05.02.2024
05.02.2024

Машына часу. Як на Беларусі лячылі «дурную» хваробу сіфіліс?

logo
Здароўе
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Французская, італьянская, партугальская, турэцкая, польская… Як толькі гэтую хваробу ў нас не называлі. Яна доўгі час была адной з самых распаўсюджаных сярод венерычных захворванняў, знайшла адлюстраванне ў творах літаратуры і жывапісу, мела шмат назваў і ўважалася за ганебную. Гаворка пойдзе пра пранцы, або сіфіліс.

Ад пастуха Сіфіла…

Само паняцце «сіфілісу» прыйшло ў масы з паэмы італьянца Джыралама Фракастара. Ён быў вывучаў медыцыну, філасофію, займаўся літаратурай. У сваім творы ён ужыў тэрмін «захворванне на сіфіліс» ці «французская хвароба». Галоўны герой — пастух Сіфіл быў пакараны гэтай хваробай, якая паражае палавыя органы, з-за інтымнай сувязі са свіннёй.

У сярэднявечнай Еўропе думалі, што сіфіліс у Еўропу прывезлі пасля адкрыцця Амерыкі маракі. Але пазней навукоўцы даказалі, што гэта хвароба ў Еўропе і Азіі існавала здаўна. Пры вывучэнні костак чалавека са старажытных пахаванняў спецыялісты выявілі дэструктыўныя змены ў костках носа, а на вонкавай пласціне чэрапа шышкападобныя бляшкі, больш светлыя, чым суседнія ўчасткі. Знаходзілі нават дзіцячыя шкілеты з сіфілічнымі паражэннямі.

Упершыню еўрапейскія лекары сутыкнуліся з сіфілісам у XV стагоддзі, пасля чаго хвароба пачала актыўна распаўсюджвацца па свеце. Верагодна, дзякуючы прастытуткам, чыімі паслугамі карысталіся маракі і салдаты. Кожная краіна прыпісвала гэтую пошасць сваім суседзям, адгэтуль і «шматнацыянальнасць» назваў хваробы.

Хварэлі на сіфіліс як магнаты,  так і сяляне. Пачаўшыся ў 1495 годзе пад Неапалем у войсках французскага караля Карла VIII, якія абклалі гэты горад, хвароба ў наступныя гады шырокай хваляй распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. Салдаты, вярнуўшыся дахаты пасля ваеннага паходу, прынеслі ў свае сем’і новую пошасць. Ужо ў 1496 годзе эпідэмія сіфілісу ахапіла тэрыторыю Італіі, Францыі, Швейцарыі і Германіі, потым перакінулася ў Аўстрыю, Венгрыю і Польшчу, а ў 1497 годзе былі зафіксаваны першыя выпадкі захворвання на пранцы ў ВКЛ. У «Хроніцы Быхаўца» паведамляецца аб імклівым распаўсюджванні «французскіх хвароб»:

«У лета ад стварэння свету сем тысяч пятае, а пасля Раства Хрыстова тысяча чатырыста дзевяноста сёмае сабраў кароль польскі Альбрэхт вялікае мноства свайго войска і з усімі сіламі Польскага каралеўства, падрыхтаваўшыся і ўзброіўшыся, пайшоў на конях супраць малдаўскага ваяводы Стэфана… У тым жа годзе ў Літоўскай зямлі быў вялікі голад і сталі распаўсюджвацца сярод людзей французскія хваробы...».

З Францыі ці з Ватыкану?

Хворая на сіфіліс, фрагмент сярэднявечнай карціны

Існуе шмат версій пра шляхі з’яўлення сіфілісу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Нібыта ў 15 стагоддзі ў суседнюю Польшчу хваробу занесла жанчына, якая вярталася з Рыму з пакаяння ў грахах. Яшчэ па адной версіі, хваробу занеслі служылыя людзі з Венгрыі. У народзе сіфіліс называлі дурная, любастрасная, французская, прыдворная, дворская хвароба, або проста «пранцы» — ад слова «францы» — французы. Лічылася, што гэтую хваробу прывозяць з Францыі. Адсюль і беларуская лаянка: «Каб цябе пранцы з’елі»!

Паводле архіўных дакументаў, на тэрыторыі Беларусі найбольш інфармацыі пра сіфіліс сустракаецца з сярэдзіны 19 стагоддзя. У тыя часы эпідэміі «любастрастнай» хваробы былі звязаныя з распаўсюджваннем прастытуцыі ў месцах значнай канцэнтрацыі войскаў. У 19 стагоддзі ўжо прымаліся ўрачэбна-паліцэйскія меры для барацьбы с прастытуцыяй і адпаведна з распаўсюджваннем сіфілісу. Нават узнікалі дзяржаўныя камітэты для кантралявання «дамоў цярпімасці» і прызначаліся адмысловыя медыкі для агляду прастытутак.

Як лячылі на беларускіх землях

выгляд сіфілітыка

У 1843 годзе царскі ўрад выдаў указ аб бясплатным лячэнні сіфілісу і аб адкрыцці спецыяльных аддзяленняў і бальніц. У сярэдзіне 19 стагоддзя ў Ваўкавыску, Пружанах і Кобрыне пры бальніцах існавалі сіфілічныя аддзяленні. У 1860 годзе ў Ваўкавыску і Пружанах гэтыя аддзяленні былі перафарміраваныя ў асобныя бальніцы. У вёсцы Снітава былога Кобрынскага павета (цяпер — тэрыторыя Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) былі выяўлены 32 хворыя на сіфіліс і ў вёсцы заснавалі спецыяльны часовы лазарэт.

