Site icon Слушна

Убачыць свет іншым. Выстаўку мастакоў з парушэннямі псіхікі адкрылі ў галерэі «DK»

Неадназначныя пачуцці, вострае ўспрыняцце колераў, рамантычныя элементы. Менавіта гэтымі характарыстыкамі можна адзначыць выставачны праект «Краіна Оз», аўтарамі якога з’яўляюцца людзі з парушэннем псіхікі. Экспазіцыю праставілі 15 жніўня ў мастацкай галерэі «DK».

Краіна ОЗ

На гэтай выстаўцы вы ўбачыце работы дарослых людзей, якія жывуць у псіханеўралагічным інтэрнаце. Іх асаблівасць дае ім магчымасць убачыць свет інакш. Складаныя кампазіцыйныя рашэнні, заблытаныя сюжэты ці спрошчаная выява — усё гэта вельмі самабытна і цікава для нашай паўсядзённай рэальнасці.

Малюнкі, прадстаўленыя у галерэі,  раней выстаўляліся. Аднак на гэты раз экспазіцыя стала больш маштабнай — прэзентаваны работы сямі мастакоў. Гэта карціны такога напрамку як арт-брут, або «грубае мастацтва», «мастацтва аўтсайдэраў».

Аўтары не маюць акадэмічнай адукацыі, але ў іх малюнках ёсць навізна, вынаходлівасць, смеласць. Справа ў тым, што псіхічнахворыя людзі не задумваюцца над тым, ствараюць яны мастацтва ці не, яны проста адлюстроўваюць боль, эмоцыі, перажыванні. Аўтары жывуць у сваім ізаляваным свеце, быццам у кокане. Як ён уладкованы, здароваму чалавеку зразумець складана. Але можна даведацца праз карціны.

У работах сучасных мастакоў заўсёды ёсць філасофскі складнік, і калі глядач не можа самастойна ўглыбіцца ў сутнасць работы, ён паспрабуе здагадацца аб падтэксце, ведаючы агульны кірунак, у якім працуе майстар, ці ж прачытаць апісанне карціны ў каталогу.У арт-бруце такога складніка няма.

Гэты тэрмін абазначае абсалютна натыўную плынь творчай думкі стваральніка карціны, не абцяжаранае ні філасофіяй, ні наступнымі задачамі прадставіць твор публіцы ці ж прадаць яго. Мастакі арт-бруту, па сутнасці, «з нуля» вынаходзяць свае ўласныя прынцыпы мастацкага майстэрства, спосабы выражэння ідэй, тэхнікі малявання. Карціны ў гэтым стылі — мастацтва дзеля мастацтва, струмень свядомасці, выплюхнуты на паперу або палатно.

Мастацтва арт-брут звычайна складана зразумець — бо людзі, якія яго ствараюць, жывуць ва ўласных паняццях аб свеце, і, адпаведна, перадаюць свае пачуцці асабліва асабістым, строга індывідуальным стылем. Такія мастакі не абмежаваныя звыклымі нам стэрэатыпамі грамадскіх норм, паняццяў і прынцыпаў, іх творы ствараюцца спантанна, а тэхнікі малявання асабліва індывідуальныя.

Дадзеная выстаўка — выдатная магчымасць падтрымаць людзей, талент якіх, негледзячы на розныя жыццёвыя абставіны, стаў сапраўнай магчымасцю расказаць пра сваё светаўспрыманне і светабудову жыцця. На выстаўцы вы зможаце адчуць цеплыню і глыбокую павагу да людзей, якія з адкрытым сэрцам паказалі вам свае думкі.

Унікальная гісторыя беларускай архіэктуры ў фотаздымках. Новы канцэптуальны праект адкрылі ў галерэі «Арт-фабрыка»

Exit mobile version