Site icon Слушна

Машына часу. Хто яны – хірургі сярэднявечнай Беларусі?

Сярэдневечныя хірургічныя інструменты

У часы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай наданнем медыцынскай дапамогі насельніцтву беларускіх земляў займалася спецыяльная катэгорыя рамеснікаў – барберы і цырульнікі. Што ж гэта за прафесіі такія? І чым адрозніваецца цырульнік 17 стагоддзя ад сучаснага майстра?

У наш час слова «цырульнік» у беларускай мове азначае чалавека, які стрыжэ людзей і робіць фрызуры. Само слова «цырульнік» паходзіць ад лацінскага сirrus (локан, кудзер). Але яшчэ не так даўно пад словам «цырульнік» разумелі спецыялістаў, якія выконвалі  шырокае кола паслуг – стрыглі валасы і галілі бараду, зразалі мазалі, аказвалі тэрапеўтычную дапамогу, упраўлялі вывіхі, рабілі розныя хірургічныя аперацыі, у тым ліку і ампутацыі.

Згодна з інвентарамі 16–17 стагоддзяў, на тэрыторыі сучаснай Беларусі медыкаў з універсітэцкай адукацыяй было няшмат. Дый тыя працавалі ў каралёў, біскупаў і магнатаў. Да таго ж, у іх абавязкі ўваходзіла толькі тэорыя: разважаць над прычынамі хваробы, сродкамі яе лекавання, даваць парады хворым.

Рабіць жа рукамі такія маніпуляцыі, як кровапусканне, масаж або перавязку для дыпламаванага спецыяліста было недапушчальна. Гэтым займаліся ў тыя часы такія вандроўныя майстры, як «барберы», якія валодалі багатай практыкай. Словы «барберы», або «бальверы», паходзяць з грэчаскай і лацінскай моваў, вытворныя ад слова «барада». Яны займаліся ў асноўным стрыжкай і галеннем барады, але апрача гэтага валодалі пэўнымі хірургічнымі ўменнямі. Барбер мог пусціць кроў (адзін з галоўных метадаў лячэння ў сярэднявеччы), паставіць п’явак, прамыць і падшыць рану, паставіць банкі, выдаліць зуб.

кроваспусканне

З архіўных звестак мы даведваемся, як 17 лютага 1556 года ў Гародне пабіліся Хведар Сасін і Андрэй Нікіфаровіч. Апошні пацярпеў значна больш і звярнуўся ў суд па кампенсацыю ў памеры дзве копы грошаў. Гэта на той час 4 злотых або 120 грошаў «за барберства». Мяркуючы па ўсім, Нікіфаровіч пацярпеў дастаткова моцна, паколькі першы дакументальна вядомы гарадзенскі барбер Ян у 1540–1541 гадах браў за лячэнне раны ў сярэднім каля дваццаці грошаў.

Ужо да сярэдзіны 17 стагоддзя тэрмін «барбер» замяняецца паняццем «цырульнік». Яны таксама былі пераважна лекарамі, а само слова цырульнік, паводле адной з версій, — змененае лацінскае «хірург». У цэлым у ВКЛ існавала даволі стройная сістэма цырульніцтва. Справа ў тым, што да гэтага часу ў Заходняй Еўропе ўжо сфармавалася цэхавая арганізацыя дзейнасці цырульнікаў. У пэўнай ступені яна была перанесена і ў ВКЛ.

Цэхі айчынных цырульнікаў (ці хірургаў) па структуры не адрозніваліся ад цэхаў іншых прафесій: яны складаліся з майстроў (братоў), чаляднікаў (таварышаў) і вучняў (хлопцаў), мелі свой цэхавы дом. Улада ў цэху належала майстрам. Майстры выбіралі старшыню і ключніка (казначэя), якія кіравалі адміністрацыйнымі справамі цэха, захоўвалі ў спецыяльным куфары каралеўскія прывілеі, пячатку і касу.Цэхі адначасова былі і школамі цырульнікаў. Каб авалодаць мастацтвам цырульніка, не патрэбна была агульнаадукацыйная падрыхтоўка.

Будучы цырульнік мусіў прадставіць дакументы, якія сведчылі пра законнае нараджэнне і паходжанне ад прыстойных, шанаваных у грамадстве бацькоў. У цэх не дапускаліся іншаверцы і незаконнанароджаныя. Перавага пры прыёме ў цэх надавалася спадчыннікам чальцоў цэха.

