Невялічкая вёска Завоссе, што ў Баранавіцкім раёне, назаўжды ўпісаная ў гісторыю сусветнай культуры як месца, дзе нарадзіўся адзін з найвядомейшых творцаў Адам Міцкевіч.
Штогод сюды з’язджаюцца госці на літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі», ладзяцца анімаваныя экскурсіі па сядзібе Міцкевічаў, літаратурна-тэатральныя дзеі, гістарычныя анімацыі, рамесніцкія кірмашы, мастацкія пленэры, дэгустацыі ды чаяванні…
Карэспандэнт «СЛУШНА» выправілася на фестываль і, апрача ўсяго іншага, даведалася пра гісторыі, звязаныя з малой радзімай пісьменніка.
Рэканструкцыя гісторыі
З тых часоў, калі нарадзіўся Адам Міцкевіч, мінула ўжо 222 гады. Сядзіба ў Завоссі з’яўляецца рэканструкцыяй дома Міцкевічаў, а аўтэнтычны будынак быў спалены падчас Першай сусветнай вайны ў 1916 годзе.
Пазней, калі гэтыя землі адышлі да тэрыторыі Польшчы (з 1921 па 1939 год), польскія вайскоўцы, будуючы там другую лінію абароны (калі з Мінска ехалі, непадалёк ад Баранавіч на палях бачылі бетонныя збудаванні), вырашылі ўславіць куточак, які нарадзіў такую слынную асобу, і за свіронкам (двухпавярховая пабудова на тэрыторыі сядзібы) у 1927 годзе паставілі абеліск з надпісам «Адаму Міцкевічу ад Рэчы Паспалітай». Падчас Другой сусветнай вайны абеліск быў разбураны, і толькі пасля Вялікай Айчыннай, у 1955 годзе, яго ўзнавілі.
На ім напісана па-беларуску «Тут, у Завоссі, 24 снежня 1798 года нарадзіўся вялікі паэт Адам Міцкевіч».
Калі набліжалася 200-годдзе з дня нараджэння Адама Міцкевіча, сядзібу ў Завоссі вырашылі адрадзіць. Летам 1993 года ў Баранавіцкі раён прыехалі прафесары з Мінска, Гродна, правялі археалагічныя даследаванні, падчас якіх знайшлі рэшткі пабудоў, спаленых у 1916 годзе. Падмуркі падвысілі, вонкавы выгляд сядзібы аднавілі па малюнку Эдварда Паўловіча 1843 года.
З правага боку ад уваходнай брамкі — калодзеж, далей хлеў для жывёлы, пасля гумно, куды звозілі неабмалочанае жыта. З левага боку ад уваходу — свіран: на першым паверсе знаходзіліся засекі для зерня, кублы з салам, розныя саленні, гаспадарчы рыштунак.
У цэнтры сядзібы — хата. Гэта тыповая шляхецкае збудаванне канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя, бо Адам Міцкевіч быў шляхціцам — вольным чалавекам. Тым не менш шляхта, якая жыла на гэтых землях, была бедная, таму шмат працавала, каб пракарміць сям’ю.
— Шляхецтва атрымоўвалі падчас вайны. Калі пачыналася чарговая вайна, шляхта мела абавязак — ісці бараніць сваю зямлю, — распавядае загадчык Музея-сядзібы «Завоссе» Віктар Дмухоўскі. — Шляхта выбірала ў вёсках ды на хутарах дужых хлопцаў, іх запісвалі ў атрады. Калі яны жывымі вярталіся дахаты, ім давалі і шляхецтва, і зямельны надзел. Многія потым нават не ведалі, што з ім рабіць: прадавалі або здавалі ў арэнду. Дзяцей у сем’ях было шмат. Калі жаніліся ці замуж выходзілі, бацька павінен быў кожнаму даць кавалак зямлі. У выніку сам ён, бывала, заставаўся ні з чым і, каб пракарміць сям’ю, вымушаны быў арандаваць зямлю.
