Site icon Слушна

Мінчане малявалі бегам сэрцы

У гэтыя хвіліны вакол «Мінск-Арэны» тысячы неабыякавых людзей прымаюць удзел у дабрачынным марафоне «Забег тысячы сэрцаў»! Такую сардэчную акцыю ўпершыню праводзіць РНПЦ дзіцячай хірургіі пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, кампаніі velcom і іншых!

Ідэя для падтрымкі малых вельмі простая - кожны беларус у любым пункце планеты і ў любым месцы Беларусі можа прабегчы ў любы час 27 і 28 мая любую дыстанцыю са сваім смартфонам, на якім устаноўлены фітнес-дадатак, які адлюстроўвае дату, адлегласць і форму маршруту. За апублікаваныя ў сацыяльных сетках скрыншоты сваіх маршрутаў з хэштэгам #velcombegom або #велкомбегом кампанія velcom перавядзе ў падтрымку дзіцячай кардыяхірургіі РНПЦ дзіцячай хірургіі па 2 BYN за кожны кіламетр і па 4 BYN за кожны кіламетр маршруту ў форме сэрца.

Як сказаў сёння на старце акцыі міністр аховы здароўя Валерый Малашка, «атрыманыя сродкі пойдуць на закупку ўнікальнага абсталявання, што дазваляе ажыццявіць раннюю дыягностыку заганаў развіцця сэрца ў маленькіх беларусаў. У нашай краіне здаровы лад жыцця стаў папулярней, з году ў год у нас зніжаецца спажыванне тытуню і алкаголю. Гэта таксама маркеры здаровага ладу жыцця. На вуліцы мы бачым больш людзей актыўных, хто бегае, займаецца скандынаўскай хадой, велатурызмам, ролікамі. Сёння трэба быць здаровым, каб у першую чаргу выбудоўваць сваю будучыню! Бо ад гэтага залежыць будучыня краіны!»

Вакол і ў іншых рэгіёнах Беларусі цяпер бягуць тысячы чалавек - спартсмены, міністры, медыкі, зоркі шоў-бізнэсу і проста неабыякавыя людзі. Маршрут забегу прамаляваны у выглядзе каляровага сэрца вакол «Мінск-Арэны». Усе бегуны атрымліваюць на фінішы памятныя медалі.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі аказвае хірургічную дапамогу дзецям з паталогіямі органаў грудной клеткі і парокамі сэрца. Спецыялісты цэнтра выконваюць высокатэхналагічныя аперацыі на сэрца, а таксама праводзяць усю неабходную дыягностыку. Пры неабходнасці ў цэнтры ажыццяўляюць трансплантацыю сэрца і імплантацыю сістэм дапаможнага кровазвароту.

Exit mobile version