Site icon Слушна

Мартынаў дзень: па імёнах клічам… зоркі!

Ужо з гары пакацілася Масленіца… Масленічны тыдзень набірае разбег. Напрыканцы яго, у першы дзень каляндарнай вясны, 1-га сакавіка, нас чакае Даравальная нядзеля. А сёння, 26-га лютага, – Мартынаў дзень. Ці – Марцініянаў. І таксама – адмысловыя народныя традыцыі, у тым ліку і са здароўем звязаныя.

Мартынащ бдзень. Глядзець у зорнае неба.

Цікава, што дзень гэты нашыя продкі называлі яшчэ Светлым. І лічылі, што трэба ад дрэнных думак ды спакусаў ачысціць галаву, задумацца пра ўмацаванне сям’і, а таксама ў прамым сэнсе ачысціцца ад бруду, старанна прыбраўшыся ў хаце. Хто не палянуецца, таго павінны чакаць поспех і ўдача ва ўсіх справах і пачынаннях – у далейшым.

Эх, і чаго ж 26-га ў нас – серада?! Паспрабуй прыбрацца, калі цалюткі дзень на працы ды яшчэ плюс дарога да яе і назад... Ну, хаця б абазначыць тады прыбіранне занятым працоўным людзям можна. Увечары. А раілі найперш скласці рэчы ў шафах ды вымесці смецце з усіх куткоў, куды, магчыма, падчас шараговага прыбірання рукі не даходзяць.

А цяпер – непасрэдна пра зоркі і здароўе. Вачэй. Праўда, тут розныя крыніцы падаюць розную інфармацыю. У адной – што ўвечары (апоўначы, уночы) трэба выйсці на вуліцу, глядзець у неба, калі на ім бачныя зоркі, і зваць іх па імёнах. Вось пытанне: па якіх? Па назвах??? У старажытнасці лічылася, што зоркі пачнуць тады ў адказ свяціць ярчэй, і гэта дадасць вачам зоркасці. Асабліва раілі так рабіць людзям з дрэнным зрокам.

Альбо маюць рацыю ўсё ж іншыя крыніцы?! Маўляў, белыя зоркі – гэта душы памерлых, якіх абавязкова памінаюць 26 лютага, у Мартынаў дзень. І трэба іх клікаць па імёнах, узіраючыся ў зорнае неба. Гэта і ўспамін, і ўшанаванне, і памяць роду. І – просьба дапамагчы ў цяжкую хвіліну.

Мне здаецца, што і адно, і другое мае права на жыццё. Галоўнае – каб зоркі былі бачнымі. Вось як увечары 24 лютага, у панядзелак. Цёмнае-цёмнае, але зусім не злавеснае неба. Прыгожае. Аксамітнае. Як покрыва. І на ім такія ўжо яркія зоркі! Ды столькі іх! Як бывае самай сапраўднай зімой у вялікі-вялікі мароз! Паглядзім, ці парадуе нас такой жа прыгажосцю гэты вечар…

А я, мабыць, так і буду ўвесь час, гледзячы ў зорнае неба… Не, не пра паляпшэнне зроку думаць. А прыгадваць сваё маленства, настольную гульню, падчас якой былі вывучаныя ўсе назвы зорак, сузор’яў, планет… Тагачасныя багатыя проста на снег і мароз зімы з вось такімі яркімі-яркімі зоркамі…

Я буду прыгадваць, як напрыканцы 2012-га-напачатку 2013-га часта ўзіралася ў зорнае неба – у надзеі пабачыць маленькую яркую кропку, якая рухаецца. І выглядала я там не самалёт, не зорку, якая падае… А Міжнародную касмічную станцыю, дзе знаходзіўся ў той час мой аднакласнік, трэці касманаўт – ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі.

Гэта ж колькі часу прайшло пасля самага першага яго старту… І нават фільм «Зямляк» мы паглядзелі. Алег Навіцкі здзейсніў ужо і другі касмічны палёт. Рыхтуецца да трэцяга… А я ўсё ніяк не магу ўкласці ў галаве: як гэта??? Быць там, сярод зорак?! Так блізка, што, здаецца, можна пакратаць любую… І глядзець на іх, колькі хочаш! У любы дзень ці ноч, паляпшаючы зрок.

Ну што, шаноўныя сябры, будзем сёння глядзець на зоркі?! 🙂

А вяртаючыся да іншых прыкметаў, традыцый і абрадаў Мартынавага дня… Не, пра зімовыя прыкметы на вясну я нават і ўзгадваць не буду! Бо зімы як не было, так і няма. Ужо ў сеціве кажуць пра тое, што яна ўвойдзе ў гісторыю як зіма, якой… не было.

А вось гаспадыням трэба мець на ўвазе, што шыць, ткаць, вышываць, прасці сёння, па ўяўленнях нашых продкаў, нельга! Бо гэта нібыта можа прывесці да пагаршэння зроку. Вось такі ён, гаспадар гэтага дня – Мартын. Дае адпачыць жанчынам… 🙂 Хаця для многіх прыбіранне – праца, а рукадзелле – якраз-такі адпачынак. Я асабіста таксама сярод гэтай большасці.

26-га лютага не раяць прымаць паспешлівых рашэнняў, высвятляць адносіны, займацца грашовымі справамі (у тым ліку і планаваць пакупкі). Затое можна і трэба сустракацца са старымі сябрамі, а маладым сем’ям – збірацца разам і дзяліцца вопытам сумеснага жыцця!

А напрыканцы мне хочацца працытаваць маё любімае з творчасці нашага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Здаецца, і да Мартынавага дня, калі таксама не раілі сварыцца, яно падыходзіць як найлепш. Памятаеце?! «Хто мы такія? Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор?»

Exit mobile version