У 1865 годзе ў мястэчку Камень на Лепельшчыне была адкрыта часовая сіфілічная лячэбніца. У 1889 годзе больш як паўгода такая бальніца дзейнічала ў Койданаве (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобласці). У наступным годзе падобная лячэбніца на 20 ложкаў адкрылася ў Заслаўі.

У 1898 годзе граф К. Э. Чапскі, які быў старшынёй Мінскага аддзялення Таварыства барацьбы з заразнымі хваробамі, для абследвання людзей ў сваіх маёнтках запрасіў з Санкт-Пецярбурга венеролага Ліўшыца. На працягу 170 дзён доктар абследваў 40 200 чалавек і сярод іх аказалася 4,1 % хворых на сіфіліс розных ступеняў!

У маёнтку Рэчкі  граф заснаваў сіфілічную лячэбніцу на 20 ложкаў. У 1901 годзе лячэбніцу перавялі ў мястэчка Рубяжэвічы на тэрыторыі Дзяржынскага раёна, якое  знаходзілася непадалёк ад чыгункі.  Працу дактароў і медыкаменты аплачваў сам К. Э. Чапскі. У Рубяжэвічах знялі асабняк і прыстасавалі яго пад лячэбніцу на 15 ложкаў. Спачатку жыхары абураліся, што такая лячэбніца будзе ганьбіць іх мястэчка. Але ўсё абышлося, і ніхто не заразіўся. Лячэбніца праіснавала тры гады. За гэты час лячэнне тут атрымала 800 чалавек — 361 стацыянарна і 439 амбулаторна. Многіх пацыентаў накіроўвалі сюды за кошт сельскіх таварыстваў. Большасць хворых ехалі з аддаленых мясцін. Паступалі нават цэлымі сем’ямі, узростам ад 1 месяца і да 70 год. Найбольш хворых было, пачынаючы ад 20 і да 40 год. Мужчын налічвалася каля 60 %, а жанчын каля 40 %.

Пры апытаннях хворых высвятлялася, што большасць заразілася сіфілісам непалавым шляхам. Гэта былі  пастухі, старцы, вандроўныя краўцы. Яны жылі па чарзе ў розных гаспадароў, карысталіся  агульным посудам.

У Рубяжэвічах сіфіліс лячылі сернымі ваннамі і ўнутрывеннымі ін’екцыямі раствораў. У 1904 годзе лячэбніцу перавялі ў Стоўбцы і зрабілі агульнай бальніцай.

У пачатку 20 стагоддзя з кожным годам медыцынскім аглядам надавалася ўсё больш увагі. Так, у 1905 годзе ў Лепелі ўжо не было выяўлена ні аднаго сіфіліціка, але па самому павету хворых налічылі 55 чалавек. У тым жа годзе ў Дрысенскім павеце было 14 такіх хворых.

Хворых на сіфіліс выяўлялі і пры прызыве ў армію навабранцаў. У 1870 годзе на тэрыторыі Марачанскай воласці (цяпер на тэрыторыі Салігорскага раёна Мінскай вобласці) такіх аказалася 17 чалавек. У 1890 годзе ў Дзякаўскай воласці Мазырскага павета ўсе прызыўнікі выявіліся хворыя на сіфіліс. У воласць камандзіравалі доктара з памочнікамі. Яны высветлілі, што ў вёсках Даманавічы, Пісаравічы, Дзякавічы і Князь-Возера яшчэ з 1870-х гадоў існаваў побытавы сіфіліс, які распаўсюджваўся непалавым шляхам. Усе хворыя былі адпраўлены на лячэнне.

У XX-ым стагоддзі

Маркітанка

Барацьба з сіфілісам праводзілася і пры савецкай уладзе. У 1925 годзе ў Круглянскі раён Аршанскай акругі быў камандзіраваны медыцынскі атрад для барацьбы з сельскім сіфілісам. Найбольш заражанай аказалася вёска Старая Радча ў 5 км ад мястэчка. Там было абследавана 327 чалавек і выяўлена 13 хворых: 4 жанчыны, 4 мужчыны і 5 дзяцей. Высветлілі, што ў 1923 годзе адна жанчына заразілася ад вайсковых, якія тут знаходзіліся на пастоі. Потым яна заразіла некалькі мужчын з вёскі, а суседнія сем’і «атрымалі» хваробу ўжо непалавым шляхам. У вёсцы Комсенічы, што ў 12 км ад мястэчка, медыцынскі атрад абследваў 380 чалавек і выявіў двух хворых — жанчыну і дзіцёнка.

У 1927 годзе медыцынскі атрад у вёсцы Раманавічы Гомельскага раёна выявіў 70 сіфілітыкаў. Шмат хворых аказалася  таксама ў Свяцілавічах і суседніх вёсках Веткаўскага раёна.

У 20 стагоддзі успышка сіфілісу адбылася ў 1946 годзе, калі было зарэгістравана 69,3 выпадкі на 100 000 насельніцтва.

Сёння сітуацыя з захворваннем на пранцы ў Беларусі знаходзіцца пад кантролем.

Як і дзе беларусы лячылі анкахваробы? 10 сакральных месцаў

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0