Вулічная медыцына – феномен, які ў той ці іншай форме існуе ў любым пункце свету, дзе ёсць урачы і медыцынскія работнікі. Па сутнасці, гэта валанцёрскі рух, накіраваны на аказанне нізкапарогавай медыцынскай дапамогі бяздомным людзям. У Беларусь (дакладней сказаць – у Мінск) вулічную медыцыну «прывяла», рэалізуе і спрабуе развіваць з групай аднадумцаў студэнтка 6-га курса БДМУ Карына Радчанка. Пра тое, навошта гэта трэба, пра асабістае і грамадскае, пра сучаснасць і будучае наша гутарка з Карынай.
Першы крок – ужо дарога
Пра валанцёрскі рух медыцынскіх работнікаў у дапамогу бяздомным Карына даведалася з інтэрнэту некалькі гадоў таму. З таго часу пачала ўважліва сачыць за праектамі, якія рэалізоўвалі ўрачы і медсёстры з Санкт-Пецярбурга і Чалябінска. Каб праявіць ініцыятыву і зрабіць штосьці падобнае ў Мінску, спачатку нават думак не ўзнікала. Дзяўчына толькі перайшла на 4-ы курс, клінічных дысцыплінаў пакуль толкам не было, практыкі, адпаведна, таксама. Але чым больш Карына даведвалася, тым больш прачыналася цікавасць. І аднойчы яна напісала ў сасцсеткі пецярбургскім валанцёрам. Ёй адказалі... За перапіскай, якая рабілася больш актыўнай і глыбокай, надарылася сустрэча.
– І тады пытанне ўзнікла само па сабе: а чаму б і не? – прыгадвае Карына. – Літаральна праз тыдзень я пайшла туды, дзе бясплатна кармілі бяздомных. І прапанавала дапамогу. Гэта было 1-га лістапада 2018 года. Першыя некалькі разоў я выходзіла, хутчэй, на разведку, чым з рэальнай прапановай дапамогі. У маёй аптэчцы практычна нічога не было: пластыры, бінты, «зялёнка» не лічацца. Больш слухала людзей, вучылася размаўляць з імі, даведвалася, якія праблемы са здароўем іх турбуюць, ацэньвала свае магчымасці... Спачатку прыходзіла адзін раз у месяц, потым два, потым штотыдзень.
Прызнаецца, што сумяшчаць валанцёрства, вучобу і падпрацоўку, якую знайшла ў адной са сталічных бальніц, было няпроста. Але для вулічнай медыцыны вельмі важны давер паміж урачом і пацыентам, які можна выбудаваць толькі рэгулярнымі і пастаяннымі «візітамі». І Карына працягвала хадзіць.
Праз 8 месяцаў з'явіўся першы валанцёр.
Валанцёраў «па размеркаванні» не бывае
Пра тое, чым займаецца, Карына спачатку распавядала толькі блізкім людзям з падобнымі інтарэсамі. Але нават там не заўсёды сустракала паразуменне: кажа, вакол бяздомнасці вельмі шмат стэрэатыпаў і страхаў.
– Але нікога не агітавала, не прымушала, не пераконвала, – прызнаецца дзяўчына. – Лічу, што асноўны матыватар – разуменне праблемы і асабістае жаданне ўдзельнічаць у яе рашэнні. Нельга прыйсці ў вулічную медыцыну «па размеркаванні». З дзяўчынай, якая вырашыла да мяне далучыцца, мы пазнаёміліся на іншым валанцёрскім праекце. У яе няма медадукацыі, таму яна выступала ў якасці асістэнта: вяла дакументацыю, дапамагала пры перавязках. А далей ужо запрацавала «сарафаннае радыё».
На пачатку гэтага года ў Карыны было каля 20 аднадумцаў: урачы, фельчары, медсёстры, фармацэўты і проста неабыякавыя людзі. Цяпер стабільна выходзяць да бяздомных не болей за 4 чалавекі... Дзяўчына ні на каго не ў крыўдзе. Кажа, разумее, што на фоне пандэміі кавіду і палітычных хваляванняў дапамога бяздомным далёка не ў прыярытэце. Але сама адступаць не збіраецца.
– Вулічная медыцына – гэта не палітычны і не рэлігійны рух, яна не дзеліць людзей па полу, узросту і ідэалагічнай прыхільнасці, – падкрэслівае Карына. – Да нас па дапамогу можа звярнуцца любы, хто па пэўных прычынах апынуўся на вуліцы. І далучыцца да руху можа таксама любы, хто лічыць, што для яго гэта важна і яму гэта трэба.
Гісторыя дапамогі бяздомным – гэта не пра шкадаванне
– Мы аказваем самую простую і, наколькі гэта магчыма, планавую дапамогу бяздомным людзям: апрацоўваем і перавязваем раны, выдаем найпростыя безрэцэптурныя лексродкі ў залежнасці ад стану, – тлумачыць сутнасць вулічнай медыцыны Карына. – Ніякіх інвазіўных умяшанняў, аперацый, уколаў, кропельніц. Пры гэтым людзям не патрэбны пашпарт, рэгістрацыя, якіясьці асаблівыя дакументы, каб атрымаць медыцынскую дапамогу. У гэтым і заключаецца яе нізкапарогавая даступнасць.
Праект вулічнай медыцыны, які Карына Радчанка стараецца прасоўваць у сацсетках, каб прыцягнуць увагу патэнцыяльных валанцёраў, не можа працаваць эфектыўна ў адрыве ад іншых сэрвісаў дапамогі. Хаця б таму, што часцяком яны больш важныя для бяздомных, чым здароўе, перакананая дзяўчына. Каб паесці альбо ўзяць з сабой ежы на некалькі дзён, бяздомны пойдзе ў іншы раён горада. Каб зрабіць перавязку – не.
