На жаль, прывыкшы да замежнага, мы досыць часта адкідаем сваё. І сёння слушна давядзём, што нашая анімацыя – вартая ўвагі! Чаму?
- Анімацыя «Беларусьфільма» разлічана на людзей розных узростаў. Таму звыклае «мульцікі для малых» тут не працуе. Кожны знойдзе сабе штосьці да душы.
- Беларускія мультыплікатары выкарыстоўваюць розныя тэхнікі: лялечныя, маляваныя, перакладкавыя, сыпкія (пясочныя), пластылінавыя і камбінаваныя. Дзякуючы гэтаму кожны анімацыйны фільм ператвараецца ў сапраўдны твор мастацтва. Цікава разглядаць дэталі, якія не адразу кідаюцца ў вочы. І адчуваць душу майстра.
- Беларускамоўныя мультфільмы дапамагаюць падцягнуць веданне роднай мовы.
Топ-10 анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі
1. «Магістр вольных мастацтваў», 2018 (13 хвілін)
Анімацыйны фільм Алены Пяткевіч знаёміць з жыццём і справамі Францыска Скарыны: беларускага першадрукара, медыка і грамадскага дзеяча. Мульцік выдатна пасуе для сямейнага прагляду.
2. «Ложка для солдата», 2015 (10 хвілін)
Гісторыя пра мацярынскую любоў, здольную перавярнуць горы. Падзея адбываецца ў гады вайны. Малады салдат адпраўляе маці доўгачаканы ліст, у якім паведамляе, што жывы і здаровы.
Паміж словам кажа, што ў баі страціў сваю лыжку, а без яе як без рук. Даведаўшыся пра праблему сына, маці вырашае дапамагчы сыну і адпраўляе незвычайную пасылку. Так пачалося падарожжа лыжкі праз фронт.
Цікава, што мастацкая асаблівасць карціны нагадвае відэазапіс праходжання камп'ютарнай гульні. Мультфільм варты для прагляду ўсёй сям’ёй.
3. «Марк Шагал. Начало», 2016 (12 хвілін)
Рэжысёр Алена Пяткевіч расказвае пра дзяцінства вядомага беларускага мастака ў Віцебску. Аўтар цудоўным чынам пераплятае жыццё з творчасцю свайго героя. Фільм падыдзе для дарослых альбо для прагляду са старэйшымі дзецьмі.
4. «Паданне пра гуслі», 2019 (10 хвілін)
Кранальная гісторыя пра хлопчыка, бацька якога пайшоў на вайну. Адчуўшы нядобрае, малы вырашае выправіцца на пошукі татавай арміі, каб выратаваць яго. Гэты мультфільм падыдзе для аматараў душэўнай і прыгожай анімацыі.
5. «Боевая машина», 2017 (10 хвілін)
Ваенная анімацыйная меладрама Наталлі Касцючэнкі пра каханне танкіста і настаўніцы. Маладых людзей разлучыла вайна і невядома, ці змогуць яны быць разам... Мультфільм спалучае дзве тэхнікі: камп’ютарную графіку і класічны малюнак.
6. «Вясна ўвосень», 2015 (9 хвілін)
У дзяўчынкі Аленкі захварэў брацік Янка. Ні адзін прапісаны доктарам сродак не дапамагаў хлопчыку паправіцца. Лежачы ў ложку, ён прасіў, каб засвяціла сонейка. На вуліцы была хмурная восень, калі праменьчыкі – рэдкасць. Тады Аленка вырашыла ўгаварыць сонца, каб яно зазірнула ў акенца Янкі. Добры мульцік, створаны паводле казкі Уладзіміра Караткевіча. Ён спадабаецца нават самым маленькім гледачам.
7. «Данте Беатриче», 2019 (13 хвілін)
Гісторыя пра дзяцінства і юнацтва італьянскага паэта, аўтара знакамітай «Боскай камедыі», пра яго каханне да Беатрычэ. Мультфільм для дарослых.
8. «Волчишко», 2018 (9 хвілін)
Малое ваўчаня жыве ў лесе, і аднойчы яго знаходзіць чалавек і забірае дадому. Жыццё галоўнага героя мяняецца. Цяпер побач з ім людзі, цывілізацыя і новыя суседзі, аднак успаміны пра мінулае часам усплываюць у памяці. Анімацыйны фільм для сямейнага прагляду.
9. «Рыбка по имени нельзя», 2011–2016 (6 хвілін)
Пацешны мультсерыял Аляксандра Ленкіна пра непаседлівую рыбінку з сямейкі залацістых карасёў нікога не пакіне абыякавым. Назіраць за прыгодамі вясёлага гарэзы спадабаецца і дзецям, і дарослым. У мульціку шмат увагі надаецца сямейным каштоўнасцям, стасункам паміж героямі.
10. «Тошка и его друзья», 2017 (13 хвілін)
Прыгодніцкая камедыя для дзяцей. Галоўныя героі беларускага мультсерыяла – ародніна, і ў цэнтры хлопчык-бульбінка па імені Тошка. Мульцік вучыць выходзіць са складаных жыццёвых сітуацый, сябраваць і дапамагаць адно аднаму. Гісторыі пра Тошку лёгка складуць канкурэнцыю замежным мульцікам пра Свінку Пэпу ды іншых.
Сёлета студыі анімацыйных фільмаў споўнілася 50 гадоў. За час яе існавання было створана каля 220 карцін па літаратурных творах і сцэнарыях аўтараў. Глядзіце – сваё!