Ад Яновічаў да Міцкевічаў
У пачатку XVIII стагоддзя жыў на сядзібе пан Яновіч. Працавіты быў, але дужа зайздросны. Хацеў, каб у яго было ўсё самае лепшае. Але ж на кожнае жаданне патрэбны грошы. У пана Яновіча іх не было. Прыкладам, упадабаў ён суседскага каня, дык не мог ні спаць, ні есці. Пачаў грошы пазычаць. У аднаго суседа, пасля ў другога… А калі надышоў час вяртаць доўг, адмовіўся. Суседзям абрыдла чакаць, і яны напісалі заяву ў Наваградскі суд. Кожны з крэдытораў, згодна з колькасцю грошай, якія пазычыў пан Яновіч, атрымаў паперу на пэўную маёмасць. Хтосьці каня забраў, хтосьці воз або сані…
— Самым вялікім крэдыторам пана Яновіча быў Юзэф Міцкевіч, родны брат дзеда Адама Міцкевіча, — тлумачыць Віктар Дмухоўскі. — Юзэф пазычыў 200 злотых і атрымаў паперу на сядзібу. Але ж гэта не азначае, што Міцкевіч да Яновіча прыехаў з паперай і забраў зямлю. Прыехалі Міцкевічы на сядзібу першы раз, Яновічы сустрэлі іх сабакамі, прыехалі другі — Яновіч з сынамі ўзялі стрэльбы… Тры гады новыя гаспадары не маглі ўступіць у правы маёмасці.
Міцкевічам абрыдла ездзіць на сядзібу, яны сабралі ўсіх сваякоў, сяброў, знёмых, пазычылі гармату, прывезлі ў Завоссе і паставілі за свіронкам. Пальнулі ўверх для страху. Сабакі пахаваліся, а пан Яновіч падумаў, што канец яму будзе, таму разам з сям’ёй нарэшце з’ехаў з сядзібы. Такім чынам, Міцкевічы арганізавалі па тым часе самы сапраўдны наезд. Дарэчы, паэма Адама Міцкевіча, якую ён пісаў у Парыжы, называецца «Пан Тадэвуш, або апошні наезд у Літве».
Так і жылі Міцкевічы — Юзэф і яго малодшы брат Базыль. Базыль знайшоў сабе ў ваколіцах жонку, нарадзіўся ў іх сын. У пачатку 1798 года памёр Юзэф, а пасля і жонка Базыля. Сядзіба засталася без гаспадыні. Сябры новага гаспадара падказалі яму, што пад Навагрудкам жыве маладая ўдава.
У верасні 1798 года Базыль паехаў у сваты, а гаспадаром на сядзібе пакінуў свайго сына Феліцыяна, якому на той момант было 12 гадоў. Пад Навагрудкам ён сустрэў Яновічаў, якія не забылі і не даравалі Міцкевічам наезд у Завоссі. Яны схапілі Базыля і збілі. Па вяртанні дадому, два ён месяцы хварэў і памёр. Феліцыян, разумеючы, што гаспадар з яго у 12 гадоў ніякі, напісаў ліст роднаму дзядзьку Мікалаю Міцкевічу: запрасіў яго кіраваць сядзібай.
Нараджэнне паэта
Атрымаўшы запрашэнне, Мікалай Міцкевіч прыехаў у Завоссе, а з ім і яго цяжарная жонка Барбара. Дагэтуль сям’я Мікалая жыла ў Навагрудку, дзе здымалі палову дома. Калі ж па запрашэнні пляменніка прыехалі на сядзібу, у Барбары пачаліся роды: з’явіўся на свет хлопчык, якому наканавана было стаць вялікім.
