Site icon Слушна

Менструальная чаша: за і супраць. Модны сродак гігіены вачыма гінеколага

Замест звыклых пракладак і тампонаў жанчыны ва ўсім свеце нярэдка аддаюць перавагу новаму моднаму сродку гігіены – менструальнай чашы (капе). Пазіцыянуецца яна як ідэальны сродак для менструальнай гігіены, які пазбаўлены недахопаў і можа замяніць сабой усе астатнія. Маўляў, і экалогія не пакутуе, і кашалёк. А зручнасць карыстання пры гэтым зашкальвае.

Ці не хлусяць маркетолагі і ці сапраўды менструальная чаша – must have сучаснай жанчыны? Ці ўсім падыходзіць такі прадукт? Журналіст Слушна звярнулася па экспертнае меркаванне да Святланы Жукоўскай, асістэнта кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.

Што такое менструальная чаша?

Што такое менструальная чаша?

Кажучы простай мовай, менструальная чаша – ёмістасць, кантэйнер з медыцынскага сілікону, латэксу або тэрмапластычнага эластамеру (ТПЭ). Падчас менструацыі ён уводзіцца ў похву для збору менструальных выдзяленняў. У адрозненне ад тампонаў і пракладак, не ўсмоктвае кроў, а збірае яе.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Нельга сказаць, што менструальная чаша – штосьці новае. Першыя такія вырабы з'явіліся ў Амерыцы яшчэ ў 1937 годзе. Аднак у той час яны не знайшлі шырокага распаўсюджвання. У апошні час карыстацца менструальнай чашай стала модна. У першую чаргу гэта звязана з клопатам пра экалогію.

Перавагі менструальнай чашы

  • Захаванне экалогіі. Вучоныя падлічылі, што ў сярэднім жанчына выкарыстоўвае на працягу жыцця 11 000 тампонаў і пракладак. І калі першыя напалову складаюцца з арганічных матэрыялаў, дык другія цалкам сінтэтычныя і не раскладаюцца. Тым самым навакольнаму асяроддзю наносіцца ўрон. Гэты аргумент часцей за ўсё выкарыстоўваюць тыя дамы, якія выступаюць за ўсвядомленае спажыванне і занепакоеныя праблемамі экалогіі.
  • Эканамічная мэтазгоднасць. Кожны месяц прадстаўніцы прыгожага полу вымушаныя траціць на куплю пракладак і тампонаў грошы. За год сума набягае не такая ўжо і маленькая. Вытворцы менструальных чашаў запэўніваюць, што іх прадукцыю можна выкарыстоўваць на працягу 10 гадоў. З улікам, што кошт капы ў Беларусі каля 20 рублёў, эканомія істотная.
  • Можна не мяняць на працягу 12 гадзін. Некаторыя жанчыны сцвярджаюць, што адчуваюць сябе настолькі камфортна, што забываюцца на тое, што ў іх менструацыя.

 

Недахопы менструальнай чашы

  • Тэрмін службы матэрыялу.

Любы матэрыял, нават сінтэтычны, разбураецца. Цяжка ацаніць, ці не стане ён з заканчэннем тэрміну прыдатнасці выдзяляць шкодныя для арганізма рэчывы.

  • Высокая рызыка інфекцыі.

— Паколькі часта мяняць чашу не трэба, дык узрастае верагоднасць інфекцыі. Чым даўжэй кроў захоўваецца ў похве, тым вышэй рызыка.

  • Адсутнасць умоў для гігіенічнай змены чашы.

— Калі жанчына знаходзіцца дома, тады праблем няма. Але калі яна на працы ці занятая справамі ў горадзе? Чашу трэба дастаць, выліць змесціва, добра прамыць каўпачок, а затым зноў увесці ў похву. Цяжка ўявіць, як гэта можна зрабіць у гарадскіх умовах.

  • Па-першае, ёсць верагоднасць, што чашу жанчына прамые недастаткова старанна. У такім выпадку яна можа стаць крыніцай інфіцыравання.
  • Па-другое, падчас гэтай працэдуры трэба апрануцца, і, значыць, мы застаемся без абароны, у той час як выдзяленні працягваюць ісці.
  • Па-трэцяе, менструальная кроў можа служыць крыніцай перадачы інфекцый, у т.л. такіх сур'ёзных, як вірус гепатыту С і ВІЧ. І калі капу мыюць у грамадскім умывальніку, могуць пацярпець іншыя людзі. І, нарэшце, этычны момант. Працэдура вельмі інтымная. Выконваць яе, да прыкладу, дзесьці ў санвузле ў месцах грамадскага харчавання (у кафэ, рэстаране) не вельмі этычна.

Па водгуках тых, хто карыстаецца менструальнымі чашамі пастаянна, гэтыя праблемы вырашаюцца так: перад зменай чашы трэба абавязкова добра памыць рукі з мылам. З сабой падчас менструацыі насіць бутэльку з пітной вадой. Прамываюць чашу ў такім разе, зачыніўшыся ў кабінцы грамадскай прыбіральні. Ці можна зрабіць гэта якасна ў падобных умовах? Пытанне.