Працэс вучобы цягнуўся гадамі. У майстра маглі адначасова вучыцца два хлопцы і адзін чаляднік (таварыш). Пасля трох-пяцігадовага навучання хлопца пераводзілі ў разрад таварышаў. На пэўным этапе будучыя цырульнікі праходзілі практычную стажыроўку ў падарожжы («вендроўцы»). Таварыш, у сваю чаргу, пасля некалькіх гадоў навучання, уключаючы «вендраванне» па іншых гарадах і краінах, падвяргаўся спецыяльнаму іспыту, падчас якога ён павінен быў прадэманстраваць свае веды і «паказаць пробныя штукі». Іспыт праводзілі раз на год. Напрыклад, у Брэсце гэта адбывалася праз 8 дзён пасля свята Божага цела. Пасля здачы іспытаў чаляднік атрымліваў званне майстра.

Каб стаць майстрам, вучань павінен быў ведаць «любую частку чалавечага цела ад верхавіны да ступні», умець распазнаваць распаўсюджаныя хваробы, валодаць рознымі маніпуляцыямі, лячыць раны, вывіхі, рабіць кровапусканні, карыстацца інструментамі, накладваць пластыры, уводзіць слабіцельныя сродкі, лячыць унутраныя хваробы, сіфіліс, рыхтаваць і наносіць мазі,кроваспыняючыя і супрацьапёкавыя сродкі.

Асобаў, якія атрымалі падрыхтоўку па-за цэхам або не вытрымалі ўнутрыцэхавых парадкаў і пайшлі з яго, называлі «партачамі». Іх, як і вандроўных цырульнікаў, «прыхадняў», пераследавалі цэхавыя цырульнікі і выганялі з горада.

Даследчык гісторыі медыцыны Валянцін Грыцкевіч па архіўных дакументах прасачыў звесткі пра цэхі больш чым у 40 гарадах і мястэчках на тэрыторыі Беларусі. Ён таксама заўважыў, што ў 18 стагоддзі цырульнікаў-хірургаў ужо часта сталі называць фельчарамі (ад ням. Feldscher – палявы цырульнік).

Кожны цэх меў свой Статут, які зацвярджаў манарх краіны. Напрыклад, першы айчынны статут быў прыняты ў старажытным Брэсце ў 1629 годзе. У гэтым горадзе ў 14-18 стст. працавала больш за 30 цырульнікаў. А Статут мінскага цэха цырульнікаў быў прыняты ў 1635 годзе, і ў гэтым жа годзе зацверджаны каралём Уладзіславам ІV. У пачатку гэтага дакумента сказана: «Сталі перад урадам нашым (каралеўскім) слаўныя майстры навукі цыруліцкай места Менскага, добра аселыя: Ян Загер, Каспер Гофман, Войцэх Салатынскі, Ян Алісевіч з калегамі прасілі, каб ім для добрага парадку цэхавага… прывілей (грамату) выдалі». Што і было зроблена.

У прывілеі, выдадзеным Уладзіславам ІV 14 жніўня 1642 года «Полацкім цырульнікам на права складання імі цэха», было напісана, што «на такую просьбу цырульнікаў горада Палотска міласціва набылі і скардзім ім і сцвярджаем цэхавае права і артыкулы такія ж, якія маюць». У Гародні цэх цырульнікаў быў арганізаваны ў 1649 годзе, а ў 1650 годзе Ян ІІ Казімір даў яму прывілей. Гарадзенскі цэх цырульнікаў меў у Фары Вітаўта свой алтар. У Вільні Статут цырульнікаў быў зацверджаны ў 1552 годзе. У Статуце віленскага цэха сказана, што кожны павінен: «умець навастрыць брытву і нажніцы – згодна звычаю нашага рамяства, павінен таксама прыгатаваць шэрую мазь і бурую, і рускую мазь, і чорную, і зялёную мазь, і парашок падрыхтаваць для лячэння зламанай косці».

Паводле  архіўных дадзеных, насельніцтва Мінска ў першай палове 17 стагоддзя складала каля 5 тысяч, а цырульніцкі цэх у тыя часы складаўся з майстра, таварыша, паўтаварыша і вучня – усяго з 4 чалавек. Атрымліваецца, што адзін спецыяліст-медык рознай ступені кваліфікацыі абслугоўваў 125–200 месцічаў.

Каб адрозніць прадстаўніка цэха ў стракатым натоўпе і «для павагі», кожны майстра ці таварыш мусілі прытрымлівацца пэўнай формы адзення. Ім забаранялася з’яўляцца ў грамадскіх месцах – на рынку ці на вуліцы з закасанымі рукавамі, не пакрыўшы галаву «на пядзь» шапкай і без цырульніцкага плашчу. Парушальнікаў чакаў штраф на карысць цэха ў памеры 20 грошаў.

Падчас ваеннай небяспекі ўсе майстры, разам з таварышамі і чэляддзю, узброеныя, выступалі на абарону горада.