— Тры гады Міцкевічы пражылі ў Завоссі. Пасля Мікалай здаў сядзібу ў арэнду, сям’я пераехала ў Навагрудак. У самым цэнтры яны купілі кавалак зямлі, дзе пабудавалі мураваны дом, — распавядае загадчык музея. ¾ У 1806 годзе, калі сястра Мікалая Міцкевіча Барбара выходзіла замуж за шляхціца Стыпулкоўскага, ён на вяселле падараваў ёй сядзібу. Чаму? Мікалай быў адвакатам, працаваў у Навагрудку, дабірацца трэба было 30 кіламетраў, дарога займала шмат часу. І каб сядзібны дом не пуставаў, было прынятае такое рашэнне.
Знаёмства з Марыляй Верашчакай
У 1815 годзе Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Пасля трох гадоў навучання пазнаёміўся з братамі Верашчакамі, якія таксама вучыліся ў гэтым ўніверсітэце, а жылі ў Туганавічах — за 8 кіламетраў ад Завосся. На канікулах браты запрасілі Адама Міцкевіча да сябе на сядзібу. Ад маці з Навагрудка ён паехаў туды, дзе і пазнёміўся з Марыляй. Маладыя людзі пакахалі адно аднаго, але шчаслівага фіналу ў іх не атрымалася.
Адам быў бедны, а Марыля з багатай сям’і. Яе бацька быў прыяцелем Радзівіла, нават на паляванне разам ездзілі. Ва ўласнасці меў восем сёлаў з сялянамі. Адам бачыў, што адносіны з боку бацькоў Марылі змяніліся: яны не хацелі такога беднага зяця. Каханне віравала, і маладыя людзі дамовіліся, што Адам будзе прыязджаць да Марылі ноччу.
— З Навагрудка да Туганавіч таксама было далёка, таму малады чалавек папрасіў дазволу ў роднай цёткі Барбары Стыпулкоўскай, каб яна дазволіла яму падчас летніх кінкул пажыць на сядзібе, — расказвае Віктар Дмухоўскі. — Жанчына зразумела закаханага пляменіка і дазволіла пасяліцца ў яе. На другім паверсе свіронка Адам паставіў сабе ложак, пісьмовы стол. Днём займаўся вучобай, а як цямнела, сядаў на каня і ехаў у Туганавічы.
Так Адам Міцкевіч ад’ездзіў да Марылі тры гады, яны планавалі выправіцца ў Еўропу. Але ў 1823 годзе за ўдзел у Таварыстве філаматаў і філарэтаў пісьменнік быў арыштаваны царскімі ўладамі. Паўгода правёў у турме, а ў 1824 годзе быў высланы ў цэнтральныя раёны Расіі, дзе пражыў пяць гадоў. У Крыме ствараў свае Крымскія санеты, жыў у Маскве, у Санкт-Пецярбургу пазнаёміўся з Аляксандрам Пушкіным. Яны пасябравалі, разам чыталі творы ў літаратурным салоне Зінаіды Валконскай. Пушкін чытаў на рускай мове, Адам Міцкевіч — па-французску.
Парыжскі перыяд
У 1829 годзе пісьменнік на англійскім пароме пакінуў цэнтральную Расію і з’ехаў у Еўропу. Пакуль былі грошы, вандраваў: жыў у Італіі, Германіі, Швейцарыі, але большую частку свайго замежнага жыцця Адам Міцкевіч правёў у Парыжы, дзе працаваў выкладчыкам славянскіх літаратур.
Малую радзіму Адам Міцкевіч пакінуў ва узросце 25 гадоў. Назад ужо не вярнуўся. Памёр пісьменнік у 1855 годзе ў Канстанцінопалі (цяпер Стамбул), праз год яго прах перазахавалі ў Парыжы, а ў 1890 годзе парэшткі перавезлі ў старажытны замак Вавель у Кракаве, дзе яны знаходзяцца па сёння.
У адноўленай сядзібе
Уваход у сядзібу — праз парадныя сенцы, дзе гаспадары віталі гасцей, а на святы ладзілі танцы. Дзецям тут дазвалялася забаўляцца, каб не перашкаджаць дарослым падчас застолля. Усе ўнутраныя інтэр’еры створаныя паводле паэмы «Пан Тадэвуш», таму і экспазіцыя называеца «Вяртанне Пана Тадэвуша». Парадныя сенцы падзяляюць дом на дзве паловы: з правага боку ад уваходу пакоі гаспадароў, з левага — служкаў.
