Адпускная кампанія ўжо стартавала. Штодня сотні шчасліўчыкаў выпраўляюцца з вакзалаў і аэрапортаў у розныя куткі зямнога шара па сваю доўгачаканую порцыю мора і пляжу. Туды яны вязуць купальнікі і плаўкі, адтуль – яркія ўражанні і сувеніры на памяць.
Зрэшты, апошнія не заўсёды з тых, пра якія прыемна распавядаць сябрам ці дзяліцца з блізкімі. Напрыклад... ротавірус ці, горш за тое, халера. І гэта зусім не метафара. Перад чалавекам расчыненыя ўсе межы, а перад інфекцыямі і тым больш.
Загадчык супрацьэпідэміялагічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дзмітрый Галоцік спецыяльна для чытачоў партала Слушна пазначыл прынцыповыя моманты.
Інфекцыі падчас адпачынку
Ад халеры і тыфу не заракайся
Па дадзеных нашых эпідэміялагічных службаў, штогод у краіне фіксуюцца выпадкі завозных інфекцый. Вяртаючыся на радзіму з далёкіх і не вельмі краінаў, адпускнікі і вандроўнікі раз-пораз прывозяць «багаж» якой-небудзь хваробы. Тут і ротавірус, і гепатыт А, і брушны тыф, і халера, і малярыя, і адзёр... Тое, чаго ў Беларусі ці даўно няма, ці не было ніколі. Вязуць з паспяховай Еўропы, экзатычных Індыі і Тайланда, Турцыі, Егіпта, Туніса, Кіпра…
Даволі часта крыніцай інфекцый для бесклапотнага турыста служыць ежа або пітво, а прычынай – грэбаванне элементарнымі правіламі бяспечных харчовых паводзінаў. Існуюць універсальныя правілы на кожны дзень, прыдатныя ў любым пункце зямнога шара.
Што тычыцца выезду ў іншыя краіны, асабліва экзатычныя, лікбез па бяспечных харчовых паводзінах прадугледжвае яшчэ большую строгасць і абмежаванні.
Як не падчапіць кішэчны вірус. Простыя правілы
- Мыйце рукі перад ежай.
Гэта – адзін з самых надзейных спосабаў абараніцца ад кішэчных інфекцый. А большасць харчовых атручванняў і кішэчных расстройстваў, як сцвярджаюць спецыялісты, – следства брудных рук. Таму чым часцей вы іх будзеце мыць, тым лепей. Выпраўляючыся ў далёкую дарогу, абавязкова вазьміце з сабой антысептычны гель для рук або вільготныя сурвэткі з антысептыкам. Імі можна і трэба скарыстацца, калі побач не апынецца кавалак мыла і кран з праточнай вадой.
- Заўсёды майце пры сабе пітную ваду і не піце з невядомых крыніц.
Пажадана, каб запас вады быў і на выпадак, калі давядзецца вымыць рукі. Мыць рукі і прадукты ў марской вадзе нельга! У сэнсе, можна, вядома, але гэта ніякім чынам не абароніць вас ад рызыкі падчапіць кішэчны вірус. Хутчэй наадварот – павялічыць верагоднасць.
- Не бярыце ў дарогу прадукты, якія хутка псуюцца.
У ссабойку лепей пакласці тое, што не псуецца ад працяглага захоўвання: сухары, сушкі, мюслі, садавіну, арэхі, сухафрукты... А вось малочныя і кісламалочныя прадукты, каўбасы, хатнія катлеты, пірожныя з крэмам у дарогу з сабой лепей не браць. Бо яны патрабуюць пэўных умоў для захоўвання, а пры пакаёвай тэмпературы ўжо літаральна праз пару гадзін робяцца добрай глебай для размнажэння патагенных мікраарганізмаў.
- Падчас адпачынку падсілкоўвайцеся ў месцах арганізаванага харчавання або тых, якія рэкамендуе тураператар.
Стрыт-фуд з'яўляецца часткай гастранамічнай культуры многіх краін свету, таму спакуса пакаштаваць вулічную ежу, напэўна, будзе высокай. Але ўсё ж варта памятаць пра тое, што рызыка перакусіць якім-небудзь кішэчным вірусам таксама немалая.
- Не ўжывайце морапрадукты і стравы з іх, калі ўмовы прыгатавання, захоўвання і продажу выклікаюць у вас хаця б пэўныя сумневы.
Морапрадукты на ажыўленых курортах часцяком здабываюцца ў не самай чыстай частцы воднай прасторы – прыбярэжнай зоне. Многія краіны без сарамлівасці скідаюць туды свае сцёкі, адпаведна, у вадзе назапашваецца вялікая колькасць хваробатворных мікраарганізмаў. Морапрадукты з'яўляюцца свайго роду фільтратамі і, прыгатаваныя з парушэннямі тэхналогій і ўмоў захоўвання, могуць служыць крыніцай інфекцый.
- Не каштуйце ежу на рынках.