  • Дыскамфорт.

— Некаторыя пацыенткі скардзяцца на адчуванне іншароднага цела падчас выкарыстання менструальнай чашы. Расцяжэнне сценак похвы можа быць дастаткова балючым.

  • Анатамічныя нюансы.

— Менструальную чашу трэба ўвесці так, каб шыйка маткі трапіла непасрэдна ў рэзервуар. Калі ёсць нейкія анатамічныя асаблівасці, напрыклад, рэзкае адхіленне шыйкі маткі назад, гэта тэхнічна цяжка зрабіць.

Менструальная чаша і сіндром таксічнага шоку

У 2015 годзе ў канадскім часопісе «Інфекцыйных захворванняў і медыцынскай мікрабіялогіі» былі апублікаваныя матэрыялы, у якіх апісваліся пацверджаныя выпадкі сіндрому таксічнага шоку (СТШ), які развіўся ў выніку выкарыстання менструальнай чашы. Пасля гэтага пачалі праводзіцца лабараторныя эксперыментальныя даследаванні. Вынікі былі нечаканымі.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
У лабараторных умовах даследчыкі вывучалі верагоднасць развіцця сіндрому таксічнага шоку падчас прымянення рознага тыпу тампонаў і менструальнай чашы (афіцыйны часопіс Амерыканскага таварыства мікрабіялогіі Applied and environmental microbiology., 2018 г.). Аказалася, што сучасныя тампоны, якія выкарыстоўваюць камбінацыю арганічнай і сінтэтычнай тканіны, могуць, наадварот, падаўляць рост залацістага стафілакока. У той жа час выяўлена некаторае павышэнне тэмпаў яго росту ў менструальнай чашы. Даследчыкі звязваюць гэта з тым, што пры ўвядзенні менструальнай чашы ў похву трапляе большая колькасць паветра, чым пры ўвядзенні тампона. Паветра спрыяе больш актыўнаму размнажэнню стафілакока і больш масіўнай выпрацоўцы асноўнага таксіну. Плюс у тампоне кроў усмоктваецца ў тканіну, а ў менструальнай чашы знаходзіцца ў вадкім стане. А гэта ідэальнае асяроддзе для размнажэння бактэрый. Спрацоўваюць адразу тры фактары (працяглае знаходжанне чашы ў похве, трапленне паветра, вадкая кроў. Дарэчы, аказалася, што менструальныя чашы з тэрмапластычнага эластамеру ў гэтым плане больш бяспечныя.

Як выбраць менструальную чашу?

Менструальныя чашы, часцей за ўсё, бываюць маленькага (S) і вялікага (L) памераў.

— З нагоды прымянення менструальнай чашы нявінніцы я б задумалася. У інтэрнэце шмат інфармацыі пра тое, што гэта можна рабіць, але мой асабісты пункт гледжання – пры ўвядзенні менструальнай чашы вышэйшая рызыка траўмавання цнатлівай плявы ў дзяўчат, якія не жывуць палавым жыццём. Таксама звычайна больш выяўлены дыскамфорт, звязаны з расцяжэннем сценак похвы, адчуванне іншароднага цела.

Як карыстацца?

  • Старанна вымыць рукі.
  • Заняць зручнае становішча. Так, каб мышцы брушной сценкі былі максімальна расслабленыя (лежачы або седзячы над бідэ).
  • Скласці чашу ўдвая і ўвесці ў похву так, каб шыйка маткі трапіла ў рэзервуар.
  • Пасля выкарыстання чашы (ад 2-3 да 12 гадзін) дастаць яе за спецыяльны хвосцік.
  • Выліць змесціва чашы ва ўнітаз.

Як даглядаць?

Рэкамендацыі па доглядзе чашаў разнастайныя. Пасля кожнага прымянення трэба прамыць і прастэрылізаваць чашу (для гэтага могуць падысці, напрыклад, растворы хларгексідыну або мірамістыну). Пасля заканчэння менструацыі чашу варта захоўваць у спецыяльным індывідуальным мяшочку. Пры выяўленні змены колеру або дэфармацыі вырабу выкарыстоўваць яго не рэкамендуецца.

Ідэальны менструальны прадукт. Існуе?

Меркаванне пра тое, што менструальная чаша – ідэальны метад менструальнай гігіены, пры ўважлівым разглядзе аказваецца проста міфам.

Амерыканскі часопіс «Journal of Women's Health» у 2011 годзе параўнаў уражанні жанчын ад выкарыстання менструальнай чашы замест звыклых для іх менструальных прадуктаў і атрымаў наступныя вынікі:

  • 37% жанчын адзначылі, што чашы больш зручныя;
  • 29% жанчын сказалі, што выкарыстанне менструальных чашаў для іх меней зручна;
  • 34% рэспандэнтаў не адзначылі ніякай розніцы.

На самай справе ідэальнага менструальнага прадукту не існуе, пытанне толькі ў індывідуальным падборы. Нямала міфаў ёсць і пра традыцыйныя тампоны ды пракладкі. Пра іх мы раскажам у наступных матэрыялах.

Exit mobile version