Штосьці лепшае немагчыма спланаваць загадзя. Яно прыходзіць спантанна. Ідзеш ты з сабакам, мяце завея, і такое пачуццё свята, што не хапае толькі мандарынкі. Альбо сустрэў цудоўнага чалавека, абмяняўся парай фраз, – і на душы лёгка і светла.
Люблю падарожжы. Падчас іх пакідаеш у баку штодзённасць, убіраеш усё новае, свежае, прыгожае. Убіраеш усімі органамі пачуццяў, атрымліваеш асалоду…
А калі ты прыехаў на мора? Ёсць такія людзі, якія не любяць плёскат хваляў, ракавінкі на беразе, сонечныя ванны, свежае паветра, яркую жыўнасць у вадзе? Дзіўна. Для мяне вось мора – гэта штосьці, падобнае на цуд.
Самым лепшым днём года, які сыходзіць, стаў адзін з іх на моры. Тады я, узлезшы на велізарную скалу, убачыўшы ўвесь гэты абшар, гэтую бірузовую роўнядзь, задумалася: якое ўсё ў свеце адзінае і бязмежнае. Я была шчаслівая, адчуваючы сябе часткай Сусвету – такой маленькай і такой бясконцай.
Усім спантанных радасцяў і чарадзейства ў Новым годзе!