А навагоднія святы – працягваюцца! Як для прыхільнікаў хрысціянства, так і для аматараў народных традыцый. З 6-га па 19-га студзеня да нас традыцыйна прыходзяць Каляды, 6-га ў каталікоў – Тры Каралі (Аб’яўленне Пана), 7-га ў праваслаўных – Раство Хрыстова.
І таксама традыцыйнымі робяцца прыгожыя і душэўныя вітанні нашых продкаў: «Святы вечар!» альбо «Святы вечар добрым людзям!»
Як зазначала ўжо раней, у наш час паядналіся-перапляліся святкаванні паганскія (язычніцкія) з народнымі ды хрысціянскімі традыцыямі. І асабіста я не бачу ў гэтым нічога благога. Як умеем, так і святкуем. Абы – добры настрой, жаданне і зычэнне добрага ўсім вакол, вера ў душы і сэрцы…
А вы ведаеце, што ў гэтыя сакральныя дні Сусвет нас чуе?! Бо ў ноч з 6-га на 7-га студзеня «нябёсы расчыняюцца», быццам якісьці містычны партал. Кажуць: каб спраўдзілася самае таемнае жаданне, трэба загадаць яго ў гэты час. Толькі яно павінна быць шчырым і (даруйце, калі зараз расчарую) – нематэрыяльным.
Загадваць раяць у цяперашнім часе, а не ў будучым. Быццам тое жаданае ўжо ёсць. Без ўсялякага «не» (замест «Я не хварэю цэлы год» – «Я здаровая цэлы год»). Лепей рабіць гэта ў цемры, пазіраючы ў начное неба. Выдатна, калі яно будзе зорным. Зрэшты, як пашанцуе…
Лічыцца, што дапамагаць спраўджваць жаданні будуць анёлы, якія ў гэтыя святыя дні спускаюцца на зямлю. І сярод іх – душы памерлых. Яны нас чуюць, яны нас падтрымліваюць, нясуць суцяшэнне…
Наўрад ці такімі ўзнёслымі катэгорыямі думалі нашыя продкі. Бо ў пярэдадзень Калядаў столькі рэальнай працы трэба было перарабіць! Не да жаданняў. Абавязкова трэба прыбрацца ў хаце і гаспадарчых пабудовах. Шмат усяго нагатаваць. Бо лічылася: калі стол на Каляды і частаванне гасцей будзе шчодрым, дык і ўвесь год такім выдасца.
Асноўныя ж застоллі, кажучы сучаснай мовай, былі строга рэгламентаваныя. І найперш гэта – тры куцці. Напярэдадні Раства (з 6-га на 7-га студзеня) – галодная, перад цяперашнім старым Новым годам (з 13-га на 14-га студзеня) – багатая, шчодрая, перад Вадохрышчам (з 18-га на 19-га студзеня) – ізноў галодная, альбо «вадзяная».
І хаця першая куцця была ўсяго толькі «галоднай», на яе гатаваліся посныя стравы, нічога тлустага, яна ж была і самай важнай з трох. Хаця чаму – была?! Ёсць! Думаю, і сярод нашых чытачоў багата тых, хто захоўвае ў сваіх сем’ях гэтыя народныя традыцыі…
Тады, зразумела, вы цудоўна ведаеце, як афармляецца 6-га студзеня стол (на яго – сена ці салому, зверху – абрус). Што страў павінна быць 12. І што на стале насамрэч павінна стаяць прыгатаваная куцця. А паколькі куцця, значыць, вячэра рытуальная, абрадавая.
Таму, калі пасля з’яўлення на небе першай зоркі сям’я садзілася за стол, трэба было паклікаць: «Мароз, Мароз, хадзі куццю есці!». У іншых жа мясцовасцях вячэра была прысвечаная памерлым продкам (дзядам). І, як на аднайменнае восеньскае свята, клікалі менавіта іх і адкладалі ў чыстую талерку па лыжцы страваў.
Дзяды, анёлы, душы… Іх прысутнасць у гэты магічны вечар, здаецца, адчуваецца фізічна. Нават калі вы не святкуеце Раство ці Каляды ў народных альбо хрысціянскіх традыцыях, а проста пазіраеце ў неба і думаеце пра тых, каго страцілі…
Вернікі з вялікім хваляваннем сустракаюць Раство Хрыстова. Хто – у храме, а хто, улічваючы сучасныя няпростыя рэаліі, – дома… Бо Бог, як вядома, у душах і сэрцах тых, хто верыць па-сапраўднаму…
Шмат увагі нашыя продкі надавалі таксама абрадавым дзеянням, накіраваным на дабрабыт сям’і, здароўе ўсіх сямейнікаў. Напрыклад, 7-га студзеня стараліся прынесці ў хату свежай вады са студні ці крыніцы. Яна з’яўлялася сімвалам ачышчэння і здароўя.
А ведаеце, што за ўпрыгажэнне ў хатах было на Каляды?! Не-а, не ялінка. Саламяны павук! Прычым існавала традыцыя напярэдадні Калядаў спальваць той, які вісеў цэлы год (і ён павінен забраць з сабой усё старое, дрэннае, хваробы і нястачы), і рабіць ды падвешваць новы. Шанцуе тым, хто ўмее рабіць такога павука!
А ў мяне замест яго вісіць з мінулага года саламяны званочак, падораны сяброўкай Варварай з Салігорска. І далібог, рука не ўздымецца яго спаліць! Увогуле, асабіста мяне рэчы з саломы проста зачароўваюць! Трымаеш іх у руках – і адчуваеш цеплыню і штосьці такое добрае, спрадвечнае, надзейнае…
Ну, а далей да нас прыходзяць уласна Каляды – як вясёлае свята, калі з хаты ў хату (альбо з кватэры ў кватэру – сучасны варыянт!) ходзяць калядоўшчыкі. Асабліва, калі яны сапраўдныя.
Калі іх мэта – жадаць гаспадарам здароўя, дабра, дабрабыту, ставіць забаўныя спектаклі, рабіць усё ад душы, па традыцыях продкаў. А не проста запатрабаваць пачастунак і грошы, «вадкую валюту» за «два прытопы – тры прыхлопы»… Што, на жаль, у горадзе цяпер найчасцей і назіраецца.
А вось у вёсках… У вёсках можна сустрэць яшчэ душэўнае, традыцыйнае, сапраўднае калядаванне. Не пастановачнае, заўважце!
Даўней лічылася вялікай абразай не пусціць калядоўшчыкаў у хату. Не бачыць тады яе жыхарам добрага жыцця на цэлы год. А многія вяскоўцы крыўдзіліся, калі калядоўшчыкі абміналі іх жытло…
Што ж датычыцца калядавання сёлета… Дык штосьці я задумалася. А наколькі бяспечнымі будуць маскі Казы, Мядзведзя ды іншых падчас пандэміі каранавіруса? Альбо трэба іх зрабіць сучаснымі, надзеўшы наверх медыцынскія? Ці лепей не пускаць усё ж у жытло калядоўшчыкаў па тых жа прычынах – каранавірус?!
… З пакалення ў пакаленне перадаюцца народныя традыцыі. Змяняюцца, удасканальваюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Але галоўнае, вядома ж, хаваецца не столькі ў знешняй атрыбутыцы, колькі ў нашых душах і сэрцах.
Са светлым Раством і вясёлымі Калядамі вас, шаноўныя сябры! Дабра і дабрыні, веры, надзеі, любові, кахання. Святы вечар усім нашым добрым чытачам!