У Беларусі, па дадзеных на 27 сакавіка 2020 года, 32 пацыенты, у якіх раней быў дыягнаставаны каранавірус, лічацца вылечанымі. Частка з іх ужо выпісаная, частка праходзіць канчатковыя тэсты. Пад медыцынскім наглядам ва ўстановах аховы здароўя знаходзяцца 62 чалавекі. Пацыентаў на ШВЛ няма. У цэлым сітуацыя застаецца спакойнай і кантралюемай, паведаміла журналістам 27 сакавіка намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан, дадаўшы, што «сёння рыхтуюцца да выпіскі 7 чалавек».
Адказваючы на пытанне, што тычыцца медыцынскіх работнікаў, якія працуюць непасрэдна з пацыентамі, у каго дыягнаставаны каранавірус, Алена Богдан распавяла, што рызыка заражэння ў іх мінімальная. Усе спецыялісты экіпіяваныя ўсімі неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны.
Акрамя гэтага, адзначыла намеснік міністра, усе медыцынскія спецыялісты, якія з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, праходзяць тэсціраванне на 1-ы і 13-ы дзень.
Дабрачынны рахунак
Міністэрствам аховы здароўя на базе Рэспубліканскага цэнтра экстраннага рэагавання адкрыты дабрачынны рахунак. Па дадзеных на 9.00 раніцы 27 сакавіка, на рублёвым рахунку было 551 944 рублі 37 капеек, на валютным – 16 тысяч 122 еўра 47 цэнтаў.
Алена Богдан адзначыла, што дабрачынны рахунак быў адкрыты ў сувязі са шматлікімі зваротамі, якія ішлі ад бізнесмэнаў, рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій, прамысловых прадпрыемстваў і нават ад звычайных грамадзян, якія выказалі жаданне дапамагчы, перш за ўсё, сістэме аховы здароўя ў сітуацыі, якая склалася.
Сістэма працуе ў штатным рэжыме
У кантакт-цэнтрах, якія створаныя на базе медыцынскіх устаноў для шпіталізацыі кантактных асобаў, зараз у наяўнасці 2 тысячы 221 вольнае месца. Служба хуткай медыцынскай дапамогі працуе ў звычайным рэжыме, павелічэння выклікаў няма. Ёсць усе неабходныя запасы лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, дадала Алена Богдан.
Нікога не прапусціць
Па словах намесніка міністра аховы здароўя – Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Наталлі Жукавай, усе сілы санітарна-эпідэміялагічнай службы сканцэнтраваныя на тым, каб максімальна выявіць усіх кантактных асобаў, якія могуць стаць распаўсюджвальнікамі каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі краіны. Працягваецца праца па кожным выпадку, выяўленым у плане пошуку, устанаўлення і ізаляцыі крыніцаў першага ўзроўню, а таксама кантролю рэжыму самаізаляцыі кантактаў другога ўзроўню.
Патлумачыла эксперт нядаўнюю Пастанову Савета Міністраў, якая тычыцца мераў па прадухіленні завозу і распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. У прыватнасці, дакументам прадугледжана, што асобы, якія прыбылі ў Беларусь з краінаў, у якіх рэгіструюцца выпадкі каранавіруснай інфекцыі, на працягу 14 каляндарных дзён з дня прыбыцця ў нашу краіну павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі ў хатніх умовах.
Выключэнне складаюць толькі тыя асобы, якія прыбылі з краінаў, небяспечных па каранавірусе. У дадзенай сітуацыі, паведаміла Наталля Жукава, «мы працуем ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў і кантралюем пытанні самаізаляцыі гэтых грамадзян».
Эксперт распавяла таксама, што Міністэрства аховы здароўя прапануе абмяжоўваць масавыя мерапрыемствы, а таксама скараціць або прыпыніць рэжым працы некаторых аб'ектаў, якія ўяўляюць спрыяльнае асяроддзе для распаўсюджвання віруса, у прыватнасці, гэта датычыцца кальянных.
Нагадала Наталля Жукава і пра правілы гігіены, якія трэба выконваць няўхільна.
У цэлым, рэзюмавала Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач, меры, якія прымаюцца эпідэміёлагамі і ўрачамі, накіраваныя на выяўленне пацыентаў з прыкметамі, што не выключаюць каранавірусную інфекцыю, можна расцэньваць як эфектыўныя. Сітуацыя ў краіне развіваецца дастаткова спакойна і планамерна, захворванне атрымліваецца ўтрымліваць на ўзроўні спарадычных выпадкаў. Разам з тым, як будзе развівацца сітуацыя далей, шмат у чым залежыць ад усіх нас, упэўненая Наталля Жукава.
Кантроль і адказнасць
Як распавяла Наталля Жукава, тыя, хто перасякае мяжу сёння, не здаюць тэст на каранавірус. Самае галоўнае – чалавек 14 дзён у абавязковым парадку павінен знаходзіцца дома і выконваць рэжым самаізаляцыі. Калі на працягу гэтага перыяду з'явяцца сімптомы, якія не выключаюць захворванне, неабходна выклікаць урача або брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. У гэтым выпадку праводзіцца ўвесь комплекс дыягнастычных і іншых мерапрыемстваў, якія неабходныя ў дадзеным канкрэтным выпадку.
Фота з прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!