Site icon Слушна

Міхаіл Савіцкі, як сімвал мастацтва ХХ стагоддзя

Міхаіл Андрэевіч Савіцкі.

Сёлета 18 лютага спаўняецца 104 гады з дня нараджэння славутага мастака краіны Міхаіла Андрэевіча Савіцкага.

Міхаіл Савіцкі ўвасабляе сабой цэлую эпоху. Ён дасягнуў прызнання, стаўшы народным мастаком СССР, Героем Беларусі і адным з сімвалаў мастацтва ХХ стагоддзя. За доўгае творчае жыццё стварыў мноства ўражлівых палотнаў, але сам асабліва вылучаў цыкл карцін "Лічбы на сэрцы", у якіх адлюстраваў усё, што ўбачыў у канцлагерах.

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага.  

Знаеміўся з жывпісам па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева і Сурыкава

Савіцкі нарадзіўся ў сялянскай сям'і 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звенячы Талачынскага раёна. Бацька-чыгуначнік, маці-пчаляр у калгасе.

У пяць гадоў Міхась добра чытаў і вельмі любіў часопіс "Вакол свету". У школе захапляўся фізікай, матэматыкай і рознымі вынаходніцтвамі. Марыў паступіць у мастацкую ВНУ.

З жывапісам Міхаіл знаёміўся па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева "Масленіца" і Сурыкава "Раніца Стралецкай казні", якія аднекуль прывёз бацька.

Па заканчэнні сярэдняй школы быў прызваны ў Чырвоную армію як раз напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта з таго моманту і пачаўся адлік цяжкіх выпрабаванняў будучага мастака. Ужо ў 19 гадоў ён на працягу 250 дзён прымаў удзел у абароне Севастопаля, а пасля здачы горада трапіў у палон.

Быў перапраўлены ў Германію, двойчы спрабаваў вырвацца на волю, але пасля правалу трэцяга ўцёкаў быў змешчаны ў вядомы канцлагер Бухенвальд, а пасля - у Дахау.

Хаджэнне па пакутах. Вязень 32815

У Германіі палоннаму прызначылі працаваць электра-зваршчыкам на вагоннай фабрыцы ў Дзюсельдорфе. Там жа разам з іншымі палоннымі быў членам дыверсійнай групы пад кіраўніцтвам Георгія Карнілава. Праўда, праіснавала група дыверсантаў нядоўга і ў хуткім часе была раскрыта. М.Савіцкі спрабаваў збегчы ў Францыю, але быў затрыманы фашыстамі і асуджаны да смяротнага пакарання.

Пазней пакаранне замянілі на адпраўку ў канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд. У Бухенвальдзе ён быў вязнем пад нумарам 32815, які потым будзе адлюстраваны ў знакамітай серыі карцін мастака.

З Бухенвальда Савіцкага адправілі на каменяломні канцэнтрацыйнага лагера Мітэльбаў-Дора, адкуль моцна знясілены ўжо пад канец вайны ён патрапіў у лагер Дахау. Немцам не атрымалася зламіць волю адважнага беларуса, і ён зноў спрабуе арганізаваць пабег. Аднак спроба была няўдалай.

Ёсць звесткі, што М.Савіцкі прабыў 17 дзён пад арыштам у тыфозным бараку ў чаканні расстрэлу. Аднак 29 красавіка 1945 года вязні Дахау былі вызвалены саюзнікамі.

Мары павінны збывацца

Пасля вяртання на Радзіму яго, усяго толькі 25-гадовага хлопца, але столькі перажыўшага, чакае паварот лёсу.

Мара стаць мастаком збываецца. Міхаіл Андрэевіч паступае ў Мінскае мастацкае вучылішча, а затым і ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя У.І. Сурыкава.

Пасля заканчэння ВНУ ў 1957 годзе Савіцкі пастаянна жыве ў беларускай сталіцы і становіцца ўдзельнікам мастацкіх выстаў.

Суровы мастак – рэаліст

Унікальны погляд на свет Міхаіла Савіцкага ўзбагачаўся ўласным трагіка-гераічным вопытам Вялікай Айчыннай вайны.

Глядзець на палотны Савіцкага без унутранага эмацыйнага ўсплёску нельга. Мастак, як сам прызнаваўся ў сваіх інтэрв'ю, хацеў бескампрамісна паказаць пра тое, што нельга забыцца колькі б год не мінула.

Не дзіва, што яго першы мастацкі цыкл быў прысвечаны тэме партызанскай барацьбы супраць акупантаў - не менш за 20 палотнаў, пачынаючы з "Партызан" і заканчваючы "Плачам аб загінуўшых героях", ярка і магутна раскрываюць трагедыю жыцця беларускага народа.

У 1967 годзе ён стварыў самую, напэўна, вядомую сваю працу - "Партызанскую Мадону". Гэтую візітную картку мастака купіла Траццякоўская галерэя. Вядома, такі факт праславіў Савіцкага і прынёс яму грамадскае прызнанне.

Міхаіл Савіцкагі – перакананы рэаліст, які перанёс на сабе трагедыю народа, і не па чутках зведаў пакуты. Па ўсіх карцінах добра відаць, як глыбока ў сэрца творцы ўрэзаліся ўспаміны пра канцлагеры.

Цыкл “Лічбы на сэрцы”

У 1974 годзе Міхаіл Андрэевіч пачаў пісаць, мабыць, найбольш ўражлівы цыкл карцін - "Лічбы на сэрцы".

Па складанасці і маштабнасці пастаўленых задач, па выяўленчых сродках гэты цыкл з 16 манументальных палотнаў не мае аналагаў у сусветным мастацтве. 

За кожнай карцінай стаіць асобная гісторыя: і пра надзею на вызваленне, і пра спробы выжывання, і пра супрацьстаянне ворагу.

"Летні тэатр"

Асаблівае ўражанне тады зрабіў "Летні тэатр" – з мноствам фігур закатаваных людзей, якія захоўваюць жывую чалавечую прыгажосць у процівагу нязменнай прыродзе катаў-фашыстаў. На мове фашыстаў, “летнім тэатрам” называлі яму, у якую скідвалі людзей, загубленых газам, а потым спальвалі.

"Летні тэатр" "карэкціраваў" сам першы сакратар ЦК Кампартыі Беларускай ССР Пётр Машэраў.

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага

За сваё жыццё Савіцкі стварыў больш за 200 карцін. У сваёй творчасці мастак паказвае жах вайны і трагедыю простых людзей. Ёсць у Савіцкага і серыя карцін, прысвечаных Чарнобыльскай трагедыі.

Карціны з цыклу "Чорная быль" (1987-1989) нясуць адчуванне болю і плачу па скалечанай ядзерным выкідам зямлі. Сярод 10 карцін гэтага цыклу асабліва вылучаецца "Рэквіем".

У творчасці мастака можна сустрэць і народныя матывы. М.Савіцкі таксама ілюстраваў дзіцячыя кніжкі.

Савіцкі стварыў мноства партрэтаў вядомых сучаснікаў. Напрыклад серыю партрэтаў прэзідэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук.

У апошнія гады мастак быў глыбока веруючым чалавекам і напісаў цыкл "Запаведзі асалоды" і гістарычныя карціны, прысвечаныя зямному жыццю Хрыста.

Працы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых калекцыях.

Памёр Міхаіл Савіцкі 8 лістапада 2010 года. А 7 верасня 2012 года ў Мінску ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя адкрылася Мастацкая галерэя імя мастака. 

Уладзімір Тоўсцік: «Мастацтва — гэта сфера спасціжэння сэнсу праз інтуіцыю»

Exit mobile version