6 кастрычніка 2018 года. Цёплы сонечны восеньскі дзень. Восень яркая, жоўта-зялёная. Мары спраўджваюцца. Я гэта зрабіла ў свае 63 гады. Дзякуючы ўнуку. Скачок з парашутам з вышыні 3500 метраў разам з інструктарам. Было мала часу на падрыхтоўку для самастойнага скачка.
Жаданне зрабіць гэта было заўсёды, але ўзмацнілася, калі глядзела, як зрабіў гэты ўнук у 2016 годзе.
Страху не было, а прыгажосць – неапісальная. Мінск як на далоні, Нацыянальная бібліятэка прыгожа глядзіцца. Апісаць стан складана. Захапленне!
Крыху пра сябе. Мяне завуць Буйніч Таццяна Васільеўна. Працую акушэрам-гінеколагам з 1987 года. З 1996 года – загадчык радзільнага аддзялення ў Ганцавіцкай ЦРБ Брэсцкай вобласці. Надзвычай люблю сваю працу. Двое дарослых дзяцей, пяцёра ўнукаў. Старэйшаму ўнуку 22 гады, студэнт. Ён і зрабіў гэтае свята.
І з гадамі разумееш, што трэба не проста жыць, а адчуваць, як жывеш!