Site icon Слушна

Матэрыяльнасць у партрэтах. Як ажываюць колеры ў творчасці Крысціны Мельнік-Субцэльнай?

Шчырая, адкрытая, цікавая. Менавіта так можна ахарактэрызваць беларускую мастачку Крысціну-Мельнік-Субцэльную, творчасць якой выклікае ўвагу і захапленне. Аўтар працуе ў складанай тэхніцы ляўкаса, і стварае цікавыя і глыбокія з мастацкага пункту гледжання работы.

На мінулым тыдні ў выставачнай прасторы «DK» адбылося адкрыццё выстаўкі мастачкі «Погляд 14», у межах якой экспануецца серыя партрэтаў, выкананая у старажытнай іканапіснай тэхніцы.

Выбіраючы складаную тэхніку, Крысціна Мельнік-Субцэльная жадае наблізіцца да майстроў іканапісу Сярэднявечча і мастакоў Адраджэння. Гэта тэхніка дастаткова рэдка выкарыстоўваецца ў нашы дні, але тыя светлавыя і тэхнічныя прыёмы, якія можна зрабіць з яе дапамогай, сапраўды прыгожыя і актуальныя для сучасных твораў. Ляўкас дазваляе максімальна перадаць «матэрыяльнасць» за кошт эфекту свячэння. «Жывы колер» — гэта тое, што мастак імкнецца дасягнуць ў візуальным плане, каб стравыць яркія эфектныя вобразы.

—Прыгажосць — складанае паняцце і для кожнага яно сваё...,  — тлумачыць мастачка. — Хтосьці лічыць прыгожым ідэальнае спалучэнне прапорцый, а хтосьці фарміраванне прыродай і часам незвычайных рыс твару! Мне цікава маляваць розных людзей, для мяне — гэта пошук складаных узораў і адбіткаў часу і лёсу».

У сучасным беларускім мастацтве ляўкас выкарыстоўваюць як тэхналогію для стварэння ідэальна гладкай шматслойнай паверхні, дадаючы ў аснову парашок з мелу і гіпсу. Ляўкас працаёмкая тэхніка, якая ў кантэксце сучаснага мастацтва набыла пранізліва тонкае гучанне. Ад традыцыйнага канону іканапіснага жывапісу сучасны ляўкас стаў асновай для адлюстравання сувязей паміж пакаленнямі, міжасобасных адносін, якія маюць экзістэнцыйную прыроду. Ляўкас звязвае аўтара з яго вытокамі, з першапрычынамі фарміравання яго светаўспрымання.

Спосабы нанясення малюнка на ляўкас вельмі разнастайныя. Раней творцы маглі рабіць на грунце спачатку лёгкі накід вуглём, затым дэталёва прамаляваць яго чорнай фарбай. Многія старыя іканапісцы, трымаючы перад вачыма арыгінал, маглі наносіць малюнак на дошку адразу пэндзлем. Гэта давала ім магчымасць творча перапрацоўваць прыняты ў іканапісе канон.

Мастачка, аналізуючы традыцыі ляўкаса, спрабуе зрабіць свой жывапіс не проста якасным, але і сэнсавым. Дарэчы, у яе гэта добра атрымоўваецца. Сама выстаўка захоўвае ў сабе атмасферу прыемнай шчырасці і дабрыні.

Партрэты Крысціны Мельнік-Субцэльнай — гэта гаворка пра нешта ідэальная, вытанчанае. Героі работ мастачкі быццам паглыблены ў святло і самі яго вылучаюць. Цікава, што рысы твару ўсіх персанажаў абсалютна натуральныя, нідзе вы не ўбачыце перабольшвання альбо шматслойнасці.

Як фестываль «Арт-Мінск» уплывае на прафесійны лёс знакамітых і пачынаючых мастакоў Беларусі?

Exit mobile version