З надыходам менапаўзы ў жанчын значна ўзрастае рызыка кардыяваскулярнай паталогіі. Змены, якія адбываюцца ў арганізме ў гэты перыяд, робяцца прычынай развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі, павышэння ўзроўню «дрэннага» халестэрыну і, як следства, гіперліпідэміі, а таксама парушэнняў вугляводнага абмену і развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу. Усё гэта асобна і ў сукупнасці прыводзіць да сардэчна-сасудзістых захворванняў і іх ускладненняў.
Што ж уплывае на верагоднасць развіцця кардыяваскулярных паталогій у менапаўзальным перыядзе? Сваім пунктам гледжання падзяліўся на Міжнароднай відэаканферэнцыі «Эндакрынныя аспекты рэпрадуктыўнага здароўя», якая прайшла ў снежні 2020 года, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, начальнік навукова-адукацыйнага цэнтра ЦКБ Расійскай акадэміі навук, дырэктар адукацыйнага цэнтра Paulmik GmbH (Германія, Берлін) Яўген Аверын. Мы сабралі самыя цікавыя факты.
Небяспечны квартэт
Па словах эксперта, спецыялісты Амерыканскага таварыства сэрца і Амерыканскай асацыяцыі кардыёлагаў выдзяляюць чатыры асноўныя праблемы, з якімі сутыкаецца жанчына падчас менапаўзы і якія правакуюць развіццё сардэчна-сасудзiстых захворванняў.
Па-першае, часта ў гэты перыяд жанчыны пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі. Прычым гэта можа быць альбо стан, які развіўся зноў, альбо значнае пагаршэнне таго, што было. Па-другое, парушэнне вугляводнага абмену і развіццё цукровага дыябету 2-га тыпу. Гіперліпідэмія (павышаны ўзровень ліпідаў і/альбо ліпапратэінаў) – трэцяя праблема, якая пачынае ярка праяўляцца і маніфеставаць менавіта ў гэтым перыядзе, чацвёртая – абумоўлены гэтымі фактарамі метабалічны сіндром.
Паводле даследаванняў Амерыканскага таварыства сэрца, якія былі апублікаваныя ў 2020 годзе, сярэдні ўзрост натуральнай менапаўзы ў жанчын – 50 гадоў. Натуральная менапаўза лічыцца заўчаснай, калі яна надыходзіць да 40 гадоў, і ранняй – калі надыходзіць ва ўзросце ад 40 да 45 гадоў.
Тыя ж палажэнні Амерыканскага таварыства сэрца кажуць, што вазаматорныя сімптомы менапаўзы (прылівы, патлівасць, перапады ціску, дрыжыкі, пачашчанае сэрцабіцце, парушэнні сну, слабасць, неспакой і г.д.) з'яўляюцца паказчыкам высокай рызыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў і развіцця субклінічнага атэрасклерозу (пачатковай схаванай формы хранічнага прагрэсуючага запаленчага захворвання артэрый, якое небяспечнае перш за ўсё адсутнасцю клінічных праяў).
Дарэчы, павышэнне ўзроўню ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці, рызыка метабалічнага сіндрому і рэмадэлявання сасудаў (змена іх структуры і функцый) у сярэднім узросце больш абумоўленыя менапаўзай, чым старэннем. Павышэнне артэрыяльнага ціску, інсуліну і глюкозы ў большай ступені залежыць ад храналагічнага старэння.
Праблемы са сном
Як распавёў Яўген Аверын, парушэнне сну падчас менапаўзы цесна звязанае з павышанай рызыкай сардэчна-сасудзiстых захворванняў і пагаршэннем паказчыкаў стану сэрца і сасудаў у жанчын сярэдняга ўзросту. Даказана, што калі жанчына дрэнна спіць, дык павялічваецца колькасць ежы, якую яна спажывае, павялічваецца ўтрыманне цукру ў гэтай ежы, зніжаецца спажыванне ненасычаных тлушчаў. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе парушэнню вугляводнага і ліпіднага абмену, прыводзіць да метабалічнага сіндрому, падкрэсліў спікер.
