Site icon Слушна

Міністэрства аховы здароўя: У Беларусі няма выпадкаў заражэння каранавірусам

Выпадкаў заражэння каранавірусам у Беларусі не зафіксавана, паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Ва ўсіх, хто звяртаўся ў медыцынскія ўстановы з прыкметамі вострай віруснай інфекцыі, былі выяўленыя вірусы грыпу А і В. Па словах міністра, у Беларусі ў поўным аб'ёме выконваюцца ўсе супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Гэта датычыцца Нацыянальнага аэрапорта і іншых пунктаў пропуску па ўсёй мяжы Беларусі.

Каранавірус. Нацыянальны аэрапорт Беларусі.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
У дадзенай сітуацыі мы ацэньваем патэнцыяльныя рызыкі і распрацоўваем комплекс мерапрыемстваў, які дазваляе іх мінімізаваць. Мы працуем у цесным кантакце з калегамі з сумежных краінаў. Праводзілася нарада на ўзроўні прадстаўнікоў міністэрстваў аховы здароўя краін СНД. Мы сустракаліся з паслом КНР. Наладжаны дакладны абмен інфармацыяй па ўсіх каналах.

Завяршаюцца мерапрыемствы па святкаванні Новага года ў Кітаі. Таму ў бліжэйшы час мяркуецца вяртанне ў Беларусь кітайскіх студэнтаў і працоўных, а таксама беларусаў, якія адпачывалі ў Кітаі. З боку КНР, адзначыў Уладзімір Каранік, прымаюцца актыўныя меры па недапушчэнні распаўсюджвання віруса за межы краіны. Усіх, хто вяртаецца з небяспечных па эпідэміялагічнай сітуацыі раёнаў, змесцяць на 14-дзённы карантын (столькі доўжыцца і інкубацыйны перыяд каранавіруса), і толькі пасля гэтага ім будзе дазволены выезд з краіны. Як паведаміў міністр, спісы людзей, якія павінны вярнуцца ў нашу краіну, удакладняюцца.

Акрамя гэтага, дадаў Уладзімір Каранік, прынятае рашэнне ўвесці дадатковыя меры па абароне тэрыторыі Беларусі ад завозу і распаўсюджвання каранавіруса: у Нацыянальным аэрапорце будзе наладжаны двайны кантроль.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Першапачаткова супрацоўнікі медыцынскай службы будуць узнімацца на борт самалёта для выяўлення пасажыраў з прыкметамі віруснай інфекцыі, якія будуць перадавацца медыцынскай службе грамадзянскай авіяцыі. Для такіх пасажыраў, каб не змешваць патокі людзей, асобна будуць праводзіцца ўсе мытныя працэдуры.

У Нацыянальным аэрапорце таксама разгорнецца лабараторыя для дыягностыкі каранавіруса. Пакуль ідзе вызначэнне месца, дзе яна будзе размешчаная. Сярод тых, каму будзе рэкамендавана прайсці падобны тэст на наяўнасць або адсутнасць каранавіруса ў арганізме, – пасажыры, якія доўга знаходзіліся ў Кітаі.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Сумесна з кітайскім бокам мы рыхтуем аб'явы на рускай і кітайскай мовах для тых груп пасажыраў, якім настойліва рэкамендуецца прайсці лабараторную дыягностыку. Вынік тэстаў (будуць браць мазкі са слізістай) будзе гатовы на працягу 4-12 гадзін. Усіх пасажыраў, якія пройдуць тэсты, мы зарэгіструем, і ў выпадку станоўчага выніку з імі звяжуцца прадстаўнікі аховы здароўя. Пацыент будзе змешчаны пад медыцынскае назіранне.

У выпадку, калі ў чалавека адзначаныя ўсе прыкметы віруснай інфекцыі і ён няхай нават непрацяглы час знаходзіўся ў Кітаі, – гэта таксама абавязковая ўмова для правядзення тэст-даследавання на наяўнасць каранавіруса, дадаў Уладзімір Каранік.

Усе, хто прыбывае ў краіну, забяспечваюцца памяткамі пра неабходнасць назірання за сваім станам на працягу 14 дзён. Пры пагаршэнні самаадчування – выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, а не ісці ў паліклініку.

Як адзначыў міністр, вірус валодае нізкай кантагіёзнасцю і заразіцца ім даволі складана. Для гэтага неабходны працяглы кантакт з хворым чалавекам, напрыклад, сумеснае пражыванне. У зоне рызыкі таксама – медыцынскія работнікі.

У сваю чаргу галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, д.м.н., прафесар Ігар Карпаў патлумачыў, што пэўных спецыфічных клінічных прыкметаў у дадзенага каранавіруса няма. Менавіта таму асабліва важныя лабараторныя даследаванні.

 
Ігар Карпаў
Галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, д.м.н., прафесар
Вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі маюць сваю клінічную карціну – наяўнасць вірусасацыяваных катаральных з'яў (боль у горле, кашаль, насмарк і г.д.). Насмарк або боль у горле часта суправаджаюць вірусныя інфекцыі, і каранавірусную інфекцыю ў тым ліку. Пнеўманія – гэта часцей за ўсё ўжо ўскладненае цячэнне.

Больш за ўсё, дадаў Ігар Карпаў, да рызыкі ўскладненняў схільныя людзі сталага ўзросту, якія, як правіла, маюць не адно хранічнае захворванне.

Распавялі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і пра меры прафілактыкі каранавіруса, якая заключаецца ў выкананні простых, але дзейсных правілаў: мыць рукі; не чапаць бруднымі рукамі вочы (слізістая вачэй можа стаць «брамай» для інфекцыі); пазбягаць кантактаў з людзьмі, у якіх ужо ёсць сімптомы інфекцыйных захворванняў.

Усе фотаздымкі ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version