Site icon Слушна

Майстру ад моладзі. Выстаўку тэкстыльных работ, прысвечаную Леаніду Шчамялёву, адкрылі ў Мінску

Амаж Леаніду Шчамялёву

У Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва ў Мінску прадстаўлена выстаўка мастацкага тэкстылю «Амаж Леаніду Шчамялёву». Мерапрыемства прымеркавана да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння вядомага народнага мастака Беларусі і арганізавана кафедрай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Амаж

Выстаўка аб'яднала работы самога майстра і творы яго паслядоўнікаў — студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, створаныя пад уражаннем ад творчасці Леаніда Шчамялёва. Экспазіцыя ўключыла ў сябе габелены, выкананыя ў тэхніцы ручнога ткацтва, а таксама лічбавыя прынты для тканін інтэр'ернага і касцюмнага прызначэння.

Апроч гатовых твораў, на выстаўцы прадстаўлены ўвесь творчы працэс: накіды, эскізы, кардоны, канцэпт-планшэты. Гэта дазволіць глыбей пагрузіцца ў задумку аўтараў і зразумець, як адбывалася пераасэнсаванне спадчыны Леаніда Дзмітрыевіча.

У стварэнні праекта ўзялі ўдзел пяць студэнтак Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам дацэнта Хрысціны Высоцкай, якая вельмі кранальна і глыбока ставіцца да творчасці Леаніда Шчамялёва.

— У майго бацькі была мара — выкладаць у Акадэміі мастацтваў. Але не склалася. — расказвае мастак па тэкстылі, дачка народнага мастака Маргарыта Шчамялёва. — Таму адкрыццё гэтай выстаўкі — мара майго таты, якая спраўдзілася. І яе рэалізавала ў жыццё выкладчыца Хрысціна Ігараўна, якая ўмее не толькі навучыць, але і матываваць студэнтаў на творчасць.

Выстаўка – гэта нізкі паклон майстру, чыя творчая спадчына натхняе новыя пакаленні маладых мастакоў. У перакладзе з французскай мовы аммаж азначае ўдзячнасць, даніну павагі. Менавіта гэтыя пачуцці паслужылі штуршком да стварэння праекту, які стаў вынікам творчых пошукаў у мастацтве і дызайне тэкстылю. Работы, створаныя паводле твораў Леаніда Дзмітрыевіча, які апяваў у сваім мастацтве свет, дабро, любоў да роднага краю, людзей і кожнага імгнення хуткаплыннага жыцця, набылі гучанне маладых галасоў і адкрылі новыя сэнсы.

Праект ствараўся на працягу 2022-2023 гг. студэнтамі Акадэміі мастацтваў. Яго ўдзельнікі – Аляксандра Наркевіч, Анастасія Сільчанка, Вераніка Грынцэвіч, Мілана Малафей і Юлія Гапановіч.

— Нам была зададзена высокая планка, — патлумачыла на адкрыцці праекта Хрысціна Высоцкая. — У мяне Маргарыта Леанідаўна вяла габелен. Тут, дарэчы, прадстаўлены габелен, які я рабіла пад яе кіраўніцтвам. Маі студэнты таксама стварылі габелены пад маім наглядам. У гэтым працэсе ёсць нітка пераемнасці. Мы разам усе тут знахозімся пад вялікімі крыламі Леаніда Дзмітрыевіча, які глядзіць на нас зверху і цешыцца, таму што свет тэкстылю робіць наша жыццё цяплей і радасней.

Гэты яркі праект стаў завяршальным у цыкле мерапрыемстваў, прысвечаных 100-гадоваму юбілею Леаніда  Шчамялёва, а таксама прымеркаваны да адной з найважнейшых падзей для нашай краіны — 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, унёс свой уклад як салдат і як патрыёт сваёй Радзімы.

Маргарыта Шчамялёва: «Мне пашанцавала з сям’ёй!»

Exit mobile version