Site icon Слушна

Мамам пры выпісцы з радзільнага дома будуць дарыць скрынкі з рэчамі для малога

У Мінску стартавала апытанне бацькоў, з улікам вынікаў якога будуць сабраныя скрыні ў падарунак для сем'яў нованароджаных. Будучыя таты і мамы, а таксама тыя, хто ўжо стаў бацькамі, змогуць выбраць рэчы, якія, на іх думку, стануць добрай дапамогай для догляду малых. Прагаласаваць можна на сайце mamapro.by.

Па словах кіраўніка праекта «Pro» акушэра-гінеколага Дыяны Мардас, вынікі галасавання будуць падведзеныя на працягу месяца. Плануецца, што ўжо да Дня маці, які адзначаецца 14 кастрычніка, першыя боксы ў падарунак уручаць шчаслівым бацькам радзільнага дома 5-й гарадской клінічнай бальніцы сталіцы.

Традыцыя ўручаць мамам малых скрыначкі з неабходнымі рэчамі (падгузнікамі, адзеннем, цацкамі, сродкамі гігіены) сёння ёсць у больш чым 80 краінах. Напрыклад, у скандынаўскіх краінах у такіх боксах можна знайсці невялікі матрац, коўдру, прасціну і наматрацнік, адзенне для самых маленькіх, падгузнікі і пялюшкі, ручнік, шчотку для валасоў, дзіцячы крэм і тэрмометр.

Маладыя бацькі часта сумняюцца, што ж сапраўды неабходна малышу. Якім павінен быць матрац? Якія падгузнікі абраць? А ці так патрэбен крэм або лепш выбраць прысыпку? «Царапкі», бодзі, шапачкі, пустышкі, бразготкі... Ва ўсёй разнастайнасці прапанаваных тавараў лёгка разгубіцца нават дасведчаным мамам і татам.

 
Дыяна Мардас
Акушэр-гінеколаг 5-й ГКБ Мінска, аспірант кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА
Па выніках анкетавання вызначым, што пакласці ў скрынку. Яе змесціва будзе дапамагаць маці ў першы час.

Спецыяліст адзначыла таксама, што свой уклад у фарміраванне боксаў змогуць унесці ўсе беларусы. І вынікам такіх сумесных намаганняў, упэўненая Дыяна Мардас, стане сапраўды карысны бацькам і малым набор.

Як адзначыла эксперт, ва ўсіх грамадскіх праектах каманды «Pro» ёсць навуковая аснова. Было праведзена вялікае даследаванне сярод жанчын. Мамы распавялі пра тое, як прайшлі цяжарнасць, роды, што ім хацелася б змяніць. У выніку нарадзілася некалькі праектаў, адзін з якіх – скрынкі ў падарунак для новаспечаных бацькоў.

 
Дыяна Мардас
Акушэр-гінеколаг 5-й ГКБ Мінска, аспірант кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА
Мы разумеем: чым лепш прайшла першая цяжарнасць, чым лепш прайшлі першыя роды, чым больш жанчына ад гэтага атрымала пазітыву, тым больш у яе будзе жадання стаць мамай яшчэ раз. Таму наша ўвага накіравана таксама на тых, хто чакае дзіця ўпершыню. Мы лічым, што за нашымі праектамі будучыня, каб нашы радзільныя дамы станавіліся яшчэ больш «хатнімі», такімі, куды хацелася б вярнуцца.

Першыя вынікі апытання будуць прэзентаваныя на навучальным мерапрыемстве «ТатаPro», якое пройдзе 15 верасня ў ГЦ «Gallerea Minsk».

Exit mobile version