Site icon Слушна

Маскі – клопат пра сябе, пра тых, хто побач, і пра… медработнікаў! (+ВІДЭА)

Хутка будзе ўжо год, як мы жывем у новых рэаліях, з новай каранавіруснай інфекцыяй. За гэты час выпрабавана шмат абарончых мераў, лекаў і нават вакцынаў…

Але ўсё часцей мы чуем меркаванне: «Каранавірус нікуды не знікне… Нам з ім жыць». Так, жыць, часта мыючы рукі па 20 секунд альбо апрацоўваючы іх антысептыкам ужо на аўтамаце. Захоўваючы сацыяльную дыстанцыю ў 1-2 метры. А самае галоўнае – носячы МАСКІ! І носячы іх СВЯДОМА і ПРАВІЛЬНА!

Я ношу Маску. Я нашу маску СВЯДОМА. I Wear A Mask

Пра гэта наша новае відэа. І яно, паверце, не гульня, а наша самая рэальная цяпер рэальнасць.

Нялішнім будзе нагадаць і самае важнае пра маскі – тое, пра што ўжо не аднойчы распавядалася на нашым інфармацыйным партале.

Меркаванне расійскага ўрача пра неабходнасць насіць маскі і падтрымліваць уласны імунітэт. Даследаванне японскіх вучоных, якое даказвае: а маскі-то сапраўды працуюць!

А вы памятаеце, як правільна надзяваць, насіць і ўтылізаваць маскі?! Яшчэ раз звяртаем вашую ўвагу: маска на падбароддзі, якая пакідае адкрытым нос, НІКОГА і НІЧОГА НЕ АБАРАНЯЕ! Не падманвайце, калі ласка, сябе і навакольных. Для іх рызыка побач з вамі – ранейшая…

Маскі варта насіць не толькі таму, што аб’явілі масачны рэжым, але і менавіта свядома, пачаўшы з сябе… Да таго ж, гэта прафілактыка ВРІ і грыпу…

А калі вам па-ранейшаму дужа некамфортна дыхаць у масцы… Памятайце: прывыкнуць можна да ўсяго! Асабліва калі размова ідзе пра здароўе і, у рэшце рэшт, жыццё…

Больш публікацый можна знайсці на нашым інфармацыйным партале па тэгу «маскі». Плюс тут шмат інфармацыі па каранавіруснай інфекцыі ў адпаведным раздзеле.

А я хачу шчыра падзякаваць усім сваім сябрам, знаёмым і родзічам, якія адразу ж адгукнуліся на просьбу зрабіць сэлфі ў масцы для мяркуемага відэароліка, альбо адшукалі фота гатовае! Прычым, заўважце, гэта было яшчэ ДА аб’яўлення масачнага рэжыму! Усе яны ўжо насілі маскі – ПРАВІЛЬНА і СВЯДОМА!

У Юліі з Чэрвеня маскі носяць нават… мішкі! І архідэі пачуваюць сябе куды лепей побач з дзяўчынай у масцы! 🙂

Вера з г.Узда таксама даўно ўжо носіць медыцынскую маску, у тым ліку і на працы.

Кацярына з Чэрвеня прыахвочвае да маскі ката Сімбу! А што ён незадаволены… Дык гэта ў яго выраз «твару» такі па жыцці! Затое ён умее стаяць на задніх лапах!:)

Святлана і Аляксандр з Магілёва таксама да масак прызвычаіліся даўно. А сэлфі па маёй просьбе зрабілі і ўвогуле… у лазні! 🙂 Але, паглядзеўшы на першае, я адразу ж залямантавала: «Ну ўсміхніцеся!» Сказана – зроблена. Дзякуй!

Наталля з сынам Міхаілам з аграгарадка Рудня Чэрвеньскага раёна ў масках у маршрутках пачала ездзіць, як ужо адзначалася, задоўга да аб'яўлення масачнага рэжыму. Гэтае фота з іх уласнага архіву. А маскі мая аднакурсніца шые сама!

Святлана з Чэрвеня ў масцы знаходзіцца на працы пастаянна. І гэта не дзіўна, бо яна – медсястра афтальмалагічнага кабінета. Сэлфі з працоўнага месца!

А яшчэ ў Святланы сёння – Дзень народзінаў! Дарагая Света, шчыра віншуем! Здароўя моцнага, шчасця, кахання, дабрабыту, удачы, шанцавання, удзячных пацыентаў!

Дзякуй усім, хто носіць маскі, бо разумее важнасць гэтага! Хто турбуецца і пра сябе, і пра тых, хто побач, і пра… медыцынскіх работнікаў! Абараняючы сябе і блізкіх, вы тым самым не дадаяце ім працы! Усім – ЗДАРОЎЯ!

Відэа – Андрэй Васкрасенскі.

Exit mobile version