Намафобія (ад англ. No mobile-phone phobia) – страх і паніка з-за адсутнасці тэлефона. Гэтага дыягназу яшчэ няма ў класіфікацыі хваробаў, але такая прапанова ўжо разглядаецца. У англамоўным сегменце інтэрнэту гэтай фобіі прысвечана нямала артыкулаў і даследаванняў.
Мы сабралі асноўныя факты: прычыны, сімптомы, лячэнне і тэст, які дапаможа пастлумачыць, ці няма ў вас першых прыкметаў заняволення тэлефонам.
Сімптомы залежнасці ад тэлефона
Намафобія – сучаснае расстройства, якое больш распаўсюджанае сярод падлеткаў.
Няма нічога дрэннага і паталагічнага, што ў лічбавую эпоху смартфоны робяцца практычна працягам чалавека, да таго часу, пакуль гэта не пачынае выклікаць фізічныя і эмацыянальныя праблемы, шкодзіць адносінам, працы і здароўю.
Эмацыянальныя сімптомы намафобіі ўключаюць неспакой, страх або паніку пры думцы, што ў вас няма тэлефона, вы не можаце яго знайсці, выкарыстаць ці праверыць. Пры гэтым вы разумееце, што ваш страх празмерны, непрапарцыянальны адносна таго, што здарылася. Намафобія можа выяўляцца фізічна: цяжар у грудзях, дрыжыкі, узмацненне потавыдзялення, адчуванне слабасці, галавакружэння або дэзарыентацыі, пачашчанае сэрцабіцце.
Першыя званочкі
Вось некаторыя прыкметы, якія кажуць пра фарміраванне нездаровай залежнасці ад смартфона, якая можа прывесці да фобіі.
- Вы правяраеце тэлефонныя апавяшчэнні на працягу ночы.
- Губляеце цікавасць да дзеянняў, якія не звязаныя са смартфонам.
- Перапыняеце размову з чалавекам тварам да твару, каб адказаць на званок ці тэкставае паведамленне.
- Выкарыстоўваеце тэлефон, каб пазбегнуць сацыяльнага ўзаемадзеяння.
- Звяртаецеся да тэлефона, калі робіцца няёмка.
- Пастаянна правяраеце смартфон без прычыны.
- Адчуваеце фантомныя вібрацыі тэлефона.
- Знаходзіцеся ў смартфоне падчас вучобы ці працы.
- Панікуеце альбо вельмі турбуецеся, калі тэлефон застаўся дома.
Пабочныя эфекты для здароўя
Ужо існуюць красамоўныя тэрміны, якія апісваюць хваравіты стан, выкліканы некантралюемым выкарыстаннем смартфона.
IPosture и text Neck – дрэнная пастава ад пастаяннага набору тэкставых паведамленняў, з-за чаго ўзнікае боль у спіне і шыі.
Text Claw – скурчаныя пальцы, скаваныя запясці ад дробнай маторыкі для смс-паведамленняў і пракруткі на смартфоне, што выклікае мышачны боль.
Phone Elbow («тэлефонны локаць») – доўгае выкарыстанне смартфона можа выклікаць боль, смыленне, здранцвенне ці паколванне ў локці.
Яшчэ адно наступства – перарывісты сон. Святло ад смартфонаў, пастаянныя паведамленні альбо адчуванне неабходнасці заставацца на сувязі парушаюць звыклы рэжым сну.
Скарачаецца інтэрвал увагі. Ужо вядома, што падлеткі маюць меншы інтэрвал увагі, чым залатая рыбка, – менш за 8 секунд.
Сіндром камп'ютарнага зроку. Калі глядзець на дробны тэкст і пракручваць змест, гэта можа выклікаць стомленасць вачэй, памутненне зроку, галавакружэнне і сухасць вачэй.
Акрамя таго, залежнасць ад смартфонаў вядзе да рызыкоўных паводзінаў, напрыклад, набору паведамленняў або прагляду відэа падчас ваджэння.
Негатыўна намафобія ўплывае і на кагнітыўныя здольнасці. Прыводзяцца дадзеныя даследавання, у якім узялі ўдзел больш за 500 студэнтаў-стаматолагаў. Амаль 40% удзельнікаў пагадзіліся, што іх нізкія адзнакі можна растлумачыць празмерным знаходжаннем з тэлефонам у руках.
Прычыны залежнасці ад тэлефона
Тэорый паходжання новай фобіі некалькі. Некаторыя вучоныя лічаць, што яе выклікае страх ізаляцыі. Калі тэлефон – асноўны спосаб сувязі з людзьмі, без яго будзе адзінока. Іншая прычына – страх быць недаступным.
Доктар Дэвід Грынфілд тлумачыць намафобію тым, што «смартфоны, па сутнасці, з'яўляюцца самым маленькім гульнявым аўтаматам у свеце». Смартфоны апавяшчаюць карыстальнікаў з дапамогай гукавых сігналаў – падобна да таго, як гульнявы аўтамат сігналізуе пра выйгрыш гукам манетаў, якія падаюць. Калі тэлефон пасылае сігнал, мозг вылучае дофамін – гармон добрага настрою. Чым больш апавяшчэнняў, тым больш дафаміну – так і нараджаецца залежнасць, тлумачыць доктар.
