На змену моцным маразам на пачатку тыдня да выхадных сіноптыкі прагназуюць значнае павышэнне тэмпературы паветра. Як правіла, у маладым узросце і ў таго, у каго няма хранічных паталогій, такі рэзкі скачок тэмпературнага фону практычна не адчуваецца. Праблемы са здароўем могуць з'явіцца ў сталых людзей, а таксама ў тых, хто мае ў анамнэзе хранічныя захворванні і метэаадчувальнасць. У іх можа павышацца артэрыяльны ціск, з'явіцца ламота ў суставах, галаўны боль і нават бяссонніца.
Як тэмпературныя ваганні могуць адбіцца на самаадчуванні чалавека? Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі даведалася ў галоўнага пазаштатнага герантолага Міністэрства аховы здароўя, кіраўніка Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людмілы Жылевіч.
Хто ў групе рызыкі
У першую чаргу, пацыенты з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, асабліва калі яна дрэнна кантралюецца. Рэзкія перапады тэмпературы паветра могуць справакаваць як нязначнае павышэнне артэрыяльнага ціску, так і гіпертанічны крыз. У людзей з ішэмічнай хваробай сэрца магчымы прыступ стэнакардыі. Спазм сасудаў можа справакаваць галаўны боль, зрабіцца прычынай дыскамфорту ў грудзях, болю ў сэрцы. У сілу ўзроставых змяненняў альбо парушэнняў, выкліканых захворваннямі, арганізм проста не паспявае своечасова адаптавацца, што і прыводзіць да падобных станаў.
Як патлумачыла Людміла Жылевіч, на працу сістэмы кровазвароту нашага арганізма аказвае ўздзеянне атмасферны ціск. Пры яго павышэнні артэрыяльны ціск падае, а частата сардэчных скарачэнняў павялічваецца. Пры паніжэнні бараметрычнага ціску артэрыяльны, наадварот, узрастае. Дарэчы, на людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі найбольш неспрыяльна ўздзейнічае рэзкае пацяпленне (пачашчаецца сэрцабіцце, могуць здарацца страты прытомнасці і прыступы сардэчнага болю).
Рэзкая змена тэмпературнага фону дрэнна адбіваецца і на тых, хто хворы на цукровы дыябет, мае захворванні касцёва-мышачнай сістэмы, нервовыя расстройствы і гарманальныя парушэнні.
Напрыклад, пры рэзкім пахаладанні ў сталых людзей з рэўматызмам, астэапарозам, рэўматоідным артрытам пачынае «выкручваць» косці і суставы, можа з'явіцца ныючы боль у месцах старых пераломаў і траўмаў.
Людзі з праблемамі са шчытападобнай залозай пачынаюць пастаянна мерзнуць. Рэзкая змена надвор'я аказвае ўплыў і на нервовую сістэму. Можа з'явіцца дрымотнасць ці, наадварот, бяссонніца, а таксама пачуццё неспакою, хаця бачных прычынаў для гэтага няма.
Што рабіць?
Пры сардэчна-сасудзістай паталогіі, асабліва артэрыяльнай гіпертэнзіі, падчас рэзкай змены тэмпературнага фону варта кантраляваць артэрыяльны ціск, абавязкова прымаць прапісаныя ўрачом лекі.
Калі вы ведаеце, што дрэнна рэагуеце на змену тэмпературы паветра і змену надвор'я, старайцеся прытрымлівацца наступных правілаў.
- Паўнавартасна адпачывайце і высыпайцеся. Абавязкова праветрывайце памяшканне.
- Не забывайцеся на фізічную актыўнасць. Яна ўмацоўвае імунітэт, разганяе метабалізм, нармалізуе кровазварот (напрыклад, часцей хадзіце пешшу), пазітыўна ўплывае на настрой.
- Паўнавартасна харчуйцеся. Не варта налягаць на «цяжкую ежу» (мясныя стравы, моцны чай ці каву, бабы, гарох). Аддавайце перавагу стравам з гародніны і рыбы, спажывайце зеляніну.
- Кантралюйце свае захворванні (рэгулярна вымярайце артэрыяльны ціск, частату пульса і яго рытмічнасць, узровень глюкозы ў крыві і г.д.).
- Выконвайце ўсе рэкамендацыі ўрача, не адмяняйце і не дадавайце самастойна лекавыя сродкі, не змяняйце іх дазіроўку без парады ўрача.
Акрамя таго, адзначыла спецыяліст, вельмі важна, каб, апроч асноўнай тэрапіі, заўсёды ў запасе былі таблеткі, якія адносяцца да «хуткай дапамогі». Напрыклад, для гіпертонікаў – гіпатэнзіўныя лекавыя сродкі (каптапрыл), для астматыкаў – прэпараты, якімі купіруецца прыступ (інгалятар), для хворых са стэнакардыяй – нітрагліцэрын, для людзей з хваробамі апорна-рухальнай сістэмы – абязбольвальныя таблеткі, супрацьзапаленчая мазь.