Аднойчы я пачуў ці прачытаў, ужо не памятаю, што «жыццё даўжэй зрабіць нельга (яно дадзена Богам), але можна яго пашырыць».
Згодна з гэтым прынцыпам, лічу, што толькі ад нас залежыць, якім будзе наш дзень. І не важна, свеціць сонца або ідзе дождж ці снег. Дзень павінен быць насычаны добрымі справамі.
У мяне ёсць сям'я, 3 гады таму нарадзілася дачка. І цяпер дабрабыт сям'і для мяне – гэта самае галоўнае. А яшчэ я люблю сваю працу. З такімі ўстаноўкамі вельмі лёгка жыць.
На працы праводжу вельмі шмат часу. Працуючы ў аддзеле грамадскага здароўя, пастаянна маю стасункі з рознымі людзьмі. Вельмі люблю выступаць у школах.
У кастрычніку-лістападзе ў школах прайшлі «Адзіныя дні прафілактыкі». На адным з такіх 29 лістапада выступаў перад вучнямі 10-11 класаў.
Для выступу мелася стойка з мікрафонам. Аднак хацелася іншага фармату стасункаў, не статычнага, а жывога. І я вырашыў стойку адсунуць і проста гаварыць стоячы ў мікрафон. Зведаў неверагодныя адчуванні, пачынаючы з таго, куды падзець другую руку, і наогул, як паводзіць сябе пры гэтым.
Спадзяюся, вучні такі фармат ацанілі. Лічу, што гэта быў самы цікавы вопыт, момант і дзень у 2018 годзе!!!