Site icon Слушна

Мастак, які разбурае стэрэятыпы. Выстаўку Уладзіміра Шаппо прэзентавалі ў галерэі «AРТ Фабрыка»

Сёлета мастацкая галерэя «АРТ Фабрыка» арганізавала яркі і вельмі цікавы праект «Shappo 24», які аб’яднаў у сабе выстаўкі ўсіх мастакоў знакамітай творчай дынастыі Шаппо. У кастрычніку галерэя прэзентавала фінальную выстаўку праекта «ANNIVERSARY» мастака, бацькі таленавітай сям’і Уладзіміра Шаппо.

У свядомасці звычайнага чалавека жыццё лінейнае, а юбілеі – свайго роду верставыя слупы, якія адмяраюць этапы шляху. У свядомасці мастака ўсё цыклічна – і мінулае паўтараецца ў будучыні, і будучыня аказваецца ўспамінам мінулага. Канва падзей страчвае паслядоўнасць, замыкаючыся ў бясконцы цудоўны кругазварот жыцця, які стракаціць падзеямі і характарамі, разважаннямі і фантазіямі, адкрыццямі і марамі.

Сусвет Уладзіміра Шаппо — гэта шумны і нястрымны віцебскі трамвай №5, населены вечнымі закаханымі і вагонаважатымі, студэнтамі і старымі, юнацкім максімалізмам і творчай свабодай. І юбілей аўтара – не маркер часу, а новы маршрут, які радуе нечаканым пейзажам з акна на кожным павароце.

Уладзімір Дзмітрыевіч на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў распрацоўвае асобны сусвет, заснаваны на асаблівым мастацкім бачанні жыцця. Тое, што кідаецца ў вочы пры знаёмстве з той ці іншай яго серыяй работ, захапляе гледача: яркасць, экспрэсіўнасць, «вітражнасць», якія адлюстроўваюць непасрэднасць пачуццяў аўтара. Яго візітоўка — шматаблічныя, у чымсьці фантасмагарычныя вобразы.

Сцвярджаюць, што Уладзімір Шаппо разбурае стэрэатыпы. Што датычыцца распрацоўкі тэмы радзімы, то гэта дакладна так. Працуючы над пэўнай праблемай, даносячы канкрэтную ідэю, ён імкнецца пазбавіцца банальных вобразаў, інтэрпрэтуе і вельмі часта нават ускладняе рэчаіснасць, у той жа час шмат увагі надае асацыяцыям, неабходным для абстрактнага мастацтва.

— Маё жыццё — гэта вялікае падарожжа ў свет самых арыгінальных і нетыповых фантазій, — падкрэсліў на адкрыцці праекта мастак Уладзімір Шаппо. — Я не ведаю, наколькі іншым бывае цяжка са мной, але ж мне бывае цяжка з самім сабой, але я творчы чалавек: і гэта заўважна не толькі па маіх работах, але ж і па маіх дзецях. Я люблю сваё жыццё і мне заўсёды ёсць пра што ўспомніць і пра што пафантазіраваць.

Унутраную раскаванасць і свабоду Уладзімір Шаппо звязвае з цягай да ведаў і звычкай называць рэчы сваімі імёнамі, разбураючы стэрэатыпы. У творчасці ён шануе духоўныя каштоўнасці. Яго карціны экспрэсіўныя, як і ён сам, яркія, супярэчлівыя. Партрэты сімвалічныя. Ніякай фатаграфічнай дакладнасці, акцэнт аўтар робіць на ўнутраным свеце герояў.

— У юнацтве я сябе лічыў геніяльным, потым пачаў неяк сумнявацца. Цяпер да гэтага стаўлюся вельмі скептычна, — тлумачыць Уладзімір Дзмітрыевіч. — Сёння ведаю, мастацтва — гэта дар Божы. Калі табе дадзена, ты будзеш мастаком.

Уладзіміру Шаппо пашчасціла атрымаць такі дар. Ужо зараз, азіраючыся назад, ён выдатна разумее, чаго гэта каштавала: папулярнасці і шматлікім выстаўкам папярэднічаў цяжкі шлях станаўлення.

Любоў да ведаў і гарачае жаданне ўдасканалення — галоўнае, што Уладзімір Шаппо здолеў прывіць сваім дзецям. Яны хацелі адпавядаць яму, а ён, у сваю чаргу, ніколі не спрабаваў навязаць ім свой выбар. Тым не менш, трое сыноў сталі мастакамі.

А калі падумаць, як не захацець стаць мастаком, калі ты з самага дзяцінства заседжваешся ў майстэрні ў бацькі? Дзіцячая гульня з фарбамі і пластылінам паступова перарастае ва ўсвядомленае жаданне стаць мастаком ці скульптарам. Так і адбылося ў выпадку са старэйшым сынам Уладзіміра Шаппо Аляксандрам. Ён заняўся скульптурай і сёння паспяхова ўвасабляе свае ідэі ў аб'ёмных фігурах. Некаторыя з іх сталі ўпрыгожаннем нашай сталіцы. Выдатны прыклад старэйшага брата і неверагодны творчы свет бацькі дапамаглі сфарміравацца ​​яшчэ двум мастацкім талентам у сямействе Шаппо: сярэдні сын Павел і малодшы Антон знайшлі сябе ў выяўленчым мастацтве.

На выстаўцы старэйшага прадстаўніка дынастыі у канферэнц-зале галерэі «Арт-фабрыка» прадстаўлены мастацкія работы сыноў аўтара, якія разам нібы акцэнтуюць увагу на тым, што яны заўсёды разам, што яны падтрымка адзін аднаго.

Уладзімір Дзмітрыевіч Шаппо нарадзіўся 4 лютага 1949 года ў гарадскім пасёлку Відзы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1972). Яго педагогамі былі Фелікс Гумен, Яўген Красоўскі, Іван Сталяроў. Падчас вучобы творца шмат падарожнічаў, збіраў матэрыялы па ўсёй Расіі (Поўнач, Запаляр'е, Камчатка), Сярэдняй Азіі. Аднак асноўнай тэмай яго творчасці сталі Радзіма (Прыдзвінне, Паазер'е) і дзяцінства.

Выстаўляецца мастак з 1975 года ў Беларусі, Расіі, Латвіі, Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі... Яго работы знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі мастацкай культуры Наўгародскай зямлі, Браслаўскім раённым аб'яднанні музеяў, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, карціннай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і іншых калекцыях.

Падрабязней пра іншыя выстаўкі праекта «Shappo 24» чытайце на нашым сайце:

Эпілог у фарбах. Выстаўка кантрасных твораў Паўла Шаппо працуе ў Мінску
Ідэйна-вобразныя канцэпцыі Антона Шаппо. Асаблівасці творчага почырка мастака
На скрыжаванні магіі і містыкі. Новая выстаўка Аляксандра Шаппо прадстаўлена ў Мінску

Сям’я як натхненне. Выстаўку Юрыя і Вольгі Крупянковых прэзентавалі ў Мінску

Exit mobile version