Таму валанцёры вулічнай медыцыны імкнуцца знаходзіць падтрымку сярод іншых грамадскіх рухаў. Напрыклад, зараз медыкі «прымаюць» пацыентаў на пляцоўках валанцёрскай ініцыятывы «Ежа замест бомбаў». Актыўна супрацоўнічаюць з групамі ананімных алкаголікаў і наркаманаў і маюць магчымасць перанакіроўваць да іх людзей, калі яны прыходзяць з такім запытам.
– А яны часам прыходзяць, – кажа Карына. – Як і любы іншы чалавек, бяздомныя таксама могуць усведамляць, што алкагольная залежнасць для іх праблема, просяць дапамагчы менавіта ў яе рашэнні. Хворыя людзі павінны атрымліваць лячэнне па-за залежнасці ад таго, ёсць ім дзе жыць, ці не, праўда? Але парадокс у тым, што атрымаць планавую меддапамогу можна толькі пры наяўнасці пашпарта. Таму мы стараемся максімальна доўга і настолькі, наколькі ад нас гэта залежыць, падтрымліваць здароўе бяздомных, каб знізіць рызыку ўскладненняў ці вострых станаў. Гэта прасцей і нашмат танней, чым аказваць пацыенту экстранную дапамогу на дарагім рэанімацыйным ложку. І калі мы можам дапамагчы чалавеку без шпіталізацыі, без інвазіўных умяшанняў, дык чаму б гэтага не рабіць?
У арсенале валанцёраў самыя простыя безрэцэптурныя лексродкі, неабходныя для лячэння вострых рэспіраторных захворванняў, паталогій СКТ, грыбковых інфекцый, апрацоўкі ранаў і язваў, сардэчна-сасудзiстых парушэнняў і г.д.
З інструментаў – фанендаскоп, танометр, магчымасці фізікальнага агляду і старыя добрыя прыёмы прапедэўтыкі. Неабходны мінімум – альбо ўласнасць валанцёраў, альбо набытае на асабістыя сродкі і ахвяраванні. Жадаючыя дапамагчы матэрыяльна з'явіліся, калі актывісты вулічнай медыцыны завялі свае старонкі ў сацсетках. Дзякуючы ахвяраванням валанцёры забяспечаныя ў тым ліку і сродкамі індывідуальнай абароны.
У адной з мінскіх кавярняў устаноўлены кантэйнер, куды неабыякавыя жыхары горада могуць прыносіць перавязачныя матэрыялы. А нядаўна валанцёры наладзілі супрацоўніцтва з ЮНЭЙДС у Беларусі і Беларускай Асацыяцыяй клубаў ЮНЭСКА, і ў іх з'явілася магчымасць тэсціраваць бяздомных на ВІЧ бяскроўнымі экспрэс-тэстамі, а таксама бязвыплатна прапаноўваць ім сродкі бар'ернай кантрацэпцыі.
– Сярод нашых пацыентаў людзі такія ж розныя, якімі бываюць прычыны бяздомнасці. У Расіі, напрыклад, асноўная прычына – працоўная міграцыя, у нас – бытавыя канфлікты паміж сваякамі, сямейнікамі. І не заўсёды бяздомныя – гэта людзі, у якіх няма працы, сяброў, каштоўнасцяў у жыцці (хаця б на пачатковым этапе). Таму тое, чым мы займаемся, – гэта не гісторыя пра шкадаванне, – перакананая Карына Радчанка. – Гэта гісторыя пра тое, што людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, маюць асаблівую патрэбу ў любой дапамозе: сацыяльнай, прававой, медыцынскай... Крытычна важна аказаць яе ў першыя паўгода пасля таго, што здарылася, пакуль не адбылася псіхічная і асобасная дэфармацыя. Тады ў чалавека ёсць рэальны шанц вярнуць сябе. Але праблема ў тым, што ў нас няма адзінай сістэмы дапамогі бяздомным. Альбо ў яе такі высокі парог даступнасці, што чалавеку прасцей пакінуць усё, як ёсць. Калі гэта не так, задайце сабе пытанне: ці ведалі б вы, куды пайсці і дзе атрымаць дапамогу, калі б апынуліся на вуліцы?
...Менш чым праз год Карына Радчанка атрымае дыплом урача. Гэта будзе яе другая вышэйшая адукацыя – перад тым, як паступіць у медыцынскую вышэйшую навучальную ўстанову, яна скончыла інстытут тэалогіі БДУ. Але і дыплом багаслова, і будучая ўрачэбная спецыяльнасць не столькі адпавядаюць унутраным перакананням і патрэбам дзяўчыны, колькі служаць інструментам для іх рэалізацыі.
– Я проста раблю тое, што лічу патрэбным, – абсалютна шчырая Карына. – Калі хочаце, гэта вельмі моцная патрэба мяняць свет пад сябе. Мне складана жыць у свеце, дзе жывыя людзі з-за пэўных абставінаў аказваюцца нікому не патрэбнымі. Мне лягчэй паспрабаваць штосьці змяніць, чым мірыцца з тым, што ёсць. Калі хто-небудзь хоча паспрабаваць гэта рабіць разам са мной, я буду вельмі рада. Калі жадаючых не знойдзецца – буду працягваць адна.
Калі гэтая гісторыя не пакінула вас абыякавымі, калі вам блізкая філасофія вулічнай медыцыны альбо вы хацелі б дапамагчы валанцёрам (ці стаць адным з іх), тэлефон Карыны Радчанкі ёсць у рэдакцыі. Таксама выхад на старонкі валанцёрскай медыцынскай ініцыятывы ў сацыяльных сетках добра гугліцца па запыце «Вулічная медыцына ў Беларусі».
Фота – Таццяна Сталярова.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!