Як пазбавіцца ад залежнасці ад тэлефона?
З намафобіяй трэба ісці да псіхатэрапеўта/псіхіятра. Яны могуць выкарыстоўваць кагнітыўна-паводніцкую, экспазіцыйную тэрапію і тэрапію залежнасцяў. Кагнітыўна-паводніцкая тэрапія вучыць кіраваць негатыўнымі думкамі і пачуццямі, якія ўзнікаюць з-за немагчымасці выкарыстоўваць тэлефон.
Напрыклад, думку «Калі я страчу свой тэлефон, дык ніколі не змагу больш размаўляць са сваімі сябрамі» тэрапеўт прапануе перафармуляваць на больш лагічную: «Усе мае блізкія побач, я сустрэнуся з імі і запоўню кантакты на новым тэлефоне. Гэта не канец свету». Экспазіцыйная тэрапія вучыць супрацьстаяць свайму страху. Кіраванне страхам можа дапамагчы выкарыстоўваць тэлефон больш здаровымі спосабамі.
Як дапамагчы сабе самастойна
- Выключайце тэлефон на ноч. Калі патрэбны будзільнік, трымайце тэлефон на адлегласці, каб уначы цяжка было да яго дацягнуцца.
- Паспрабуйце пакінуць тэлефон дома на кароткі час, напрыклад, калі ідзяце ў прадуктовую краму.
- Выдзяляйце час штодня, калі выключыце тэлефон і засяродзіцеся на чымсьці адным.
- Выкарыстоўвайце дадаткі для самарэгуляваных смартфонаў. Ёсць дадаткі (напрыклад, Hold), якія стымулююць змяншаць час карыстання тэлефонам.
- Аднавіце сямейныя вячэры: гутаркі падчас ежы дапамогуць адцягнуць увагу ад смартфона.
Тэст на залежнасць ад тэлефона
Для вызначэння рызыкі і ступені намафобіі выкарыстоўваюць шкалу з 20 пытанняў (NMP-Q).
Ацаніце кожнае выказванне па 7-бальнай сістэме, дзе 1 – зусім не згодны, 2 – не згодны, 3 – часткова не згодны, 4 – ні тое, ні другое, 5 – згодны, 6 – часткова згодны, 7 – цалкам згодны.
- Я адчуваў бы сябе некамфортна без пастаяннага доступу да інфармацыі праз мой смартфон.
- Я быў бы раздражнёны, калі б не мог шукаць інфармацыю на сваім смартфоне тады, калі захачу.
- Немагчымасць атрымліваць навіны на смартфоне прымусіла б мяне нервавацца.
- Я быў бы раздражнёны, калі б не мог выкарыстоўваць свой смартфон/яго магчымасці тады, калі захачу.
- Разраджаная батарэя ў смартфоне выклікала б у мяне спалох.
- Калі б у мяне скончыліся сродкі на балансе мабільнага або месячны трафік, я б запанікаваў.
- Калі б на смартфоне не было сігналу ці я не мог бы падлучыцца да Wi-Fi, дык пастаянна правяраў бы, ці не з'явіўся сігнал або інтэрнэт.
- Я б баяўся апынуцца ў сітуацыі, калі не меў бы доступу да смартфона.
- Калі б я не мог правяраць свой смартфон пэўны час, у мяне было б жаданне праверыць яго.
Калі б у мяне не было майго смартфона...
- Я адчуваў бы неспакой, бо не мог бы ў любы момант звязацца з сям'ёй/сябрамі.
- Я быў бы занепакоены, бо мая сям'я/сябры не маглі б звязацца са мной.
- Я б нерваваўся, бо не мог бы адказваць на паведамленні і званкі.
- Я быў бы ўсхваляваны, бо не мог бы падтрымліваць сувязь з сям'ёй/сябрамі.
- Я б нерваваўся, бо не мог бы ведаць, ці спрабаваў хто-небудзь звязацца са мной.
- Я адчуваў бы неспакой, бо мая пастаянная сувязь з сям'ёй і сябрамі была б парушаная.
- Я б нерваваўся, бо быў бы адключаны ад свайго профілю.
- Мне было б некамфортна, бо я не мог бы заставацца ў курсе таго, што адбываецца ў сацыяльных сетках.
- Я адчуваў бы сябе некамфортна, бо не мог бы атрымліваць апавяшчэнні пра актыўнасці на маіх старонках у сацсетках.
- Я адчуваў бы неспакой, бо не мог бы праверыць электронную пошту.
- Я б не ведаў, што рабіць.
Балы | Вынікі |
20 | Намафобія адсутнічае |
21–59 | Нязначны ўзровень намафобіі |
60–99 | Умераны ўзровень намафобіі |
100–140 | Моцная намафобія |
https://bel.24health.by/zhyccyo-anlajn-karysnyya-lajfxaki-dlya-lichbavaga-detaksu/