Лячыць хворых меў права выключна майстар, а падмасцер’і і вучні – толькі са згоды майстра. Статут цэха патрабаваў ад цырульнікаў дакладнага вырашэння – магчыма ці немагчыма лячэнне. У выпадку складанага захворвання цырульнік павінен быў «узяць параду ў сваіх калег, каб сябе і брацтва не аганьбіць». Цырульнік не меў права навязваць свае паслугі хвораму. Толькі ў тым выпадку, калі ўначы на сваім шляху выявіў параненага, то мог яму прапанаваць сваю дапамогу. Аднак пераманьванне пацыентаў, нягледзячы на забарону Статута, было не такой і рэдкай з’явай.

Майстры-цырульнікі былі даволі заможныя. Мелі свае дамы, нярэдка мураваныя. Там жыла не толькі сям’я майстра, але і падмасцер’і, вучні, праходзіў прыём пацыентаў. Багатыя людзі выклікалі лекара дахаты. У некаторых выпадках лячэнне адбывалася проста на вуліцы або на Рыначнай плошчы. На доме майстра-цырульніка вісела «медзяніца» – медны таз. Дамы цырульнікаў вызваляліся ад пастою жаўнераў і падчас з’езду дэпутатаў і суддзяў. Многія майстры займалі кіруючыя пасады ў гарадскім самакіраванні.

Як сведчаць архіўныя матэрыялы і мемуарная літаратура, у 18 стагоддзі цырульнікі праводзілі вельмі складаныя аперацыі. У 1722 годзе каля Брэста адзін шляхціц адсек частку носа карчмару. Мясцовы лекар «гафтовал», што значыць прышыў пацярпеламу нос. Ігнаці Лапацінскі з вёскі Раёўка пад Мсціслаўлем ў 1842 годзе ў дзённіку апісаў сваё раненне нагі ў час сутычкі паміж мясцовымі шляхціцамі. Параненага адвезлі ў Мсціслаў. Два цырульнікі выявілі ў яго прыкметы гангрэны і вырашылі рабіць аперацыю. Аперацыя праходзіла так: далі выпіць шклянку гарэлкі, зрабілі разрэзы і шавецкай іглой зашылі іх. Потым шклянку гарэлкі вылілі на рану. Боль быў жудасны, але трываў ён нядоўга, рана неўзабаве ачысцілася. Пасляаперацыйны перыяд праходзіў паспяхова.

У 1733 годзе глыбоцкаму ксяндзу Пятроўскаму рыбак Патап нанёс палкай і дзідай удары па галаве «у самой верхавіны, так што косткі выйшлі і паказаліся». Судовы прыстаў сведчыў, што ў яго прысутнасці доктар даставаў у параненага косці. У 1750 годзе ў Воўчыне, паблізу Брэста, хірург Бонаўдус дастаў металічны відэльчык даўжынёй ў дзюйм (2, 54 см) з прамой кішкі ксяндза Бухавецкага, які некалі праглынуў яго. Ёсць згадкі, што фельчар Я. Мілер у маёнтку Матыкалы на Брэстчыне правёў аперацыю “кесарава сячэнне”. Дзіцёнак выжыў, а маці памерла. У Нясвіжы хірург Ф. Эме прааперыраваў пухліну малочнай залозы вагой у 3,7 кг. Каля 1700 года клецкі цырульнік Ёзафовіч вылечыў зламаную нагу егера Малахоўскага.

Прыведзеныя прыклады добра паказваюць дыяпазон хірургічнага ўмяшальніцтва, якое здзяйсняў сярэднявечны айчынны цырульнік. У цэлым такі аб’ём хірургічнай дапамогі практычна не саступаў узроўню развіцця хірургіі ў заходнееўрапейскіх краінах на той час.

У 19 стагоддзі прафесія цырульніка стала паступова занепадаць, паколькі збольшага самавукаў-цырульнікаў пачалі замяняць прафесійныя лекары. Падрыхтоўка лекараў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй вялася ў Празе і Кракаве, дзе ўжо ў канцы 14 і пачатку 15 стагоддзяў былі створаны “бурсы” для “літоўцаў” і “рускіх”, дзе навучалі ўрачэбнай справе выхадцаў з з беларускіх земляў.

Праўда, трэба адзначыць, што дактары з вышэйшай адукацыяй не займаліся хірургіяй, бо ў гэтых універсітэтах падрыхтоўка вялася, як і ва ўсіх еўрапейскіх, дзе выкладаць хірургію было забаронена …

https://bel.24health.by/dapamagali-kamyani-mox-navat-perunovyya-strely-yak-lyachyli-zuby-nashy-prodki/

Exit mobile version