беларусь у частцы сістэмнага падыходу да забеспячэння і даступнасці медыцынскай дапамогі жанчынам і дзецям:
- Беларусь займае 8-е месца ў рэйтынгу краінаў з самымі нізкімі паказчыкамі неанатальнай смяротнасці.
- У рэйтынгу краінаў шчаслівага дзяцінства ў нашай краіны 35-е месца з 175 краінаў свету.
- Беларусь на 25-й пазіцыі ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краінаў.
- Мы ўваходзім у 50 лепшых краінаў па вядзенні цяжарнасці і арганізацыі родаў кваліфікаваным медперсаналам.
Акрамя таго, Беларусь – першая і пакуль адзіная дзяржава ў Еўропе, дзе ўдалося скараціць перадачу ВІЧ ад маці да дзіцяці і прыроджаных пранцаў (сіфілісу) да ўзроўню, які не ўяўляе пагрозу грамадскаму здароўю.
Асноўнае права кожнай дзяўчыны і жанчыны стаць маці замацаванае галоўным дзяржаўным дакументам – Канстытуцыяй РБ. Гэтак жа, як і гарантаваная ахова здароўя жанчын і дзяцей, захаванне правоў на сацыяльную і прафесійную рэалізацыю. Прасцей кажучы, у нашай краіне жанчына без праблемаў можа сумяшчаць атрыманне адукацыі, прафесійную кар'еру і мацярынства. Прычым выбудаваная рознаўзроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі дазваляе практычна кожнай жанчыне стаць маці і ў поўнай меры адчуць радасць мацярынства.
Права быць маці
Зараз у Беларусі дзейнічае адзін перынатальны цэнтр 4-га тэхналагічнага ўзроўню – РНПЦ «Маці і дзіця». Тут аказваюць дапамогу жанчынам з цяжкай акушэрска-гінекалагічнай і экстрагенітальнай паталогіяй з усіх рэгіёнаў краіны, ажыццяўляецца інтэнсіўная тэрапія і выходжванне нованароджаных, у тым ліку глыбока неданошаных, распрацоўваюцца найноўшыя медыцынскія тэхналогіі. Акрамя таго, дзейнічаюць 17 перынатальных цэнтраў 3-га ўзроўню, 27 перынатальных цэнтраў 2-га ўзроўню і 64 арганізацыі аховы здароўя 1-га раённага ўзроўню.
Прыемна, што ў апошнія гады назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да стабілізацыі родаў без ускладненняў. Летась іх удзельная вага склала 43,1%. Частата аперацый шляхам кесарава сячэння толькі крыху перавышае 30%, колькасць заўчасных родаў – усяго 4%.
Ужо многія гады радзільныя дамы працуюць па сістэме сумеснага знаходжання і падтрымкі груднога выкормлівання. А з 2018-га года адчыненыя для наведвання новаспечаных мамаў і нованароджаных роднымі і блізкімі.
Аднак, варта адзначыць, што ёсць «вострыя вуглы», над якімі яшчэ трэба будзе ўзмоцнена працаваць. Напрыклад, эксперт адзначыла, што на працягу апошніх 11 гадоў сярод людзей рэпрадуктыўнага ўзросту расце захворванне на інфекцыі, якія перадаюцца пераважна палавым шляхам (ІППШ).
Прычым сярод жанчын узровень захворвання амаль у 3,5 раза вышэйшы (у жанчын 702,2 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва, у мужчын – 214,6). Праблема ў тым, што ІППШ часцяком прыводзяць да бясплоддзя, невыношвання цяжарнасці, могуць выклікаць прэнатальнае інфікаванне з наступнымі недахопамі развіцця плода.
Дарэчы, таксама адзначаецца высокі ўзровень бясплоддзя. Калі ў 2005-м годзе сярод жанчын ва ўзросце ад 18 да 49 гадоў ён складаў 372,1 на 100 тысяч жаночага насельніцтва, дык летась ужо дасягнуў лічбы 752,4. І дзяржава таксама не засталося ў баку ад вырашэння гэтай глыбока драматычнай праблемы.
Са студзеня 2021 года ўступіць у сілу Указ «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», якім прадугледжана права парам у шлюбе на адну бясплатную спробу экстракарпаральнага апладнення. Пры гэтым і муж, і жонка павінны быць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, мець адпаведныя медыцынскія паказанні да працэдуры і адсутнасць супрацьпаказанняў.
Ёсць і яшчэ адзін нюанс: узрост жанчыны не павінен перавышаць 40 гадоў. Разам з тым, у разлік не будуць брацца спробы ЭКА, што рабіліся раней парай у шлюбе ў клініках недзяржаўнай формы ўласнасці.
Варта сказаць, што летась эфектыўнасць ЭКА склала 40,8%: з 1805 цяжарнасцяў, якія наступілі ў выніку экстракарпаральнага апладнення, 1802 скончыліся родамі, адзначыла Людміла Кеда.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!