Цікавы факт. З дапамогай аптычнай кагерэнтнай тамаграфіі і ўнутрысасудзістага ультрагуку былі даследаваныя каранарныя артэрыі мужчын і жанчын у залежнасці ад таго, колькі яны спяць. Аказалася, што аптымальная працягласць сну – 6-7 гадзін.
Але ёсць і іншы бок. Калі разглядаць залежнасць рызыкі развіцця інфаркту міякарда ад працягласці сну, вучоныя высветлілі наступную заканамернасць: сон працягласцю меней за 6 гадзін павялічвае рызыку інфарктаў на 20%, звыш 9 гадзін – на 34%.
Атлусценне
Павелічэнне цэнтральнага/вісцаральнага тлушчу і памяншэнне мышачнай масы больш выяўленае падчас менапаўзы. Прычым, павышанае цэнтральнае атлусценне звязанае з больш высокой рызыкай смерці нават сярод людзей з нармальным індэксам масы цела. У цэлым, вісцаральнае атлусценне – гэта наймагутнейшы негатыўны фактар, які павялічвае рызыку смерці, лічыць эксперт.
У Швецыі на працягу 4 гадоў сярод 23 тысяч чалавек, якія перанеслі інфаркт міякарда, даследавалі залежнасць паўторных выпадкаў сардэчна-сасудзiстых катастрофаў ад аб'ёму таліі. Аказалася, што чым большая талія ў мужчын, тым вышэйшыя гэтыя рызыкі. Калі талія ў жанчын складае 90-97 см, дык верагоднасць развіцця сардэчна-сасудзістай катастрофы ніжэйшая. Разам з тым, калі аб'ём таліі перавышае 98 см, дык такая рызыка значна ўзрастае.
Парушэнне вугляводнага абмену
Парушэнне вугляводнага абмену (павышаны ўзровень глюкозы ў крыві) таксама часта ўзнікае ў жанчын у перыяд менапаўзы. Прычым, як толькі надыходзіць менапаўза, гэты працэс рэзка паскараецца.
Нават калі яшчэ няма дыягназу «цукровы дыябет», але ўжо з'явіліся сімптомы парушэння вугляводнага абмену і спецыялісты ставяць пацыентцы «пераддыябет», рызыка ішэмічнай хваробы сэрца, інсульту павялічваецца ў разы. Пасля пастаноўкі дыягназу «цукровы дыябет» 2-га тыпу з-за сардэчна-сасудзістых катастрофаў жанчыны губляюць 13,9 года жыцця, мужчыны – 13,2 года.
Гіпадынамія
Напрыклад, маларухомы лад жыцця цесна звязаны з павышанай рызыкай шпіталізацыі з нагоды сардэчнай недастатковасці ў жанчын у постменапаўзе.
Менапаўза – гэта перыяд значных змяненняў у некалькіх фактарах кардыяметабалічнай рызыкі (узровень ліпідаў, здароўе сасудаў, метабалічны сіндром, вісцаральнае атлусценне), адзначыў Яўген Аверын. І немалаважнае значэнне мае прафілактыка гэтых станаў (змяненне ладу жыцця, зніжэнне масы цела і фізічная актыўнасць) для жанчын на гэтым этапе іх жыцця для памяншэння верагоднасці ўзнікнення сардэчна-сасудзiстых захворванняў у будучым.
Дарэчы, як паказвае практыка, 90,3% асобаў з метабалічным сіндромам не выконваюць рэкамендацыі ўрачоў. Разам з тым, часам усе намаганні могуць быць неэфектыўнымі. І адна з прычынаў гэтага – нізкая ўпэўненасць жанчын, што ўсё атрымаецца. Таму, параіў доктар, варта часцей гаварыць прыгожай палове чалавецтва, што яе прадстаўніц любяць. І ўсё атрымаецца!