Агародніну, зеляніну, садавіну неабходна старанна мыць перад ужываннем. Гэта тычыцца нават тых прадуктаў, лупіна якіх неядомая (так, бананы абавязкова трэба мыць перад тым, як чысціць!), а таксама сухафруктаў (разынак, курагі, чарнасліву і г.д.).
- Лепш устрымайцеся ад гастранамічнай экзотыкі і не ўжывайце стравы з сырога мяса і фаршу.
Сырая свініна (асабліва печань), мяса дзіка, аляніна – устаноўленыя крыніцы інфіцыравання вірусным гепатытам Е, які надзвычай небяспечны для цяжарных жанчын. Гэтая інфекцыя мае па большай частцы «завазны» характар і прыязджае ў Беларусь з краін, дзе вялікай папулярнасцю карыстаюцца стравы з сырога мяса і мяса з крывёю. Знізіць верагоднасць заражэння можна, ужываючы ў ежу прадукты, якія прайшлі дасканалую тэрмічную апрацоўку.
- Старайцеся не дапускаць пападання ў рот вады з месцаў купання і тым больш не праглынайце яе!
Давайце будзем сумленнымі. Культура тых, хто адпачывае на грамадскіх пляжах, яшчэ вельмі далёкая ад ідэальнай. Таму выключаць верагоднасць таго, што хтосьці выкарыстоўвае мора ў якасці месца для спраўлення малой патрэбы, на жаль, нельга. Акрамя таго, вада можа мець шмат мікраводарасцяў, адны з якіх выклікаюць у чалавека страўнікавыя расстройствы. У асноўным, яны жывуць у прыбярэжнай вадзе Атлантычнага, Ціхага і Індыйскага акіянаў, а таксама ў Міжземным моры. Але па-за залежнасці ад таго, дзе вы адпачываеце, пасля купання правільным будзе прыняць душ і прапаласкаць горла чыстай вадой.
Аптэчка турыста на выпадак кішэчных інфекцый
Як вядома, беражонага Бог беражэ. Дасведчаныя вандроўнікі ведаюць, што выпраўляцца ў чужыя краіны без сваёй аптэчкі не варта.
Намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска Алег Вельгін лічыць, што на выпадак кішэчных інфекцый добра мець з сабой:
- Рэгідрацыйныя сумесі.
Спецыяльны парашок для прадухілення абязводжвання і папаўнення дэфіцыту электралітаў пры ванітах і дыярэі. Парашок разводзяць у гатаванай вадзе, раствор п'юць малымі порцыямі ў аб'ёме ад 1,5 літра ў суткі;
- Энтэрасарбенты для хутчэйшага вывядзення таксінаў з арганізма.
Самы даступны і папулярны прэпарат – актываваны вугаль;
- Прэпараты для нармалізацыі мікрафлоры кішэчніка (панкрэатын і аналагі);
- Антыбактэрыяльныя прэпараты.
Цыфраплаксацын – адзін з прэпаратаў, які рэкамендаваны ў аптэчку турыста. Але трэба ўлічыць, што ён прадаецца выключна па рэцэпце. Са сродкаў вольнага водпуску – кішэчны антысептыкніфураксазід.
Але самае дакладнае рашэнне – пры праяве першых сімптомаў кішэчнай інфекцыі звярнуцца па кваліфікаваную медыцынскую дапамогу і не займацца самалячэннем.
Пра асаблівасці і перавагі медыцынскага страхавання перад выездам у іншую краіну таксама можна прачытаць на нашым партале.
Прышчэпка ад ротавірусу
Пазбегнуць шматлікіх непрыемнасцяў на адпачынку можна пры дапамозе спецыфічнай імунапрафілактыкі. Галоўнае – зверыцца з Нацыянальным календаром прышчэпак і загадзя зрабіць неабходную.
Аднак вакцынацыя ад ротавірусу, пра якую апошнім часам усё часцей пішуць сайты замежных тураператараў, у Нацыянальны каляндар прышчэпак не ўваходзіць. Чаму – мы даведаліся ў загадчыцы аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Веранікі Высоцкай.
Па словах эксперта, у Беларусі рэгулярна праводзіцца ацэнка патрэбы ў такой вакцынацыі, але попыт на яе традыцыйна нізкі. Магчыма, гэта звязана з тым, што ад ротавірусу прышчапляюцца дзеці першых 3-х гадоў жыцця. У больш старэйшым узросце эфектыўнасць прышчэпкі або адсутнічае, або вельмі нязначная.
У краіне афіцыйна зарэгістраваная вакцына РотаТэк, але з-за вельмі нізкага попыту пастаўшчыкі ў Беларусь яе практычна не возяць.
Так што лепшая абарона ад ротавірусу ды іншых кішэчных інфекцый – гэта перш за ўсё ахайнасць: як у дачыненні да асабістай гігіены, так і ў выбары прадуктаў харчавання. Бо адпачынак і падарожжы закліканыя ўмацаваць здароўе, а не нашкодзіць яму.
У гэтым матэрыяле можна прайсці своеасаблівы тэст і праверыць схільнасць да рызыкі кішэчных інфекцый.
https://bel.24health.by/opasnaya-nachinka-profilaktika-i-lechenie-kishechnyx-infekcij-letom/