Народны каляндар
6 снежня ў народным календары – Мітрафан.
Нават дзіўна, наколькі дакладна сёлета пачатак каляндарнай зімы супаў з зімой сапраўднай! Бо даўнавата ўжо мы на пачатку снежня не назіралі снежнае покрыва, няхай сабе і зусім невялікай таўшчыні. Але ў пакоях ад яго і ўначы светла! А хтосьці трэцяга снежня ў нас у Чэрвені нават ўхітрыўся завезці малое ў дзіцячы садок на санках. І правільна! Трэба лавіць момант! Бо якім будзе ён, сёлетні Мітрафан, якога нашыя продкі ўшаноўвалі 6 снежня, па шчырасці, загадка…
Бо пісаліся гэтыя радкі зараней. І ўжо тады надвор’е абяцалі нам, пачынаючы з пятніцы, няўстойлівае. Лёгкі плюс і дажджы супраць лёгкага мінусу і снегу… Эх! А па прыкметах нашых продкаў, на Мітрафана павінен ужо распачынацца санны шлях…
Але шкадаваць тут можна толькі пра адсутнасць снегу, а не пра магчымасць на санях праехацца. Бо для тых жа маршрутак лепей чыстая ды гладкая дарога. І каб той дождж адразу ж не замёрз. А то ж Дзень бляхара надарыцца, не дай Бог! 🙁
Затое калі ёсць снег, лёгкі марозік плюс яшчэ і сонца, дык многія ўяўляюць сабе ўжо калядныя святы ды Новы год.
А ці чулі вы, шаноўныя сябры, пра яшчэ адно адмысловае свята, якое прыпадае таксама на сёння, 6 снежня?! А гэта – Дзень ёлкі з рукавічкамі! Чулі пра такі?! І я таксама – не. Таму давялося шукаць пра яго хаця б штосьці ў сеціве.
І ў чарговы раз – эх! Пра такое свята трэба ведаць зараней. Каб зараней жа і падрыхтавацца. Да дабрачыннасці. І зноўку мы пазіраем у бок Амерыкі ды мастацкай літаратуры.
Аказваецца, у амерыканскай пісьменніцы Кэндас Крыстыянсен у кнізе «Дрэва з рукавічкамі» распавядаецца, як адна мадам штораніцу назірала за школьнікамі на аўтобусным прыпынку. І заўважыла, што ў аднаго хлопчыка не было рукавічак. І яна звязала іх для яго і змясціла пад ёлку, каб ён знайшоў.
І цяпер дзе-нідзе ў гэты дзень ладзяць дабрачынныя акцыі. Сутнасць іх у тым, што ёлкі ўпрыгожваюць сапраўднымі вязанымі рукавічкамі. А затым іх у якасці падарункаў забіраюць дзеці з дзіцячых дамоў. Ну вось жа якая выдатная прыдумка, а?! Ведала б зараней – каму-небудзь звязала б. Рукавічкі – яны ж хутчэй за пальчаткі вяжуцца…
Але і гэта не ўсе дзівосы на сёння. Бо 6 снежня таксама – Дзень рыжых думак! «Якіх-якіх?!» – перапытаецеся вы. Ага… Рыжых… Сама ў шоку! 🙂
Як жа ў сеціве тлумачаць рыжыя думкі? Тыя, якія прыходзяць у галаву рыжым (цікава, а пафарбаваныя валасы лічацца?!). Сонечныя, вясёлыя, пазітыўныя. Нечаканыя. Хуліганскія. Зрэшты, спіс можна дапаўняць да бясконцасці!
А заадно сёння рабіць учынкі… Што адпавядаюць рыжым думкам: нечаканыя, у нечым хуліганскія, карысныя альбо зусім не… Вось якая прастора для фантазіі! 🙂 А яшчэ… Рыжыя ўсяго свету, яднаемся! 🙂 Павінна ж нам пашанцаваць, хаця б калісьці!
Але перш чым пачаць весяліцца, давайце зробім адну сур’ёзную справу. А менавіта – павіншуем усіх, хто святкуе Дзень юрыста, з прафесійным святам!
А яно, як вядома, адзначаецца ў першую нядзелю снежня. Са святам усіх сумленных і праўдзівых працаўнікоў, якія строга прытрымліваюцца закону і ніколі не паддаюцца ціску альбо ўласным эмоцыям.
А! Мы ж яшчэ забыліся пра адну імянінніцу сёння! Мікрахвалёўку! Менавіта яна адзначае 6 снежня Дзень народзінаў. Нягледзячы на спрэчкі, якія ідуць і па сёння паміж вучонымі і даследчыкамі пра яе шкоднасць альбо бясшкоднасць для чалавека, яна гаспадарыць на кухнях многіх даўно і добра.
Я, напрыклад, у ёй не гатую. Толькі грэю. І тое часцей за ўсё не больш за 1 раз у суткі. А магу і ўвогуле не выкарыстоўваць. Так што хочацца думаць, што вялікай шкоды ад яе не маю… Таму шчыра – з Днём народзінаў, печка мікрахвалёвая! 🙂
А вось цяпер… Хутчэй-хутчэй! Да рыжых думак і рыжых учынкаў! 🙂