У адноўленай сядзібе ёсць і дакументальная зала. Тут можна пабачыць рэчы, знойдзеныя падчас археалагічных даследванняў. Гэта рэшткі посуду, крыжыкі, гузікі, сталовыя прыборы… На сцяне пакоя — малюнак мастака Эдварда Паўловіча 1843 года, па якім была адбудаваная сядзіба. Эдвард Паўловіч быў выкладчыкам гімназіі ў Навагрудку, дзе вучыўся Адам Міцкевіч. Есць у экспазіцыі і дакументы, якія сведчаць, хто плаціў падатак за гэтыя землі.
Шляхта збіралася на абед у сталовай ці гасцёўні. Пасярод пакоя стаіць стол з лавамі, па цэнтры — месца гаспадара, якое без яго дазволу ніхто не мог заняць. Абавязковым атрыбутам у шляхецкай гасцёўні была шабля. Тут можна ўбачыць і буфет з аўтэнтычным посудам.
Пасля мы трапляем у вуглавы пакой з камінам, дзе і нарадзіўся Адам Міцкевіч. На сцяне — выявы бацькоў пісьменніка, партрэт, дзе Адаму Міцкевічу дваццаць гадоў — ён студэнт Віленскага ўніверсітэта. Пад партрэтам — ліст на польскай і беларускіх мовах рукою малодшага брата пісьменніка Аляксандра да старэйшага брата Францішка, у якім апісана нараджэнне ўсіх братоў.
Аляксандар піша: «Чатырох сыноў маці нарадзіла ў Навагрудку, а свайго другога сына Адама Бернарда нарадзіла тут — у Завоссі ва ўглавым пакоі з камінам».
Павітухай для Адама Міцкевіча была шляхцянка Маладзецкая, якая ў сярэдзіне XIX стагоддзя жыла ў Сталовічах – вёсцы за 15 кіламетраў адсюль. Яна таксама падцвердзіла, што Адам Міцкевіч нарадзіўся ў вуглавым пакоі.
– Шляхцянка Маладзецкая ведала такі звычай: каб дзіця было разумнае, у момант, калі пераразаюць пупавіну, трэба было падкласці разумную кнігу, – прыгадвае Віктар Дмухоўскі. — Якая ж разумная кніга магла быць на стале ў адваката? Вядома ж, судовая справа. Таму і ў экспазіцыі ў маленькім пакоі на стале ляжыць кніга ў чорнай скураной вокладцы.
Яшчэ адзіны цікавы пакой у экспазіцыі называецца «Аптэчка». Тут захоўваюцца лекавыя травы, бутэлькі з настойкамі, мазі. Побач – спальня. Калі праводзіць аналогію з паэмай «Пан Тадэвуш», то гэта пакой Зосі – галоўнай гераіні паэтычнага твора. У экспазіцыі прадстаўлены музычны інструмент — фісгармонія, столік з люстэркам ды сукенка, якая дагэтуль чакае сваю гаспадыню.
Насупраць парадных былі сенцы гаспадарчыя. Гаспадыні падчас хатніх спраў не трэба было выходіць праз парадыя дзверы, яна адчыняла гаспадарчыя і ішла ў сад ці па сваіх справах.
Апошні пакой у экспазіцыі — кухня. Памеры памяшкання невялікія, галоўны экспанат — печ. Яна служыла толькі для прыгатавання ежы. На кухне абавязкова была дзяжа для хлеба, стаяла яна пад абразамі. Адчынялі яе, цяпло з печы ішло, і цеста падымалася, пасля пяклі хлеб...
Атмасфера ў сядзібе Адмама Міцкевіча не толькі ўтультная, але і містычная. Супрацоўнікі музея жартуюць, што духі не пакідаюць пакоі, а заўжды чакаюць гасцей.